Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія адмовілася аплаціць супрацьдронавыя сыстэмы краінам Балтыі

Абломак дрона на пляжы ў Вэнтсьпілсе, Латвія. Верасень 2025 году
Абломак дрона на пляжы ў Вэнтсьпілсе, Латвія. Верасень 2025 году

Эўрапейская камісія адхіліла просьбу Літвы, Латвіі і Эстоніі вылучыць 500 мільёнаў эўра на распрацоўку сродкаў абароны ад бесьпілётнікаў, паведаміла паведамляе LRT.

Міністры абароны трох краінаў накіравалі Эўракамісіі ліст з адпаведнай просьбай пры канцы верасьня. Ягоны зьмест засакрэчаны, але, як паведаміў LRT міністар абароны Літвы Робэртас Каўнас, краіны Балтыі хацелі аб’яднаць тэхналёгіі выяўленьня дронаў, штучны інтэлект і сродкі перахопу ў адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны.

Пасьля адмовы эўракамісар у пытаньнях абароны і космасу Андрус Кубілюс прапанаваў ім скарыстацца дадатковым фінансаваньнем у рамках праграмы Security Action for Europe (SAFE). Яна прадугледжвае вылучэньне льготных крэдытаў на закупку ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ў краінах Эўразьвязу.

Прэм’ер-міністар Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што яго расчаравала такая прапанова.

«Гэта вельмі нэгатыўны сыгнал, бо сапраўды былі прыкладзеныя максымальныя намаганьні, каб давесьці, што гэта неабходна. Мы знаходзімся на мяжы, на ўсходнім флянгу, і відавочна, што да нас залятаюць дроны і гэта стварае для нас праблемы. Такое неразуменьне або недастатковая салідарнасьць унутры Эўрапейскага зьвязу крыху зьдзіўляе. Гэта даволі расчаравальная пазыцыя Эўрапейскага зьвязу», — сказаў Сінкявічус журналістам у сераду.

Паводле LRT, краіны Балтыі таксама могуць атрымаць фінансаваньне з Фонду інтэграванага кіраваньня межамі, аднак у гэтым выпадку сумы будуць значна меншыя за запытаныя 500 мільёнаў эўра.

Сёлета ў балтыйскіх краінах было ня менш за 18 залётаў вайсковых дронаў. І гэта без уліку дронаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі, якіх у Літве за гэты год зафіксавалі ўжо больш за 60.

Тым часам у Літве зьбіраюцца вярнуць усеагульны прызыў

Дзяржаўная рада абароны Літвы ўхваліла рашэньне ўвесьці ў краіне ўсеагульную вайсковую павіннасьць з 2032 году. Пра гэта 29 кастрычніка паведамілі мясцовыя СМІ са спасылкай на прэзыдэнта краіны Гітанаса Наўседу.

«Мы вырашылі, што ўсеагульны прызыў будзе ўведзены з 2032 году», — заявіў Наўседа пасьля пасяджэньня рады.

З восені 2008 ў Літве не было абавязковага прызыву. Яго вярнулі ў 2015 годзе пасьля расейскай анэксіі Крыму, але часткова. Штогод прызывалі каля 5 тысяч юнакоў. Пасьля ўвядзеньня ўсеагульнага прызыву будуць прызываць каля 7,5 тысячы чалавек.

Што папярэднічала

Пры канцы жніўня стала вядома, што Латвія, Літва і Эстонія 30 ліпеня накіравалі ў эўрапейскія структуры звароты, дзе выказалі занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі. Ліст таксама падтрымалі эўракамісары ад Польшчы і Фінляндыі.

Гэты ліст стаў адным з чарады трывожных званкоў, а пікам — нечаканы візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня. Рэткліф прыляцеў у Маскву, каб заклікаць Крэмль не дапускаць эскаляцыі канфліктаў з хаўрусьнікамі ЗША, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой, — крыніцы, якія атрымалі інфармацыю пра візыт, пацьвердзілі гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 26 жніўня.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу існаваньня такіх плянаў.

Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль. Адначасова з тэрыторыі Беларусі пэрыядычна заляталі кантрабандныя балёны, а таксама дроны (расейскія і ўкраінскія), празь якія ў Літве вымушана спынялі дзейнасьць аэрапортаў, найчасьцей у Вільні.

Апошні інцыдэнт адбыўся ў ноч на 15 верасьня, калі зьнішчальнік NATO недалёка ад Коўна зьбіў бесьпілётнік, які прыляцеў зь Беларусі і пра які беларускія вайскоўцы не папярэдзілі Літву. Дрон быў расейскага паходжаньня і меў баявую частку. З гэтай прычыны Вільня заявіла Менску рашучы пратэст.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG