Жыцьцё ў эміграцыі становіцца новым выпрабаваньнем: трэба вучыцца жыць у новых умовах, афармляць дакумэнты, шукаць жыльлё і працу, аднаўляць здароўе і стасункі з блізкімі.
Да праблем дадаюцца моўны бар’ер, адсутнасьць звыклага асяродзьдзя, трывога за тых, хто застаўся ў Беларусі.
«Вясна» сабрала гісторыі былых палітвязьняў пра выдварэньне, вымушаную эміграцыю і спробы пачаць жыцьцё нанова.
Выкладчыца Вольга Філатчанкава: «Мая філязофія — жыць трэба тут і цяпер»
Выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву асудзілі па «справе студэнтаў» на два з паловай года зьняволеньня, якія яна цалкам адбыла і выйшла на волю ў лістападзе 2022 году. Але пасьля вызваленьня яна не магла адразу зьехаць зь Беларусі праз невыязны статус. У пачатку 2024 году ёю зноў зацікавіліся сілавікі, і Вольга вырашыла пакінуць краіну. Зьехала Вольга разам з дзесяцігадовай дачкой, што дадало бытавых праблем, але зьменшыла псыхалягічныя.
У эміграцыі Вольга вучылася нанова будаваць штодзённае жыцьцё. Жанчына кажа, што дапамагло захаваньне звыклых заняткаў — напрыклад, паходаў па грыбы, якія любіла і ў Беларусі.
«Я аптымістка, мне ў большай ступені дапамог характар. Таксама пэўную ролю адыграў турэмны досьвед, бо я цалкам усьведамляю, што назад мне шлях закрыты, бо зноў у турму я не хачу. Плюс у мяне філязофія, што жыць трэба тут і цяпер, таму і жыву, а не знаходжуся ў пастаянным чаканьні».
Цяпер Вольга вучыцца ў Польшчы і сама дапамагае былым палітвязьням. Яна называе гэта «ланцужком салідарнасьці».
Пэнсыянэрка Натальля Малец: «Жыцьцё засталося там»
65-гадовую Натальлю Малец вызвалілі ў сьнежні 2025 году паводле памілаваньня і прымусова вывезьлі ва Ўкраіну. Пазьней яна апынулася ў Польшчы, дзе атрымала статус уцякачкі. Жанчына прызналася, што дагэтуль не адчувае сябе цалкам вызваленай:
«Мяне дэпартавалі і вывезьлі. Афіцыйны тэрмін у мяне скончыўся 8 траўня 2026 года. Але ў мяне няма нічога з дакумэнтаў, што кажа аб маім вызваленьні. Пашпарт прызналі несапраўдным, пэнсію выплочваць спынілі. Таму гаворка не пра вызваленьне, а пра дэпартацыю».
Натальля жыве ва Ўроцлаве. Жанчына кажа, што не адчувае сябе адзінокай дзякуючы мясцовай беларускай супольнасьці, яна атрымала матэрыяльную, мэдыцынскую і псыхалягічную дапамогу, аднак галоўнай праблемай застаецца разлука з роднымі і немагчымасьць вярнуцца да звыклага жыцьця:
«Я ўжо ў тым узросьце, калі цяжка мяняць звычкі, шчыра кажучы. Да звычайнага жыцьця я так і не вярнулася, такое жыцьцё ў мяне засталося там», — прызнае Натальля Малец.
Праваабаронца Марфа Рабкова: «Праца стала часткай маральнага аднаўленьня»
У сакавіку 2026 году праваабаронцу Марфу Рабкову вызвалілі пасьля пяці з паловай гадоў зьняволеньня і прымусова вывезьлі ў Літву. У Вільні, дзе цяпер яна жыве, калегі атачылі яе клопатам і дапамаглі зь першымі крокамі. Марфа праходзіць працэдуру легалізацыі, паступова пераадольвае моўны барʼер. Яна адзначае, што для яе застаецца праблемай псыхалягічная адаптацыя да новых варункаў жыцьця, нават звычайныя побытавыя справы патрабуюць псыхалягічнай падрыхтоўкі.
Марфа працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю і дапамагаць іншым. Яна кажа, што гэтая праца стала для яе часткай аднаўленьня.
