Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 5 з паловай гадоў калёніі. Асудзілі другую групу абвінавачаных у «пінскай справе»


Пратэсты ў Пінску, Пінск, 9 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Пінску, Пінск, 9 жніўня 2020 году

6 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця агучылі прысуд яшчэ 10 фігурантам «пінскай справы».

Выракі вынесла судзьдзя Вера Філонік. Падсудных прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году.

Пінчукам прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі з адбываньнем ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму на розныя тэрміны:

  • Аляксандру Лапуху — 5 гадоў і 6 месяцаў;
  • Сяргею Цібцу, Валянціну Колбу (мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней Валянцін перанёс інфаркт, пасьля затрыманьня ў яго здарыўся сардэчны прыступ. — РС), Андрэю Хвескаўцу — 5 гадоў кожнаму;
  • Леаніду Германовічу, Андрэю Мацуку, Аляксандру Шандыбу — 4 гады і 6 месяцаў кожнаму;
  • Сяргею Волкаву (актор Палескага драматычнага тэатру), Аляксандру і Сяргею Шаламіцкім — па 4 гады зьняволеньня.

Такія ж тэрміны прасілі раней пракуроры Міхаіл Дайнэка і Сьцяпан Ляшок.

Што тычыцца пазоваў пацярпелых па кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, іх разгледзяць асобна.

На судзе ніхто з абвінавачаных не прызнаў пазоўныя патрабаваньні пацярпелых і грамадзянскія пазовы, акрамя Аляксандра Лапуха, які кампэнсаваў пашкоджаньне лаўкі.

У чым абвінавацілі фігурантаў:

  • ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
  • у закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
  • закліках «біць сілавікоў»,
  • пашкоджаньні маёмасьці,
  • кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
  • ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».

Што пінчукі сказалі ў «апошнім слове»


Суд над новымі новымі фігурантамі «пінскай справы» распачаўся 31 траўня ў Берасьці. На паседжаньні 2 ліпеня фігуранты «пінскай справы» выступілі з апошнім словам. Падсудных працытаваў Праваабарончы цэнтар «Вясна»:

Актор Палескага драматычнага тэатру Сяргей Волкаў, якога, сярод іншага, абвінавачваюць у наўмысным кідку запальнічкі ў бок міліцыянта:

«Зь верай, што неўзабаве прагучыць і апраўдальны прысуд, дазволю сабе выказацца ад імя ўсіх пінчукоў, вязьняў сумленьня. Суд моцнага над слабым, пераможцы над пераможаным, па сутнасьці, зьяўляецца трыбуналам... Беларуская справядлівасьць — гэта, найперш, банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалёгія дае шуканае апраўданьне ліхадзейству. Законы, усталяваныя людзьмі, ня могуць супярэчыць законам сумленьня. Праўда адна, тым часам як хлусьня мае тысячы масак. Аднак усім нам варта памятаць словы з Эвангельля: „Якой мерай мераеце, такая і вам адмерана будзе; і спагоніцца з вас кожная кроў праведная, што вамі праліваецца; і ўсе, хто ўзяў меч, ад яго і загінуць“».


Інвалід 3-й групы Валянцін Колб:

«Не магу зразумець: калі, дапусьцім, ліцейшчык адліў нейкую загатоўку, токар вырабіў зь яе дэталь, прыйшоў прыбіральнік і падмёў стружку, а самалёт паваліўся, значыць, усім трэба даць па 10 гадоў турмы? Калі органы праваахоўныя недапрацавалі, тых, хто сапраўды там біўся, не злавілі, трэба, атрымліваецца, адыграцца на нас, якія там апынуліся зусім выпадкова? Мне здаецца, прэзумпцыя невінаватасьці дзесьці схавалася ў лесе. Нам трэба даказваць чамусьці, што мы [невінаватыя]. У абвінавачаньні, я разумею, агульныя фразы, нічога канкрэтнага. Мне здаецца, па такіх абвінавачаньнях патрэбны жалезныя доказы. А жалезных доказаў няма, абсалютна! Фэміда спачатку выпусьціла шалі, але ня хочацца, каб яна яшчэ і заплакала, каб сьлёзы пацяклі з-пад павязкі».


Падсудны Андрэй Моцук:

«Перш за ўсё я б хацеў зьвярнуцца да сваіх родных і блізкіх. Прашу прабачэньня ў вас за тое, што ўцягнуў вас у гэтую жудасную сытуацыю. Але прашу вас: не хавайце позірк, ваш сын не злачынец! Ваш сын нікога не забіў, нічога ня скраў, нікога не падмануў... А ўсяго хацеў — лепшай долі... І тады (у ноч з 9 на 10 жніўня, у дзень сутыкненьняў сілавікоў з пратэстоўцамі каля будынка гарвыканкаму. — РС), і цяпер я лічу, што вынікі сфальсыфікавалі. Падзеі, якія наступілі ў далейшым, паказалі толькі слушнасьць маіх слоў...»

Прысуд першай частцы фігурантаў — бязь зьменаў , але пералічылі тэрміны пакараньняў

30 красавіка першай групе фігурантаў ужо прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. 14 палітвязьняў таксама мусяць выплаціць каля 201 тысячы рублёў кампэнсацыі пацярпелым сілавікам і чыноўнікам. Сёньня, 6 ліпеня, абласны суд Берасьця разглядзеў апэляцыю на прысуд палітвязьняў, пасьля чаго прыняў рашэньне пакінуць пакараньне бязь зьменаў. Разам з гэтым ім пералічылі тэрміны пакараньня згодна з апошнімі зьменамі ў Крымінальным кодэксе, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Такім чынам:

  • Багнавец Раман, Халімончык Артур, Рагашчук Вячаслаў, Гунько Рыгор, Міхайлаў Станіслаў, Маўшук Алена ўжо адбылі замест 329 дзён пакараньня — 493,5 дня;
  • Шалямет Вячаслаў, Рубец Алег, Богнат Данііл замест 328 дзён — адбылі ўжо 492;
  • Салавей Ігар, Цярэшка Аляксандар замест 305 дзён — 457,5;
  • Масьціцкі Дэвід замест 306 дзён — 459;
  • Ляжэнка Сяргей замест 288 дзён — 432;
  • Маўшук Сяргей замест 67 дзён — 100,5.

Фонд BYSOL адкрыў пэрсанальны збор для сем'яў асуджаных пінскіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG