«Берасьцейская вясна» праверыла зьмены за апошнія тры месяцы ў базе вышуку Расеі, якая даўно сынхранізавала базу пошуку зь Беларусьсю. Праваабаронцы знайшлі там некалькі новых імёнаў людзей зь Берасьцейскай вобласьці, якіх шукаюць з ініцыятывы ўладаў Беларусі.
Адзін зь іх — Віталь Бандарук. Зь беларускай калёніі яго ў верасьні 2025 году выслалі ў Літву. За мяжой ён адкрыта расказваў пра досьвед за кратамі. Вядзе ўласны відэаблог. З 27 кастрычніка ён у расейскім вышуку на запыт УУС Берасьцейскага аблвыканкаму.
Пры гэтым Бандарук ужо пасьпеў улезьці ў скандал у беларускай супольнасьці. На сваёй старонцы ён напісаў, што ненавідзіць беларускую мову і ня церпіць беларусаў, а вось палякаў, наадварот, паважае. Пра гэта пісала Наша ніва.
Таксама ў расейскай базе вышуку апынуўся Артур Халімончык. Ён цалкам адбыў тэрмін за пінскія пратэсты 2020 году, за якія яму далі 6 гадоў зьняволеньня. Пазьней Халімончык выехаў за мяжу, дзе размаўляў зь незалежнымі беларускімі мэдыямі.Яго дадалі ў расейскі вышук 14 верасьня.
Сярод новых імёнаў таксама пінчук Данііл Богнат. Яго таксама, як і Хлімончыка, судзілі з пратэсты ў Пінску. Ён адбыў 6-гадовы тэрмін зьняволеньня цалкам. У расейскі вышук зьвесткі на яго таксама падала берасьцейская абласная міліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Да 5 з паловай гадоў калёніі. Асудзілі другую групу абвінавачаных у «пінскай справе»Ува ўсіх трох у базе вышуку стаіць пазнака «вышук паводле артыкулу КК», але без удакладненьня, што гэта за артыкул.
Акрамя таго, сёньня стала вядома, што ў расейскім вышуку апынуўся й вядомы музыка Сяржук Доўгушаў зь вёскі Тарчылава Аршанскага раёну. І ў інфармацыі пра яго расейцы таксама не ўдакладняюць, які крымінальны артыкул завялі супраць музыкі на радзіме.
Што гэта значыць
Падобныя факты дадаваньня былых палітвязьняў і вядомых асобаў у вышук праваабаронцы называюць інстытуцыйным перасьледам. Часта для перасьледу па лініі Інтэрполу сілавікі выстаўлялі супраць таго, каго перасьледуюць, артыкулы КК, не зьвязаныя з палітычнымі падзеямі, каб мець шанец на выдачу чалавека ў Беларусь.
Былыя палітвязьні, сілай вывезеныя зь Беларусі альбо змушаныя пакінуць радзіму празь невыносныя нормы нагляду і абмежаваньні рахункаў і працоўных магчымасьцяў, масава і ня першы год сьведчаць пра тое, што перасьлед палітычных вязьняў не спыняецца з вызваленьнем з турмы. Прапаганда шырока расказвае пра іх выпушчэньне на волю, але адразу пасьля выхаду з калёній з такімі людзьмі ставяць пільны нагляд.
Акрамя таго, людзям, залучаным у палітычную ці грамадзкую дзейнасьць за межамі краіны, пішуць у сацыяльных сетках сілавікі з пагрозамі або спробамі вэрбаваньня.