«На месца здарэньня выехала сьледчая група. Высьвятляюцца ўсе абставіны здарэньня», — адзначаецца ў паведамленьні Сьледчага камітэту Расеі.
Спачатку імя пацярпелага апублікавалі расейскія СМІ, а пазьней яго пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце. Гэта 72-гадовы расейскі палітоляг і журналіст Сяргей Заваротны. Яго выбуховай хваляй выкінула з аўтамабіля на дарогу. Пацярпелага шпіталізавалі.
Што вядома пра пацярпелага
У 1980–1990-х гадах Сяргей Заваротны працаваў уласным карэспандэнтам газэты «Комсомольская правда» ў Лацінскай Амэрыцы, а ў 2000-х ачольваў прэсавую службу фракцыі «Родина» ў Дзяржаўнай думе Расеі. Пазьней ён быў прэсавым сакратаром колішняга прэм’ер-міністра Ўкраіны Мікалая Азарава, які ў 2014 годзе ўцёк у Расею пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах, калі ўлады выкарысталі зброю супраць мірных пратэстоўцаў. Цяпер ён працуе дырэктарам інфармацыйных тэхналёгіяў Прыморскага дзяржаўнага аграрна-тэхналягічнага ўнівэрсытэту (Усурыйск, Прыморскі край).
Быў суаўтарам кнігі «Янукович сдал. Госдеп принял. Как Россия потеряла Украину. Записки советника Николая Азарова», якая выйшла ў 2018 годзе.
Што папярэднічала
Раніцай 12 лістапада ў Санкт-Пецярбургу, на Колпінскай шашы, адбыўся выбух, у выніку якога загінуў палкоўнік расейскай арміі.
Украінскія Telegram-каналы паведамлялі, што ў аўтамабілі быў галоўны штурман 6-й паветранай арміі Вайскова-паветраных сілаў і сілаў супрацьпаветранай абароны. Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Пецярбургу ад выбуху машыны загінуў вайсковец. Украінскія каналы паведамляюць, што гэта быў штурман расейскай авіяцыіШто вядома пра іншыя інцыдэнты
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў шэрагу расейскіх і акупаваных украінскіх гарадоў у выніку падрыву аўтамабіляў гінулі як расейскія вайскоўцы, так і ўкраінскія калябаранты, прычым ня толькі афіцэры, але й дзяржаўныя службоўцы, якія перайшлі на бок Расеі.
У красавіку 2025 году ў Маскве ад выбуху машыны загінуў генэрал Яраслаў Маскалік, намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага кіраўніцтва Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ. У лістападзе 2025 году суд асудзіў Ігната Кузіна, які, паводле вэрсіі ФСБ, заклаў выбухоўку ў машыну на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў, на пажыцьцёвае зьняволеньне.
У ліпені 2024 году ў Маскве ў выніку падрыву аўтамабіля пацярпеў, але выжыў афіцэр Галоўнага выведнага кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў. Ужо празь месяц на поўначы Масквы на паркінгу каля жылога дому на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім быў колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў момант, калі ён толькі сядаў у машыну.
У лістападзе 2024 году выбух адбыўся ў акупаваным расейцамі Севастопалі — загінуў начальнік 41-й брыгады ракетных караблёў і катэраў Чарнаморскага флёту Расеі, капітан першага рангу Валерый Транкоўскі.
А ў сьнежні 2024 году ў Маскве падарваўся самакат, у выніку чаго загінуў генэрал-лейтэнант, начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Расеі Ігар Кірылаў.
Падарваныя такім чынам афіцэры бралі ўдзел у плянаваньні захопу Ўкраіны, вайсковых апэрацыях і ракетных абстрэлах. У зьдзяйсьненьні некаторых гэтых апэрацыяў сваю ролю адкрыта прызнала ўкраінская выведка.