Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр паэт Ян Чыквін, апошні з пачынальнікаў беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы


Ян Чыквін
Ян Чыквін

Сёньня, 14 лістапада 2022 году, на 83-м годзе жыцьця памёр у Бельску на Падляшшы прафэсар Ян Чыквін, беларускі паэт, перакладчык, гісторык літаратуры.

Разам зь Віктарам Шведам (пам. 2020), Аляксандрам Баршчэўскім (пам. 2022) і Сакратам Яновічам (пам. 2013) Ян Чыквін быў заснавальнікам Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» ў Беластоку ў 1958 годзе і адным з найбольш вядомых беларускіх літаратараў у Польшчы. Ён быў апошнім з жывых пачынальнікаў беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы.

Ян Чыквін нарадзіўся 18 траўня 1940 году ў Дубічах-Царкоўных на Падляшшы (тады ў БССР), закончыў беларускі ліцэй у Бельску, потым філялягічны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту (1964). З 1969 году стаў навуковым супрацоўнікам філіялу Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку, потым Варшаўскага ўнівэрсытэту, а потым Унівэрсытэту ў Беластоку.

Апошнія 30 гадоў Ян Чыквін нязьменна старшыняваў у Беларускім літаратурным аб’яднаньні «Белавежа» ў Беластоку. Заснаваў Бібліятэку літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», у якой выйшла больш за сотню зборнікаў паэзіі, прозы і літаратуразнаўчых кніг, прысьвечаных галоўным чынам беларускаму літаратурнаму руху ў Польшчы. У 1998 годзе заснаваў гадавы літаратурны часопіс «Тэрмапілы», які да апошняга часу выходзіў у Беластоку і друкаваў беларускіх аўтараў як з Падляшша, так і зь Беларусі.

Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», Беласток, 16 кастрычніка 1960. Ян Чыквін у першым радзе, другі зьлева.
Пісьменьнікі Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», Беласток, 16 кастрычніка 1960. Ян Чыквін у першым радзе, другі зьлева.

«Гэта быў адзін зь першых „белавежцаў“, — сказала Свабодзе пра Чыквіна беларуская літаратарка зь Беластоку Міра Лукша, якая цяпер дэ-факта кіруе Беларускім літаратурным аб’яднаньнем „Белавежа“. — Пачаў друкавацца з прозы, але стаў знакамітым паэтам. Чалавек вялікай эрудыцыі, навуковец, выдатны арганізатар беларускага культурнага і літаратурнага жыцьця. Я думаю, ён ня будзе забыты. Такіх людзей будзе нам моцна не хапаць. Зь яго адыходам канчаткова адышла эпоха пачынальнікаў беларускага літаратурнага руху на Падляшшы, эпоха нашых літаратурных аўтарытэтаў. Я, як вучаніца нашых „белавежцаў“, асабліва адчуваю гэтую вялікую страту для беларускай культуры».

Ян Чыквін — аўтар зборнікаў паэзіі «Іду» (1969), «Сьвятая студня» (1970), «Неспакой» (1977), «Сьветлы міг» (1989), «Кругавая чара» (1992), «Сьвет першы і апошні» (1997), «Крэйдавае кола» (2002), «Пры стале агнявым» (2021). У 1997 годзе выдаў зборнік літаратуразнаўчых нарысаў «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменьнікі замежжа».

Ян Чыквін

НАСІЛЬШЧЫК АМФАРЫ

Далёкае дваццатае сталецьце!
Яно як сон, якога немагчыма расказаць,
Ці як вада распырсканая, што з вышыні пральецца
На камень дзікі воляю нябёс.

Яно было жыцьцём маім. Яго я нёс
Ў сабе, як ў амфары каштоўнае віно
Нясуць, пасудзіну трымаючы за вушы,
Абачліва, каб ня надта боўталася там яно.

Шлях доўгі — і ўсё менш пітва у збане,
Ды і само начыньне ў трэшчынах маршчын:
Вось, вось сухое дно на дне прагляне;

Але ж ідзеш, нясеш і сябе трымаеш ў змане,
Што не пасьпее высахнуць яно ўсё і ўцячы,
Што будзе доўгае, яшчэ зь віном, вяртаньне.

2001 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG