Хроніка перасьледу 13 лістапада: супраць гісторыка Аляксандра Пашкевіча завочна завялі крымінальную справу

Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Супраць Аляксандра Пашкевіча завялі крымінальную справу

Аляксандар Пашкевіч вымушана пакінуў Беларусь у 2021 годзе, і сёлета ў кастрычніку яго абвясьцілі ў міждзяржаўны крымінальны вышук, а ягоны фотаздымак вывесілі на адмысловым стэндзе каля Лагойскага РАУС, паведамляе БАЖ.

Фотаздымак самога стэнда Аляксандр Пашкевіч разьмясьціў на сваёй старонцы ў Facebook.

Побач з фотаздымкам Пашкевіча пазначана, што яго шукаюць як падазраванага па справе, заведзенай за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ.

Паводле самога Аляксандра, падставай для крымінальнага перасьледу сталі гутаркі з яго ўдзелам на YouTube-канале Malanka Media, дзе разглядаліся пытаньні моўнай палітыкі ў Беларусі і грамадзкіх падзей. У лютым 2023 году Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла гэты мэдыяпраект «экстрэмісцкім фармаваньнем».

«Я даведаўся пра тое, што ў Беларусі супраць мяне заведзеная крымінальная справа, толькі нядаўна — калі сёлета ў кастрычніку прачытаў у інтэрнэце, што маё імя і прозьвішча ёсьць у міждзяржаўнай базе вышуку. Але ніякіх афіцыйных дакумэнтаў пра гэтую справу ў мяне няма», — кажа Пашкевіч.

Гісторык і публіцыст Аляксандар Пашкевіч, былы намесьнік рэдактара часопісаў «ARCHE Пачатак» і «Наша гісторыя» зьехаў зь Беларусі пяць гадоў таму, калі заўважыў празьмерную ўвагу да сябе з боку сілавых структур.

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года яго затрымалі на выбарчым участку № 103 ў Менску, дзе ён прысутнічаў як журналіст на падліку галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Арт-мэнэджара Алега Ларычава асудзілі на 7 гадоў калёніі

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» улады дадалі чатыры кнігі

А таксама старонкі групоўкі «Чорныя русы», якая дэманстратыўна ўзяла на сябе адказнасьць за парушэньне ў ноч з 5 на 6 кастрычніка 2026 году мяжы зь Латвіяй і пашкоджаньне латвійскай памежнай інфраструктуры.

  • Александр Прушинский — «Евроремонт для Беларуси» (кніга)
  • Евгений Рубашко — «Хлебные крошки. Сборник Тюремных стихов и текстов»
  • Ігар Случак — «Палітычная гісторыя беларускай мовы да 1996г.» (кніга)
  • Міхаіл Волчак — «Сацыятэхника пачатки» (кніга)
  • andrei_shlik (Threads)
  • Freedom BEL (Telegram)
  • ihar_kliashuk (Threads)
  • natalliamerynava9 (Threads)
  • thisminsk (Threads)
  • tolyn_tolyanich (Threads)
  • ЧЕРНЫЕ РУСЫ / Черные Русы (Сайт, YouTube, TikTok, Telegram, Telegram-чат)

КДБ абнавіў сьпіс асобаў, датычных да «тэрарыстычнай» дзейнасьці

У яго трапілі

  1. Сяргей Валодзька, 46 гадоў
  2. Віталь Васілько, 48 гадоў
  3. Ганна Вішняк, 34 гады
  4. Андрэй Кашанскі, 53 гады
  5. Павал Кізюк, 34 гады
  6. Алег Лабудзеў, 55 гадоў
  7. Арцём Літвінка, 41 год
  8. Юлія Нікіціна, 39 гадоў
  9. Уладзімер Носка, 63 гады
  10. Ігар Панкоў, 48 гадоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 лістапада: былому афіцэру КДБ Храловічу дадалі 1 год зьняволеньня

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончым цэнтрам «Вясна» на 13 лістапада 2026 году прызнаныя палітвязьнямі 878 чалавек, а праваабарончай ініцыятывай dissidentby — 929.