«Жыць трэба тут і цяпер». Каця Пытлева — пра вяртаньне раку, сям’ю, працу і будучыню

Кацярына Пытлева

Пасьля трох гадоў рэмісіі ў журналісткі і тэлевядоўцы Кацярыны Пытлевай выявілі мэтaстазы ў хрыбетніку і ў костцы. У інтэрвію Свабодзе Кацярына расказала пра жыцьцё з анкалягічным дыягназам, падтрымку сям’і і салідарных людзей, а таксама дала парады людзям, якія хварэюць на рак.
  • Кацярына Пытлева — беларуская журналістка і тэлевядоўца. На тэлевізію прыйшла ў 14 гадоў, у 1997 годзе, пачынала ў праграме «5×5» на БТ. Працавала на БТ, АНТ, СТВ, «БелМузТВ» і ўкраінскім A-One, вяла музычныя, забаўляльныя і грамадзкія праекты. 13 гадоў працавала на радыё «Мир», таксама на «Радиус ФМ» і «Авторадио». Пазьней прыйшла ў сацыяльную журналістыку на TUT. BY, дзе вяла праекты «Анкамаркер» і «Жаночае здароўе». У 2020 годзе звольнілася з БТ на знак пратэсту супраць гвалту і палітыкі ўладаў. Пасьля вымушанага адʼезду зь Беларусі жыве і працуе ў Літве: была праграмнай дырэктаркай і вядоўцай Malanka Media, пазьней супрацоўнічала з «Люстэркам». Цяпер займаецца экалягічнымі праектамі, а таксама працуе ў кампаніі Humana, робіць апсайклінг (творчую перапрацоўку старога адзеньня). У 2022 годзе публічна расказала пра анкалягічнае захворваньне. Прайшла праз апэрацыю, хіміятэрапію, прамянёвую тэрапію.


«У мяне пацьверджаныя мэтастазы ў хрыбетніку і костках»

— Каця, вас добра ведаюць ня толькі як журналістку, але і чалавека, які адкрыта расказвае пра анкалягічны дыягназ. Вы былі ў рэмісіі тры гады, але цяпер хвароба вярнулася. Раскажыце, калі ласка, што цяпер адбываецца.

— Цяпер у мяне пацьверджаныя мэтастазы: тры знайшлі ў хрыбетніку, адзін — у костцы. Неўзабаве мэдычная камісія вырашыць, як мяне лячыць. Таксама я іду да радыёляга. Ён будзе прымаць рашэньне наконт апраменьваньня, бо ў адным месцы ў мяне зьявіліся болі. Яны не заўсёды, але бываюць. Апраменьваньне павінна дапамагчы. Галоўнае цяпер — што вырашыць камісія. Ад гэтага вельмі шмат залежыць. Я вывучаю мэдычную літаратуру, пазначаю магчымыя для сябе варыянты лекаваньня.

— Наколькі я зразумела з вашага допісу ў фэйсбуку, вы вырашылі праверыцца не таму, што былі нейкія сурʼёзныя сымптомы, а хутчэй каб падстрахавацца?

— Я ўвесь час вельмі пільна сачу за здароўем. Калі нешта адбываецца ня так, як я чакаю, адразу іду да лекара, каб праверыць і ўдакладніць, ці ўсё добра. Гэтым разам на працягу некалькіх месяцаў у мяне былі пэўныя пытаньні да страўніка. Не было болю, але я адчувала, што нешта ня так. У мяне ёсьць спадчынная схільнасьць і мутацыя, зьвязаная таксама з ракам у гэтай сфэры. Таму я вырашыла ўдакладніць, што адбываецца. Спытала ў лекаркі, які анкамаркер можна здаць. Яна прапанавала агульны анкамаркер, які выкарыстоўваюць для адсочваньня рэцыдыву. Ён аказаўся павышаным.

— Вы напісалі, што дзеліцеся дэталямі, бо вас у сацыяльных сетках чытаюць людзі ў рэмісіі. Што б вы параілі ім?

— Мне вельмі шмат пісалі і пішуць дагэтуль: задаюць пытаньні пра лекаваньне, пра лекаваньне ў Літве і Эўропе, пра мой досьвед, што рабіць і куды зьвяртацца. Я памятаю сябе ў той час, калі хварэла, і ў рэмісіі. Дрэнныя навіны пра рэцыдыў ці сьмерць вельмі моцна выбіваюць з каляіны. Гэта вельмі хісткі маральны стан, калі ты хварэеш або знаходзісься ў рэмісіі. Мяне, напрыклад, вельмі шакавала сьмерць Сьвятланы Курс. Таму, калі я зразумела, што буду пісаць пра сваю сытуацыю, пастаралася загадзя адказаць на магчымыя пытаньні. Каб чалавек, які знаходзіцца ў рэмісіі або хварэе і прачытае мой допіс, атрымаў патрэбную інфармацыю і мог крыху зьнізіць сваю трывожнасьць. Я адразу напісала, што адбывалася, якія былі сымптомы ці, наадварот, іх не было, які альгарытм дзеяньняў я прайшла.

Мая парада простая: трэба быць пільнымі, прыслухоўвацца да сябе, адсочваць аналізы ў дынаміцы, рабіць дадатковыя абсьледаваньні, калі ёсьць падазрэньні, а часам і бязь іх. Бо лекарка магла адпусьціць мяне яшчэ на паўгода. Калі б не мае пытаньні, дадатковага абсьледаваньня не было б.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чалавек — студня і капальня, радасьці знойдзе ва ўсім». Сьвятлана Курс пра рак, Калядны цуд і расейскую культуру як «маргарын з нафты»

«Жыць трэба тут і цяпер»

— Вы пісалі пра магчымую працягласьць жыцьця з анкалягічным дыягназам. Як хвароба зьмяніла ваша ўспрыманьне будучыні?

Кацярына Пытлева

— Будучыня цяпер у тумане. Гэта вельмі балючае і складанае пытаньне. Але скажу так: я цьвяроза і спакойна ўспрымаю магчымыя варыянты. Я бачыла, што адбывалася з маёй маці, бо ў яе была такая ж сытуацыя. Але яшчэ падчас першай хваробы я зразумела для сябе, што жыць трэба тут і цяпер. І гэта ня проста словы, а лад жыцьця чалавека, у якога можа ня быць далёкай будучыні. За гэтыя тры гады рэмісіі я выпрацавала для сябе такое стаўленьне.

Таму цяпер мне нават прасцей успрымаць будучыню, у тым ліку самую страшную. Калі я захварэла ўпершыню, дзеці былі зусім маленькія — ім было па пяць гадоў. Цяпер ім амаль дзесяць, і за сямʼю мне спакайней. А гэта галоўнае. Я лічу, што маё жыцьцё было добрым, яркім, цікавым. У мяне няма адчуваньня, што я чагосьці не пасьпела або чагосьці важнага не зрабіла.

Хачу як мага даўжэй быць з сваімі блізкімі, перажыць зь імі больш уражаньняў і эмоцыяў, падарыць ім столькі любові, колькі змагу, зрабіць дзяцей больш самастойнымі. Гэта вельмі важна. Я памятаю сваё дзяцінства: бацьку было складана заставацца аднаму з дваімі дзецьмі, са мной і сястрой. Таму цяпер я думаю і пра тое, як падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцьця.

Але ёсьць і асабістая будучыня, ня толькі сямейная. Нядаўна я зноў пайшла вучыцца. Калі захварэла ўпершыню, паступіла ў магістратуру ЭГУ, але давялося кінуць вучобу: я не магла адначасова працаваць, вучыцца і праходзіць хіміятэрапію. Цяпер я зноў вучуся. Гэта невялікі адукацыйны праект, зьвязаны з аднаўляльнай энэргетыкай. Спадзяюся, што пасьпею рэалізаваць сябе і ў гэтай галіне. Мне гэта вельмі цікава.

Трэба, каб у жыцьці заставалася жыцьцё, а не адны хваробы. Таму я пляную працягваць займацца апсайклінгам на сваёй асноўнай працы, экалягічнымі праектамі ў Альянсе «Зялёная Беларусь» і адукацыяй у сфэры аднаўляльнай энэргетыкі. Пакуль што нічога кардынальна не зьмянілася. Я буду працягваць жыць тым жыцьцём, якое заплянавала і якое ў мяне цяпер ёсьць. Мне ў ім добра. А там паглядзім, магчыма, стан здароўя ўнясе нейкія карэктывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Рак — дзіўная хвароба, якая дае адчуваньне асалоды жыцьця». Вядомыя беларускі — пра справу Надзеі Мялешкі і сваю формулу жыцьця з ракам

«Дзецям трэба ведаць, што адбываецца»

— Як вы з мужам перажывалі гэтыя паўтара месяца чаканьня, пакуль пацьвердзіцца дыягназ? Як адрэагавалі дзеці?

Кацярына Пытлева. 2022 год

— Мы шмат размаўлялі. Муж ведаў, што такое можа адбыцца, і я ведала. Вядома, мы не чакалі, што гэта адбудзецца так хутка. Цяпер мы абмяркоўваем сытуацыю. Я нешта вывучаю, расказваю яму: ёсьць такія мэтады лекаваньня, ёсьць іншыя. Абмяркоўваем тое, што датычыцца сёньня і цяпер: што нам трэба рабіць зараз. А як усё будзе далей — неяк будзе. Дзецям мы сказалі, што ў мамы вярнулася хвароба, што, магчыма, мама будзе цяжка хварэць і часьцей бываць у шпіталі. Але гэта няпэўна, бо лекаваньне можа адбывацца і дома.

Каця Пытлева і яе сям'я

Мы патлумачылі, што ім трэба вучыцца быць больш самастойнымі, бо мама ня заўсёды зможа нешта рабіць. Я адразу сказала мужу, што памятаю сябе ў дзяцінстве. Важна, каб дзеці ведалі, што адбываецца, а не адчувалі нейкі страх, калі дарослыя нешта хаваюць, шушукаюцца і не тлумачаць сытуацыю.

— Вы жывяце ў Літве. Ці пакрывае страхоўка лекаваньне? Ці патрэбная вам цяпер дапамога?

— Пакуль усе выдаткі пакрывае дзяржаўнае страхаваньне Літвы. Яно даступнае і ўцекачам, і людзям, якія маюць дазвол на жыхарства. Усе гэтыя гады я праходжу чэкапы ў мясцовым інстытуце раку, пакуль усё бясплатна. Але ёсьць розныя мэтады лекаваньня, якія ня заўсёды пакрывае дзяржаўная страхоўка. Гэта будзе залежаць ад таго, як камісія вырашыць мяне лячыць і што прызначыць. Калі спатрэбіцца, будзем шукаць іншыя магчымасьці.

Ёсьць праблема: магчыма, мне ня змогуць зрабіць біяпсію праз складанае месца, дзе знаходзіцца найбольшы мэтастаз. А калі няма біяпсіі, вельмі складана падабраць лекаваньне, якое будзе эфэктыўным. Таму я ўжо цяпер вывучаю альтэрнатыўныя мэтады. Напрыклад, вадкасную біяпсію. Магчыма, давядзецца рабіць яе за ўласныя грошы. Пакуль гэта не такія вялікія сумы, каб зьвяртацца па дапамогу. Але я вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымліваў мяне камэнтарамі і прапановамі. Іх было вельмі шмат, у тым ліку прапановаў дапамагчы з інфармацыяй і зборамі. Я ведаю, куды зьвяртацца, калі дапамога спатрэбіцца. Дзякуй нашым цудоўным беларусам і беларускам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Да раку стаўлюся як да яшчэ адной праблемы, якую трэба вырашыць». Гутарка зь вядомай тэлевядоўцай Кацярынай Пытлевай

«Я не даю сабе працаваць церазь сілу»

— Падчас першага лекаваньня вы працягвалі вельмі актыўна працаваць, удзельнічалі ў канфэрэнцыях, давалі інтэрвію. Наколькі важна было для вас заставацца запатрабаванай і рэалізоўвацца ў такі складаны час? Ці плянуеце вы так жыць цяпер?

— Калі я хварэла ўпершыню, я сапраўды вельмі шмат працавала. Цяпер бачу, што гэта было і добра, і дрэнна. Добра, бо праца адцягвала ўвагу ад прагнозаў і хваробы. Але я зусім не давала сабе адпачываць. Былі выпадкі, калі я ўдзельнічала ў канфэрэнцыях або брала інтэрвію проста пад кропельніцай. Лічу, што гэта нездаровая гісторыя. З аднаго боку, я тады вельмі гарэла тым, што рабіла. Зь іншага — трэба ўлічваць абставіны, у якіх мы знаходзіліся. Я ня магла дазволіць сабе не працаваць, бо трэба было дапамагаць расьці дзецям. А дзеці ў эміграцыі — гэта дорага.

Пазьней я перагледзела сваё стаўленьне да працы, хваробы і ўласнага здароўя. Цяпер працягваю працаваць, але ў камфортным графіку, з магчымасьцю ўзяць бальнічны, калі ён спатрэбіцца. Падчас першай хваробы ў мяне такой магчымасьці ўвогуле не было. Пытаньні запатрабаванасьці і амбіцыяў мяне ўжо даўно не цікавяць. Мне важна, ці тое, што я раблю, цікава, ці дапамагае гэта мне маральна. Калі не — я проста не раблю гэтага. Я ўжо больш за год не працую ў кадры, знайшла сябе ў новай прафэсіі. Мне камфортна, цікава, ёсьць імпэт, але цяпер я вельмі беражліва стаўлюся да сябе. Так буду ставіцца і да працы ў бліжэйшы час.

— Раскажыце пра вашу новую працу зь вінтажным адзеньнем.

