Сьцісла
- Рэспубліка Сэрбская выдаткавала 6 мільёнаў эўра на закуп беларускіх трактароў, фэрмэры ўнесьлі яшчэ 4 мільёны.
- Трактары вырабляе завод МТЗ, які знаходзіцца пад санкцыямі Ўкраіны і заходніх дзяржаваў.
- Улады Рэспублікі Сэрбскай абралі адну кампанію ў Босьніі й Герцаговіне для продажу трактароў.
- Імпарт ішоў праз сэрбскую кампанію, заснаваную ганаровым консулам Беларусі ў Новым Садзе; ён таксама суправаджаў дэлегацыю Рэспублікі Сэрбскай у яе візыце ў Менск.
- Схема зьявілася ў выніку перамоваў паміж лідэрам Рэспублікі Сэрбскай Міларадам Додзікам і Аляксандрам Лукашэнкам.
Як паказала расьсьледаваньне Балканскай службы Радыё Свабода, улады Рэспублікі Сэрбскай фактычна не дапусьцілі канкурэнтных вытворцаў і брэнды да ўдзелу ў схеме, скіраванай, як яны казалі, на «разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і падтрымку маладых сем’яў».
Гэтыя трактары вырабляюць на Менскім трактарным заводзе (МТЗ) — беларускім дзяржаўным прадпрыемстве, якое трапіла пад санкцыі Ўкраіны і шэрагу заходніх дзяржаваў за яго сувязі з рэжымам Лукашэнкі.
Ні міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай, ні адпаведнае беларускае міністэрства не адказалі на пытаньні Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, чаму быў абраны менавіта МТЗ і чаму праграма абмяжоўвалася толькі трактарамі беларускай вытворчасьці.
Дакумэнты, зь якімі пазнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, таксама сьведчаць, што ўрад Рэспублікі Сэрбскай вызначыў адну кампанію ў Босьніі й Герцаговіне для разьмеркаваньня прыкладна 250 беларускіх трактароў, у той час як імпарт ішоў праз сэрбскую кампанію, заснаваную ганаровым консулам Беларусі ў Новым Садзе.
Прэм’ер-міністар Рэспублікі Сэрбскай Сава Мініч (справа) і Ёва Сіміч, уласьнік кампаніі Agro-Simeks (Босьнія й Герцаговіна), 25 жніўня 2026 году
Ёва Сіміч, уласьнік басьнійскай кампаніі Agro-Simeks, пацьвердзіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што яго кампанія паставіла 245 трактароў у межах гэтай схемы, аднак запярэчыў заявам, што ён меў нейкія асаблівыя прывілеі:
«Я не зьвязаны з палітыкай. Я імпартаваў гэтыя трактары яшчэ да пачатку праграмы і буду працягваць іх імпартаваць — зь дзяржаўнай падтрымкай ці безь яе».
Сэрбская кампанія Agropanonka, праз якую ішоў імпарт, не адказала на пытаньні да моманту публікацыі.
Беларусь знаходзіцца пад маштабнымі санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, на якіх Лукашэнка абвясьціў пра сваю перамогу, а ўлады жорстка здушылі масавыя пратэсты. Санкцыі былі пашыраныя пасьля таго, як Менск падтрымаў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.
Хоць Босьнія і Герцаговіна палітычна далучылася да санкцыяў ЭЗ, фактычна абмежаваньні так і не былі прынятыя, бо міністры ад Рэспублікі Сэрбскай ва ўрадзе дзяржавы — усе яны сябры Додзікавай партыі — выступілі супраць.
Ініцыятыва Лукашэнкі і Додзіка
Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай вылучыла каля 4 мільёнаў эўра ў выглядзе субсыдыяў у 2024 годзе і яшчэ 2 мільёны эўра ў 2026 годзе праз спэцыяльны «Фонд разьвіцьця партнэрства».
Гэтая схема дазволіла ўнікнуць абвяшчэньня тэндэру, бо трактары куплялі асобныя фэрмэрскія гаспадаркі, а не дзяржаўныя ўстановы ці прадпрыемствы.
З улікам уласных сродкаў фэрмэраў агульны кошт набытых трактароў перавышае 10 мільёнаў эўра.
Сава Мініч (трэці зьлева), уласьнік кампаніі Agropanonka Драгалюб Швоня (другі зьлева), генэральны дырэктар МТЗ Сяргей Аўраменка (чацьвёрты зьлева), першы намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі Андрэй Канюшка (другі справа). Менск, 3 чэрвеня 2025 году
Гэтая схема зьявілася пасьля падпісаньня ў траўні 2024 году мэмарандуму аб супрацы ў сельскай гаспадарцы паміж Беларусьсю і Рэспублікай Сэрбскай. Паводле афіцыйных асобаў, дакумэнт прадугледжваў стварэньне фонду ў 5 мільёнаў эўра.
«Гэта адкрыла шлях для нашай прадукцыі. Мы таксама разглядаем магчымасьць вытворчасьці [сельскагаспадарчай тэхнікі] у Рэспубліцы Сэрбскай і яе экспарту ў іншыя краіны», — заявіў 8 траўня 2024 году ў Баня-Луцы тагачасны міністар прамысловасьці Беларусі Аляксандр Рагожнік.
З заяваў афіцыйных асобаў вынікае, што праграма паставак трактароў стала вынікам сустрэчы Міларада Додзіка і Аляксандра Лукашэнкі ў Менску ў пачатку лютага 2024 году.
«Гэта рэалізацыя дамоўленасьці Додзіка і Лукашэнкі», — сказаў пры падпісаньні мэмарандуму тагачасны міністар сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай Сава Мініч.
Трактары заводу, які пад санкцыямі
Шэраг дзяржаваў, у тым ліку Ўкраіна, Канада і Польшча, увялі санкцыі супраць Менскага трактарнага заводу за яго сувязі зь дзяржаўным сэктарам Беларусі і рэжымам Лукашэнкі.
Санкцыі былі ўведзеныя пасьля жорсткага здушэньня апазыцыйных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году — выбараў, вынікаў якіх не прызналі Эўрапейскі Зьвяз, Злучаныя Штаты і большая частка заходняй супольнасьці.
Сам Аляксандар Лукашэнка таксама застаецца пад санкцыямі ЭЗ, а Злучаныя Штаты ўключылі яго ў «чорны сьпіс» яшчэ і па абвінавачваньні ў карупцыі.
Чаму беларускія трактары?
Праграмы падтрымкі сельскай гаспадаркі і схемы дзяржаўных закупаў звычайна грунтуюцца на аб’ектыўных крытэрыях, такіх як акупнасьць, магутнасьць рухавіка або тэхнічныя характарыстыкі.
Аднак не было апублікавана ніякага аналізу, які тлумачыў бы, чаму былі абраныя трактары беларускага дзяржаўнага прадпрыемства замест іншых марак.
Прэм’ер-міністар Рэспублікі Сэрбскай Сава Мініч (першы зьлева) і міністар сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай Анджэлка Кузьміч (другая справа) падчас перадачы трактара, 10 жніўня 2026 году
Райка Кэцан з назіральнай групы Tender кажа, што сыстэма дзяржаўных закупаў у Босьніі дапускае практыкі, у іншых эўрапейскіх краінах забароненыя, пры гэтым прадугледжваючы толькі мінімальныя пакараньні пры выяўленьні віны.
«Закон легалізаваў карупцыю, за якую няма адказнасьці. Мы падаем скаргі, і часам установы вымушаныя скасоўваць свае рашэньні, але нікога не прыцягваюць да адказнасьці», — дадаў Кэцан.
Ён падкрэсьліў, што кожны выпадак, які выклікае хаця б найменшы сумнеў у законнасьці паводзінаў адпаведных установаў, павінен быць прадметам разгляду кантрольных органаў і праваахоўных структураў.
Тры пагадненьні — адзін дыстрыбутар
Згодна з нарматыўнымі актамі міністэрства, фэрмэры набывалі трактары «Беларус» праз упаўнаважаных дыстрыбутараў, якія падпісалі пагадненьні зь міністэрствам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай аб рэалізацыі праекту «Вёска Рэспублікі Сэрбскай — маё месца для жыцьця».
Хоць міністэрства падпісала пагадненьні з трыма кампаніямі, у тым ліку CL Dominator і Sinpeks B, але ўрэшце ўсе трактары былі пастаўленыя праз кампанію Agro-Simeks.
«Мы ня ўдзельнічалі ў разьмеркаваньні — ні сёлета, ні ў 2024 годзе», — паведаміў Лазар Джэкіч, уласьнік CL Dominator.
Стэвіца Сімойлавіч, уласьнік Sinpeks B, сказаў, што яго кампанія ўдзельнічала ў праграме 2024/2025 гадоў, але ня ў 2026-м.
«Сёлета я ў гэтым ня ўдзельнічаў. Усім займаўся той Agro-Simeks. Так вырашыла кампанія-дыстрыбутар Agropanonka з Новага Саду», — сказаў ён.
Сіміч, уласьнік Agro-Simeks, заявіў, што ня бачыць нічога спрэчнага ў такой схеме працы, а трактары выдатныя.
«Усё прайшло нармальна. Шкада толькі, што трактароў не было больш. Мы пакуль ня ведаем, ці працягнецца праграма налета. Да 2024 году праз Новы Сад ужо было ўвезена каля 620 трактароў», — сказаў ён.
