Пацьвердзілася інфармацыя, што зьніклы ў Італіі беларус патануў

Італія. Ілюстрацыйнае фота

33-гадовы беларус Уладзімер Алдохін перастаў выходзіць на сувязь 13 верасьня.

Тацяна Алдохіна, маці зьніклага ў верасьні Ўладзімера, пацьвердзіла, што яе сын патануў.

«На маё няўцешнае гора, інфармацыя, што мой сыночак патануў, пацьвердзілася. [...] Дзякуй, сыночак мой, што калісьці абраў мяне ў мамы і ўсе гады быў маім самым любімым і любячым, шчырым, надзейным, спагадлівым і верным сябрам. Ты маё сэрца, мая душа, маё сьвятло, маё ўсё! Як гэта перажыць і як далей жыць», — напісала Тацяна ў сацыяльнай сетцы Threads.

Яна падзякавала ўсім, хто дапамагаў шукаць яе сына і публікаваў абвесткі аб ягоным зьнікненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Звольніўся з працы і паехаў адпачываць. Малады беларус зьнік у Італіі

Што папярэднічала

24 верасьня аб зьнікненьні Ўладзімера Алдохіна паведаміў у сетках адзін з рэдактараў беларускай Вікіпэдыі Ўладзіслаў Чаховіч. Яны былі школьнымі сябрамі. Таксама пра зьнікненьне Ўладзімера напісала яго маці .

Уладзімеру Алдохіну было 33 гады. Апошнімі гадамі ён жыў у Вільні. Працаваў інжынэрам-электрыкам у кампаніі I-Photonics UAB, паведаміў Чаховіч. Гэтая кампанія зарэгістраваная ў Літве з 2021 году, вырабляе высокатэхналягічнае абсталяваньне для вытворчасьці оптыкі і лазэрных сыстэмаў.

Уладзімер Алдохін скончыў унівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. Перад адпачынкам у Італіі ён звольніўся з працы. Сваім сябрам Уладзімер паведамляў, што знаходзіцца ў Ліворна, Таскана.

Ліворна — партовы горад на паўночным захадзе Італіі з каналам і прычаламі, які нагадвае Вэнэцыю, з насельніцтвам больш за 150 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуска, якая зьнікла ў Швайцарыі, выйшла на сувязь