Кацярына Пытлева. 2022 год

— Паводле кантракту я ня маю магчымасьці вельмі шмат расказваць пра гэтую працу, але магу падзяліцца тым, што дазволена. Ёсьць вялікі холдынг Humana. Гэта ня толькі вінтажнае адзеньне, але ўвогуле сэканд-хэнд. Я ўжо паўтара года там працую і займаюся апсайклінгам адзеньня (гэта перапрацоўка старых, непатрэбных або ўжываных рэчаў у новыя вырабы, якія маюць большую каштоўнасьць або лепшую якасьць — РС). Ёсьць такая калекцыя — Grunge. Гэта рокерскае, моладзевае адзеньне. Калі гаворка пра сэканд-хэнд і вінтаж, трапляюцца вельмі крутыя рэчы, але часам з дэфэктамі. Або рэчы самі па сабе не настолькі цікавыя і яскравыя. Мая праца — даць ім другое жыцьцё. Я займаюся лапікавым шыцьцём — шыю на машынцы і рукамі, фарбую рэчы, выпраўляю нейкія дэфэкты. Напрыклад, калі рэч добрая, але на ёй ёсьць пляма, можна прыдумаць, як гэта абыграць.

Тут трэба вельмі шмат фантазіі, і мне гэта надзвычай падабаецца. Іншыя супрацоўнікі адбіраюць адзеньне, якое можа падысьці да калекцыі, кіраўнік глядзіць, ці гэтыя рэчы адпавядаюць задумцы, а потым я зь імі працую, каб атрымалася нешта цікавае. Мяне вельмі радуе, што гэтая калекцыя прадаецца ў некалькіх эўрапейскіх краінах. Апошнюю партыю ў Бэльгіі, як мне казалі, распрадалі ўсяго за дзьве гадзіны. Гэта значыць, тое, што я раблю, запатрабавана. І мяне гэта вельмі радуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былая вядоўца БТ Пытлева — пра Malanka Media, «карнікаў» у эфіры і перажытыя рэпрэсіі

«Мне важна як мага даўжэй быць з блізкімі»

— Анкалягiчны дыягназ прымушае многіх людзей пераасэнсоўваць, што важна, а што не. Якія цяпер вашы прыярытэты?

Разам з мужам Аляксеем.

— Для мяне ўжо даўно галоўныя мае блізкія — муж і дзеці. Гэта самае галоўнае, што я маю, тое, што люблю і кахаю. Цяпер для мяне важна зрабіць усё магчымае, каб быць зь імі як мага даўжэй. І пажадана ў максымальна нармальным стане, каб клапаціцца пра іх, праводзіць разам час. Хочацца таксама падрыхтаваць нейкі падмурак для дзяцей. Нават у самым лепшым выпадку яны яшчэ будуць недастаткова дарослымі. Таму галоўнае — зрабіць нешта, каб ім было добра. Я бачу ў гэтым сэнс свайго далейшага жыцьця.

— Ці закранаюць вас цяпер спрэчкі і канфлікты ў сацсетках?

2020 год

— Я, вядома, сачу за гэтым, але ня бачу сэнсу ўсё гэта камэнтаваць. У кожнага свой погляд на сытуацыю. Я стаю на тым, што Беларусь павінна быць вольнай, палітзьняволеныя павінны выйсьці на волю, рэжым Лукашэнкі павінен сысьці, а новая Беларусь будзе цудоўнай краінай. Беларусы, якія зьехалі, калі яны гэтага хочуць, павінны мець магчымасьць вярнуцца на радзіму. Вось на гэтым я стаю. А шлях, якім мы ўсе да гэтага прыйдзем, мне здаецца, будзе нараджацца ў працэсе. Гэта мы цяпер і бачым. Я лічу, што ўсё, што магла зрабіць са свайго боку для новай Беларусі, на гэты момант зрабіла. Што яшчэ змагу, буду рабіць: данаты, інфармацыйная падтрымка.

«Рэцыдыў адбываецца не ва ўсіх»

— Што б вы параілі людзям, якія атрымалі анкалягічны дыягназ, а таксама тым, хто баіцца захварэць на рак?

Каця Пытлева з сынам і дачкой.

— Тым, хто хварэе, я хачу пажадаць хуткай і доўгай рэмісіі. Можна жадаць моцы, але гэта такое пажаданьне... Я жадаю, каб побач былі людзі, якія падтрымліваюць, і каб быў рэсурс — у кожнага ён розны. Каб хапіла рэсурсу прайсьці праз усё гэта і прыйсьці да хуткай і доўгай рэмісіі. І яшчэ вельмі важна памятаць: рэцыдыў, як у маёй сытуацыі, здараецца ня ва ўсіх. Гэта зусім не азначае, што абавязкова адбудзецца і з вамі. Напрыклад, у маёй сямʼі я шостая жанчына з ракам. І ў дзьвюх маіх сваячак рэцыдыву няма ўжо 30 гадоў. Таму памятайце, што ўсё індывідуальна. Важна рабіць тое, што можаш, і не апускаць рукі. Жыцьцё, колькі б яго ні было, цудоўнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Хачу быць са сваім народам» — былая вядучая Пытлева пра два лягеры і пра норавы на БТ