У пэрыяд з 2021 па 2026 год кампанія Agro-Simeks таксама выйграла 21 тэндэр на пастаўкі дзяржаўным установам, камунальным прадпрыемствам і энэргетычнай кампаніі Рэспублікі Сэрбскай; агульны кошт гэтых кантрактаў склаў каля 255 000 эўра.
Сіміч пацьвердзіў, што трактары імпартаваліся праз кампанію Agropanonka і прадаваліся фэрмэрскім гаспадаркам, выбраным у адкрытым конкурсе міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Сэрбскай.
«Гэтыя трактары вырабленыя ў Беларусі. Яны [кампанія Agropanonka] раней нешта зьбіралі, прыходзілі рухавікі, трансьмісіі, і тут [у Новым Садзе] іх „скручвалі“, а з 2024 году іх вязуць зь Беларусі», — сказаў Сіміч.
Імпарт празь бізнэс ганаровага консула Беларусі
Заснавальнікам кампаніі Agropanonka з Сэрбіі, якая на сайце беларускага вытворцы пазначана як яго прадстаўнік у Босьніі й Герцаговіне, — Драгалюб Швоня, ганаровы консул Беларусі ў Новым Садзе.
У траўні 2024 году Швоня прысутнічаў пры падпісаньні мэмарандуму аб супрацы ў сельскай гаспадаркі ў Баня-Луцы, а ў чэрвені 2025 году суправаджаў тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі Саву Мініча ў візыце на Менскі трактарны завод.
У сакавіку 2025 году Лукашэнка ўзнагародзіў Швоню ордэнам Пашаны «за заслугі у разьвіцьці беларуска-сэрбскай гандлёвай, эканамічнай, культурнай, гуманітарнай і міжрэгіянальнай супрацы».
Швоня як ганаровы консул і прадпрымальнік часта сустракаўся з былым бурмістрам Новага Саду Мілашам Вучавічам, які пазьней стаў прэм’ер-міністрам Сэрбіі й лідэрам Сэрбскай прагрэсіўнай партыі, якая была пры ўладзе 14 гадоў.
У 2008 годзе кампанія Agropanonka і Менскі трактарны завод стварылі ў Сэрбіі прадпрыемства для зборкі трактароў Belarus-Agropanonka, дырэктарам якога паводле рэгістраў значыцца Швоня.
Згодна з публічнымі зьвесткамі, сумеснае прадпрыемства працуе амаль на мяжы акупнасьці, а ў 2025 годзе яно паведаміла пра страты ў памеры каля 98 000 эўра.
Наадварот, кампанія Agropanonka, якая займаецца імпартам і продажам тэхнікі, атрымлівала гадавы прыбытак ад 500 000 да 1 мільёна эўра.
Кампанія не адказала на пытаньні Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Фэрмэры, якія ўдзельнічалі ў праграме, адзначылі, што безь дзяржаўнай падтрымкі ім было б вельмі цяжка набыць новую тэхніку.
«Мы заплацілі каля 36 600 марак (прыкладна 18 000 эўра), а ўрад (Рэспублікі Сэрбскай) пакрыў каля 54 000 марак (27 000 эўра). Самі мы зь цяжкасьцю сабралі б усю суму», — сказала Мілена Майстаравіч зь Біеліны, якая ў жніўні набыла трактар.
Паводле зьвестак Палаты замежнага гандлю Босьніі й Герцаговіны, гандаль паміж Беларусьсю і гэтай дзяржавай адносна сьціплы. У гады, калі ўрад Рэспублікі Сэрбскай субсыдыяваў закуп беларускіх трактароў, імпарт транспартных сродкаў і дэталяў зь Беларусі дасягаў прыкладна 2,83 мільёна эўра. У 2025 годзе, калі субсыдыяў ужо не было, імпарт у гэтай катэгорыі скараціўся прыкладна да 12 000 эўра.
У сваёй справаздачы за 2026 год аб Босьніі й Герцаговіне Эўрапейская камісія адзначыла, што выкананьне санкцыяў супраць Расеі і Беларусі па-ранейшаму сутыкаецца з сурʼёзнымі перашкодамі ва ўстановах, якія кантралюе партыя Міларада Додзіка — Зьвяз незалежных сацыял-дэмакратаў (SNSD). Пры гэтым названыя ўстановы, наадварот, актывізавалі супрацу з расейскімі і беларускімі партнэрамі.
У справаздачы аб Сэрбіі Эўрапейская камісія таксама адзначыла, што Бялград толькі часткова ўзгадняе сваю замежную палітыку і палітыку бясьпекі з палітыкай ЭЗ — у тым ліку ў пытаньні санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.