Як паведаміла мясцовае выданьне «Фонтанка», побач зь ім у аўтамабілі быў ягоны сямейнік, які нібыта выжыў, але паранены.
Пазьней Сьледчы камітэт у Пецярбургу паведаміў, што сьледчыя і крыміналісты супольна з апэратыўнікамі аглядаюць месца здарэньня і высьвятляюць абставіны здарэньня.
Выбух адбыўся а 7-й раніцы, калі палкоўнік выяжджаў на сваёй машыне з двара дому, у якім жыў. Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ў аўтамабілі ён быў адзін.
Расейскае выданьне нагадала, што сёлета ў жніўні такім жа чынам загінуў падпалкоўнік Узброеных сілаў Расеі, а ягоная жонка, якая была зь ім у аўтамабілі, выжыла. У абодвух выпадках выбуховую прыладу актывавалі дыстанцыйна.
Украінскія Telegram-каналы паведамілі, што ў аўтамабілі быў галоўны штурман 6-й паветранай арміі Вайскова-паветраных сілаў і сілаў супрацьпаветранай абароны.
Што папярэднічала
Гэта далёка ня першы падрыў аўтамабіля з высокім расейскім вайсковым службоўцам.
У красавіку 2025 году ў Маскве ад выбуху машыны загінуў генэрал Яраслаў Маскалік, намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага кіраўніцтва Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ. У лістападзе 2025 году суд асудзіў Ігната Кузіна, які, паводле вэрсіі ФСБ, заклаў выбухоўку ў машыну на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў, на пажыцьцёвае зьняволеньне.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў шэрагу расейскіх і акупаваных украінскіх гарадоў у выніку падрыву аўтамабіляў гінулі як расейскія вайскоўцы, так і ўкраінскія калябаранты, ня толькі афіцэры, але й дзяржаўныя службоўцы, якія перайшлі на бок Расеі.
У ліпені 2024 году ў Маскве ў выніку падрыву аўтамабілю пацярпеў, але выжыў афіцэр Галоўнага выведнага кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў. Ужо празь месяц на поўначы Масквы на паркінгу каля жылога дому на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім быў колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў момант, калі ён толькі сядаў у машыну.
У лістападзе 2024 году выбух грымнуў у акупаваным расейцамі Севастопалі — загінуў начальнік 41-й брыгады ракетных караблёў і катэраў Чарнаморскага флёту Расеі, капітан першага рангу Валерый Транкоўскі.
А ў сьнежні 2024 году ў Маскве падарваўся самакат, у выніку чаго загінуў генэрал-лейтэнант, начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Расеі Ігар Кірылаў.
Падарваныя такім чынам афіцэры бралі ўдзел у плянаваньні захопу Ўкраіны, вайсковых апэрацыях і ракетных абстрэлах. У зьдзяйсьненьні некаторых гэтых апэрацыяў сваю ролю адкрыта прызнала ўкраінская выведка.
Форум