Былыя палітвязьні расказалі пра начныя праверкі і спробы вэрбаваньня ў КДБ пасьля вызваленьня

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля выхаду з калёніяў былыя палітвязьні ў Беларусі застаюцца пад увагай сілавікоў, іх выклікаюць на «прафіляктычныя гутаркі», спрабуюць схіліць да супрацоўніцтва, патрабуюць здаваць ДНК і абмяжоўваюць у штодзённых правах.

«Вясна» сабрала гісторыі былых палітвязьняў, якім і пасьля вызваленьня не даюць вярнуцца да нармальнага жыцьця.

Пяць разоў на тыдзень — праверкі міліцыі, немагчыма знайсьці працу

Былога палітвязьня Антона (імя зьмененае дзеля бясьпекі) памілавалі, даўшы магчымасьць застацца ў Беларусі. Аднак пасьля вызваленьня мужчына сутыкнуўся з абмежаваньнямі ў амаль усіх сфэрах ягонага жыцьця. Яго адразу паставілі на прафіляктычны ўлік у міліцыі, што азначала рэгулярнае наведваньне аддзелу міліцыі, дзе праводзяць так званыя прафіляктычныя гутаркі. Яму паведамілі, што нельга наведваць масавыя імпрэзы, у тым ліку гарадзкія сьвяты, і зьбірацца кампаніямі, большымі за два чалавекі.

«Інспэктары пастаянна пагражалі адміністрацыйным перасьледам. Казалі, што на сьвяты будуць „зачыняць“ у ізалятары», — расказаў Антон.

Празь некалькі дзён пасьля вызваленьня Антон даведаўся, што ягоны пашпарт ануляваны, а ў пашпартным стале адмовіліся выдаць яму новы дакумэнт.

«Мяне адразу папярэдзілі, што суджанасьць зь мяне не зьнялі, бо гэта не прадугледжана ўказам прэзыдэнта. На маім пасьведчаньні толькі напісана пра вызваленьне з магчымасьцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь. То бок яны нібыта дазваляюць мне жыць у Беларусі».

Але найбольш складанай праблемай для Антона стала ўладкаваньне на працу. Міліцыянты патрабавалі знайсьці працу цягам 14 дзён. Пры гэтым суджанаму і ўключанаму ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» былому палітвязьню ўсюды адмаўлялі. А міліцыянты пагражалі накіраваць яго на прымусовую працу, у тым ліку на сьмецьцевы палігон, калі знайсьці працу самастойна ня ўдасца.

Падобную гісторыю пра жыцьцё пад кантролем па вызваленьні расказаў і былы палітвязень М. зь невялікага беларускага гораду, які выйшаў на волю ў траўні 2025 году.

Мужчыну асудзілі за камэнтары ў сацыяльных сетках. Пасьля вызваленьня М. паставілі на ўлік і пачалі патрабаваць, каб ён уладкаваўся на працу. Пры гэтым супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі не пагаджаліся зь яго рашэньнем быць самазанятым.

Паводле М., міліцэйскія патрулі прыходзілі правяраць яго нават ноччу. Паколькі тэлефона ў яго не было, супрацоўнікі званілі жонцы.

«Жыцьця мне ў Беларусі не далі нават пасьля вызваленьня. Мяне паставілі на ўлік, адразу пачалі прымушаць уладкавацца на працу пад пагрозамі зноў пасадзіць у турму. Я ўладкаваўся самазанятым і адразу мог не плаціць падатак, але гэта іх у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі не задавальняла. Акрамя гэтага, начамі прыходзіла і правярала патрульна-паставая служба міліцыі. Начамі спаць не давалі. Мой тэлефон сканфіскавалі на судзе, а новы я сабе не купіў пасьля зьняволеньня. Таму супрацоўнікі начамі званілі на тэлефон жонцы, каб праверыць мяне», — расказаў мужчына.

Яшчэ адзін былы палітвязень, Мікіта Сьлепянок з Гомля, пражыў пад прэвэнтыўным наглядам 1 год. Былы адміністратар культурна-гістарычнага тэлеграм-каналу Rezystans Мікіта Сьлепянок згадаў, што ўвесь гэты час ня мог выехаць за горад.

«Я ня меў магчымасьці нават выехаць па-за межы гораду. Жаданьне зьехаць зь Беларусі было заўсёды, але я не хацеў рызыкаваць, бо ня быў упэўнены, што мне нехта дапаможа эвакуавацца, улічваючы цяжкае становішча ў краіне і на межах».

Цягам году супрацоўнікі міліцыі правяралі былога палітзьняволенага па некалькі разоў на тыдзень.

«Уначы да мяне прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, крымінальнай інспэкцыі ды іншых органаў — правяралі мяне па месцы рэгістрацыі. Два разы на месяц я мусіў адзначацца ў крымінальнай інспэкцыі. Таксама штотыдзень я мусіў хадзіць на лекцыі. Гэта былі прапагандысцкія ролікі пра Беларусь або сюжэты пра шкоду курэньня, алькаголю і наркотыкаў. Ролікі былі адны і тыя ж», — расказаў Мікіта Сьлепянок.

Пасьля вызваленьня — спроба вэрбаваньня

Былы палітвязень з Горадні Руслан Красаў пасьля памілаваньня ў жніўні 2024 году яшчэ паўтара году заставаўся ў Беларусі. Увосень 2025 году яго выклікалі ў абласное ўпраўленьне КДБ. Як выявілася — для вэрбаваньня.

Паводле Красава, супрацоўнік КДБ забраў у яго тэлефон для праверкі, а знайшоўшы ў кантактах польскі нумар цёткі Руслана, прапанаваў яму супрацоўнічаць.

«Супрацоўнік КДБ сказаў: „Мы ў тваіх кантактах знайшлі замежны нумар. Руслан Сяргеевіч, трэба, каб вы дапамаглі нам“. Я спытаў, што будзе, калі адмоўлюся. Ён мне пагражаў, што за гэты нумар паеду назад — ад 7 да 15 гадоў за „здраду дзяржаве“», — расказаў Руслан.

Паводле былога палітвязьня, сілавікі патрабавалі ад яго ўкараніцца ў асяродзьдзе людзей, зьвязаных з камандай Сяргея Ціханоўскага, і перадаваць ім інфармацыю. Красаў сьцьвярджае, што фармальна пагадзіўся на супрацоўніцтва, але насамрэч не зьбіраўся выконваць заданьні. Пазьней ён выехаў з краіны.

Пра спробу вэрбаваньня супрацоўнікамі КДБ у Беларусі расказаў і былы палітзьняволены К., які выйшаў на волю ў выніку памілаваньня. Паводле К., яшчэ ў калёніі зь ім размаўляў супрацоўнік КДБ, які распытваў пра людзей, зь якімі ён стасаваўся пасьля пратэстаў 2020 году. Пасьля вызваленьня К. спробы завэрбаваць яго працягнулася.

Былога палітвязьня паставілі на «прафіляктычны ўлік», і падчас аднаго з выклікаў у міліцыю ў кабінэце яго чакаў незнаёмы мужчына. Паводле К., гэты чалавек паводзіў сябе падкрэсьлена жорстка.

«Ні здрасьце, ні прадстаўленьня — хто, што. Па-мойму, толькі пасьведчаньне паказаў здалёк. Гутарку пачаў з таго, што нас, маўляў, памілавалі, а мы абяцалі дапамагчы, аказаць садзейнічаньне. „Вось, трэба дапамагчы“».

Паводле былога палітвязьня, «невялікая дапамога» палягала ў тым, каб праз Telegram перадаваць пэўную інфармацыю. К. адмовіўся:

«Сказаў, што я нікуды не хачу ўблытвацца, што нічым не цікаўлюся, нічога не чытаю, у мяне нават Telegram няма, я проста працую, нікуды не хачу ўлазіць і ўсё».

Аднак супрацоўнік КДБ, паводле К., ад яго не адчапіўся і сказаў, што ў бліжэйшыя дні патэлефануе зь невядомага нумару. Паводле дамоўленасьці, яны мусілі сустрэцца ў адной з гарадзкіх кавярняў і разам адправіць паведамленьні.

«Калі мне тэлефанавалі зь нявызначанага нумару два разы, я, вядома ж, не адказаў. Было вельмі страшна», — прызнаўся былы палітвязень К., які цяпер жыве за мяжой.

​
XS
SM
MD
LG