Ціханоўская сустрэлася зь Зяленскім на саміце ў Ірляндыі

Сьвятлана Ціханоўская на саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. 12 лістапада 2026

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская напачатку саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Яна перадала яму словы салідарнасьці і падтрымкі ад беларусаў.

«Мы стаім на баку Ўкраіны і ўкраінскага народу. Сёньня як ніколі важна ўзмацніць падтрымку Ўкраіны, каб спыніць расейскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру», — заявіла Ціханоўская.

Яна паўтарыла, што лёсы Беларусі і Ўкраіны непарыўна зьвязаныя.

«Ад выніку гэтай вайны залежыць і будучыня нашай краіны. Мір павінен быць на ўмовах Украіны, з надзейнымі гарантыямі бясьпекі, якія не дазволяць Расеі напасьці зноў».

Ціханоўская лічыць, што часткай мірных перамоваў мусіць быць і беларускае пытаньне.

«Нельга дапусьціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расеі або стала суцяшальным прызам для Пуціна. Неабходна вывесьці расейскія войскі зь Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай краіны. Бяз гэтага не будзе трывалай бясьпекі ні для Ўкраіны, ні для ўсяго рэгіёну».

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што абмеркавала з Ўладзімірам Зяленскім ролю рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі і важнасьць недапушчэньня ўцягваньня беларускай арміі ў вайну.

«Рэжым Лукашэнкі нясе поўную адказнасьць за свае злачынствы і падтрымку расейскай агрэсіі. Таму міжнародны ціск на рэжым, у тым ліку санкцыйны, павінен працягвацца».

Ціханоўская таксама закранула пытаньне легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне.

Што папярэднічала

Папярэдняя сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з Уладзімірам Зяленскім была 26 траўня 2026 году ў Кіеве падчас візыту на запрашэньне прэзыдэнта Ўкраіны.

Паваротным момантам у палітыцы Кіева можна лічыць 25 студзеня 2026 году, калі Зяленскі ў Вільні на ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году выступіў зь вялікай прамовай наконт Беларусі.

«Паўстаньне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе, каб сёньня адтуль не было пагроз. Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў, і гісторыя была б іншай — больш бясьпечнай», — сказаў тады Зяленскі.

Тады ж адбылася сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага.

2 кастрычніка 2025 году была таксама кароткая сустрэча на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Капэнгагене.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі — беларусам: «Вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе»