Ужо сёньня: 100 гадоў акадэмічнай канфэрэнцыі, на якой пастанавілі ўвесьці асобныя літары для дж і дз

Вокладка зборніку матэрыялаў Акадэмічнае канфэрэнцыі 1926 г. Фрагмэнт

Падзеі 14 лістапада ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

1926 — у Менску пачалася 1-я Беларуская акадэмічная канфэрэнцыя ў пытаньнях рэформы беларускага правапісу і азбукі.

На ёй скасавалі «недарэчнасьць» у выглядзе літары Йй і пастанавілі пісаць Jj для пазначэньня адпаведнага зычнага гуку ў пачатку і ў канцы складу.

А таксама вырашылі замяніць дыграфы дз і дж асобныімі літарамі ђ і ћ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Канцатыдзень (мяккай) беларусізацыі. Пра Акадэмічную канфэрэнцыю 1926 г.

Дзень у гісторыі

1864 — арыштаваны Ясафат Агрызка, ураджэнец Лепельшчыны, журналіст і выдавец, камісар паўстанцкага ўраду ў Санкт-Пецярбургу. Да 1877 быў на катарзе ў Сыбіры. Памёр у ссылцы.

1913 — у Парыжы апублікаваны першы раман Марсэля Пруста «Ў бок Свана» з цыклю «Ў пошуках страчанага часу». Выдавецтвы адмаўляліся браць гэты нестандартны твор, і Прусту давялося друкаваць яго за свае грошы. Цяпер цыкль лічыцца адным з найважнейшых твораў сусьветнай літаратуры. У 2018 годзе асобнік гэтага выданьня з дарчым надпісам Пруста прадалі на аўкцыёне за 1,5 мільёна эўра — рэкордную суму для францускай літаратуры.

Марсэль Пруст

1919 — генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч падаў заяву пра пераход са сваім атрадам на службу БНР і дэклярацыю аб беларускім грамадзянстве.

1920 — пачаў працу Зьезд Случчыны. 107 дэлегатаў з навакольля Слуцку прынялі дакумэнт, які абвяшчаў у рэгіёне ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і выказваў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Таксама зьезд абраў Раду Случчыны, у склад якой увайшлі Ўладзімер Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Павал Жаўрыд і яшчэ 14 асобаў. Яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіраваньня на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю. Неўзабаве яна сфармавала беларускія вайсковыя аддзелы, якія 27 лістапада пачалі змаганьне з Чырвонай арміяй.

Крыж у Грозаве ў памяць пра слуцкіх паўстанцаў

1939 — Заходнюю Беларусь афіцыйна ўключылі ў склад БССР.

1996 — за дзесяць дзён да канстытуцыйнага рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка сваім указам адхіліў Віктара Ганчара ад пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі і прызначыў выконваць яго абавязкі Лідзію Ярмошыну. Гэтае рашэньне парушала тагачасную Канстытуцыю, паводле якой старшыню ЦВК абіраў Вярхоўны Савет. У верасьні 1999 году Ганчар быў выкрадзены і зьнік бязь вестак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад «абсалютна незалежнага» да «цалкам адданага». Расказваем, хто і як кіраваў ЦВК зь першых выбараў да апошніх

2024 — у Беларусь зь Віетнаму прымусова даставілі Васіля Верамейчыка, былога байца палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваяваў на баку Ўкраіны супраць расейскага ўварваньня. У Віетнам ён выехаў пасьля таго, як Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забараніла знаходжаньне ў Эўразьвязе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сэрца можа проста ня вытрымаць». Жонка палітвязьня Васіля Верамейчыка — пра ягоны стан у калёніі

У гэты дзень нарадзіліся

1812 — Паўлюк Багрым, беларускі паэт і каваль. Вядомы вершам «Зайграй, зайграй, хлопча малы».

Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
І ў маскалі не аддалі.

Паўлюк Багрым

1836 — Міхал Эльвіра Андрыёлі, мастак, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гадоў.

Міхал Эльвіра Андрыёлі. Войскі Грачэха. Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча

1840 — Клёд Манэ, францускі мастак, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму.

