Неспакойны вечар у Літве. Пагроза дронаў і кантрабандысцкіх балёнаў, кібэрінцыдэнт на мытні

Віленскі аэрапорт, архіўнае фота

Каля 23-й гадзіны мясцовага часу (24-й беларускага) жыхарам Віленшчыны і Ўцяншчыны прыйшлі апавяшчэньні на мабільныя тэлефоны пра жоўты ўзровень небясьпекі ў сувязі з магчымым залётам дронаў.

Праца віленскага аэрапорту была парушаная другі раз за вечар.

З 21:21 да 22:26 мясцовага часу абмежаваньні паветранай прасторы над віленскім аэрапортам уводзілі з прычыны навігацыйных адзнак на радарах, характэрных для паветраных шароў, перадае LRT. У паведамленьні гэта было названа гібрыднай атакай, якую Беларусь вядзе супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва.

А 21:47 увялі абмежаваньні і над ковенскім аэрапортам.

У паветра падымаліся зьнішчальнікі.

А 23:50 мясцовага часу на Віленшчыне стан небясьпекі адмянілі.

Увечары 10 лістапада Мытня Літвы паведаміла пра выяўленьне ў інфраструктуры інфармацыйных сыстэмаў прыкметаў магчымай незаконнай дзейнасьці. Пра інцыдэнт праінфармавалі Нацыянальны цэнтар кібэрнэтычнай бясьпекі і Дзяржаўнае агенцтва лічбавых рашэньняў.

Небясьпеку аб’явілі і ў Латвіі

У Лудзэнскім краі Латвіі аб’явілі паветраную небясьпеку з 23:25. Прыведзеныя ў дзеяньне падразьдзяленьні дронаў-перахопнікаў і супрацьпаветранай абароны. Край мяжуе зь Верхнядзьвінскім раёнам Беларусі і Себескай муніцыпальнай акругай Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўракамісія адмовілася аплаціць супрацьдронавыя сыстэмы краінам Балтыі

Чаму гэта важна

Некантраляваныя мэтэазонды падымаюцца на вышыню, на якой рухаюцца самалёты цывільнай авіяцыі, што ўплывае на бясьпеку палётаў і наносіць страты аэрапорту і авіякампаніям. Літоўскія авіяцыйныя ўлады лічаць, што зонды зь Беларусі спэцыяльна запускаюць у зоны, небясьпечныя для авіяцыі.

Дроны, якія сотнямі штодня выкарыстоўваюць войскі Расеі і Ўкраіны, часам адхіляюцца ад курсу і залятаюць у суседнія краіны. У Беларусі пра залёты вайсковых дронаў у рэжыме рэальнага часу не паведамляюць і трывогі не аб’яўляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка падзякаваў Пуціну за войскі, што ён трымае «на захадзе»