«Калегі хвалююцца: ці ня рана мне займацца сурʼёзнымі справамі і вяртацца да працы? Але гэта маё лекаваньне — разумець, што я на сваім месцы і па-ранейшаму магу дапамагаць людзям».
Музыка Алесь Чумакоў: «Згубіць слых для мяне — трагедыя»
Музыку і майстра традыцыйных інструмэнтаў Алеся Чумакова вызвалілі ў верасьні 2026 году і таксама прымусова вывезьлі ў Літву, адкуль ён ужо перабраўся ў Варшаву.
Алесь распавёў пра свае галоўныя праблемы: гэта здароўе і дакумэнты.
У выніку зьняволеньня ў яго ўзьніклі праблемы са слыхам, што асабліва небясьпечна для музыканта. Алесю спатрэбілася прайсьці мэдыцынскія абсьледаваньні, у тым ліку зрабіць МРТ.
«Трэба прайсьці лекараў, зрабіць МРТ, паглядзець, што са слыхам. Згубіць слых музыканту — гэта трагедыя. Як-небудзь спраўлюся. Калі што, буду гуляць у Бэтховена, але хацелася б захаваць тое, што ёсьць».
Алесь не адмаўляецца ад музыкі і рыхтуецца выпусьціць альбом, які быў створаны яшчэ да зьняволеньня. Музыка паведаміў, што паралельна займаецца і афармленьнем неабходных дакумэнтаў.
«Раблю дакумэнты. Запрашайце мяне на кватэрнікі — прыеду з радасьцю, пасьпяваем, паразмаўляем».
Юрыст Уладзімер Лабковіч: «Першыя месяцы ня мог спаць, баяўся, што мяне скрадзе КДБ»
Праваабаронцу Ўладзімера Лабковіча вызвалілі ў сьнежні 2025 году і прымусова вывезьлі зь Беларусі. За мяжой Лабковіч змог аб’яднацца з сям’ёй, але пра душэўны спакой казаць было рана.
«Першыя тры месяцы ня мог спаць па начах. Ірацыянальна я баяўся, што як толькі засну, толькі згублю кантроль над абставінамі, мяне скрадзе КГБ і я зноў апынуся ў турме», — распавёў праваабаронца.
Паводле Ўладзімера страх новага затрыманьня ў снах паўтараўся зноў і зноў. Былы палітвязень таксама доўга ня мог вярнуцца да чытаньня кніг і прагляду фільмаў, усё яму нагадвала пра турэмны досьвед.
«Да гэтага часу я не адчуваю сябе вольным. Часта ахоплівае пачуцьцё, што я спазьніўся, што вакол усё чужое», — кажа Лабковіч.
Лпбковіч вярнуўся да праваабарончай працы, але прызнаецца, што часам яму маральна цяжка.
«Нават калі побач сямʼя і сябры, адаптацыя патрабуе часу», — адзначае Лабковіч.
Актывістка Алена Лазарчык: «Некаторымі элемэнтарнымі рэчамі ня ўмееш карыстацца»
Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі 16 верасьня. Жанчына кажа, што да апошняга ня ведала, што яе чакае вызваленьне. Раней Алене паведамілі пра завяршэньне новай крымінальнай справы супраць яе паводле 411 артыкулу КК аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Палітзьняволеная чакала новага суду.
«Я была ўпэўненая, што мяне вязуць на этап і новы суд. Выезд у Літву стаў поўным эфэктам раптоўнасьці, я дагэтуль кожны дзень прачынаюся і не магу паверыць, што на волі».
Пасьля пяці гадоў ізаляцыі Алена перажыла шок ад таго, як моцна зьмяніліся звыклыя рэчы.
«За пяць год тэхналягічны прагрэс крочыў далёка наперад, выходзіш і разумееш, што нічога не ведаеш. Усё зьмянілася, і ты ўсьведамляеш, што некаторымі элемэнтарнымі рэчамі проста не ўмееш карыстацца. Стаіш у ступары і ня ведаеш, што рабіць, бяжыш у кагосьці пытацца. Але паступова я выходжу з сытуацыі і асвойваю ўсё нанова», — распавяла пра першыя дні ў Літве Алена Лазарчык.
Пры гэтым былая палітзьняволеная кажа, што ў Вільні адчувае сябе ў бясьпецы і хоча як мага хутчэй вярнуцца да актыўнага жыцьця.