Клёд Манэ. «Скалы каля Дзьепу». Адна з карцін, скрадзеных 5 жніўня 2007 году з музэю ў Ніцы. Вернутая ў 2008-м.

1845 — Леанард Іваноўскі, гаспадарчы дзяяч, бацька выбітных дзеячоў розных нацыяў: беларусаў Вацлава і Алены, палякаў Ежы і Станіслава, літоўца Тадаса.

1881 — Аляксей Ка́йгарадаў, акадэмік, кліматоляг і геафізык, аўтар «Кліматычнага атлясу Беларусі».

1891 — Фрэдэрык Бантынг, канадзкі лекар і навуковец, адзін з адкрывальнікаў інсуліну як сродку лячэньня цукровага дыябэту. У 1923 годзе Бантынг атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію разам з Джонам Маклеадам.

1900 — Нічыпар Чарнушэвіч, беларускі паэт, перакладчык, драматург. Вязень ГУЛАГу.

1905 — Міхась Васілёк, беларускі паэт.

Заходнебеларускія паэты ў нямецкім палоне. Зьлева направа: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк. 1940

1907 — Міхась Ларчанка, беларускі літаратуразнаўца.

1907 — Астрыд Ліндгрэн, швэдзкая дзіцячая пісьменьніца, аўтарка кніжак пра Малога і Карлсана, Пэпі Доўгуюпанчоху і Роні, дачку разбойніка.

1912 — Янка Золак (Антон Даніловіч), беларускі паэт, празаік, выдавец. Быў адным з заснавальнікаў і шматгадовым галоўным рэдактарам часопіса «Беларуская думка».

1933 — Леанід Пракопчык, беларускі краязнаўца і пісьменьнік.

1950 — Уладзімер Кін-Камінскі, беларускі актор тэатру, кіно і радыёспэктакляў.

1968 — Зьміцер Бартосік, беларускі бард, пісьменьнік, журналіст. Ляўрэат літаратурнай прэміі Ежы Гедройця за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. 2022 (PDF) Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчыЗьміцер Бартосік. Клініка кітайскага дантыста

У памяці

1263 — памёр Аляксандар Неўскі, князь наўгародзкі, цьвярскі, вялікі князь кіеўскі, уладзімірскі. Увайшоў у гісторыю дзякуючы перамогам над швэдзкім войскам на Няве ў 1240 годзе і над рыцарамі Лівонскага ордэну на Чудзкім возеры ў 1242 годзе. Адначасова прызнаваў вярхоўную ўладу мангольскіх ханаў. Залічаны Расейскай праваслаўнай царквой да сьвятых.

1398 — Андрэй Ястрэбец (Васіла), першы віленскі біскуп.

1716 — Готфрыд Ляйбніц, нямецкі матэматык і філёзаф.

1831 — Георг Гегель, нямецкі філёзаф.

Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель

1942 — загінуў у баі Канстанцін Заслонаў, савецкі партызанскі камандзір, які дзейнічаў са сваім загонам на Аршанскім чыгуначным вузьле.

1978 — Уладзімер Клішэвіч, паэт, вязень ГУЛАГу.

1986 — Мікола Ўлашчык, гісторык і археограф, краязнавец, вязень ГУЛАГу.

2008 — Генадзь Кісялёў, гісторык, літаратуразнавец, пісьменьнік і археограф.

Генадзь Кісялёў

2008 — Аляксандар Дракахруст, паэт і перакладчык.

2011 —​ Анатоль Белы, беларускі грамадзка-культурны дзяяч, навуковец, калекцыянэр, старшыня Менскага культурна-асьветніцкага грамадзкага клюбу «Спадчына», стваральнік прыватнага мастацкага музэю ў горадзе Старыя Дарогі (цяпер Старадароскі мастацкі музэй).

Анатоль Белы падчас ушанаваньня герояў Слуцкага збройнага чыну, 2008 год

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прапагандыстка Бондарава накінулася на музэй Белага ў Старых Дарогах: зьніклі бюсты і барэльефы Арсеньневай, Геніюш, Каліноўскага

2022 — памёр Ян Чыквін, беларускі паэт на Падляшшы, перакладчык, гісторык літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памёр паэт Ян Чыквін, апошні з пачынальнікаў беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы