Хроніка перасьледу 10 лістапада. Кнігу пра генэрала Захаранку і закрыты чат адвакатаў аб’явілі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі

Суд Партызанскага раёну, які месьціцца ў «Доме правасудзьдзя», угледзеў «экстрэмізм» у кнізе пра зьнікненьне генэрала Захаранкі, выдадзенай 21 год таму

Міністэрства інфармацыі абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле судовых рашэньняў пачатку лістапада. У яго ўключылі закрыты чат адвакатаў і кнігу пра зьніклых палітыкаў, выдадзеную больш як дваццаць гадоў таму.

Міністэрства інфармацыі абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле судовых рашэньняў пачатку лістапада, паведаміла «Вясна». У яго ўключылі наступныя рэсурсы.

• Кніга «Хроника государственной подлости. Что, как и почему случилось с генералом Юрием Захарченко», якая выйшла ў 2005 годзе. Сярод аўтараў — Алег Волчак, Васіль Санін і Павал Уладзіміраў. Кніга прысьвечаная зьнікненьню былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі ў 1999 годзе.

У 2006 годзе ў праваабаронцы Алега Волчака канфіскавалі адну кнігу на мяжы. Пазьней КДБ даў заключэньне, што кніга магла нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Беларусі, а суд у Горадні аштрафаваў Алега Волчака.

• Закрыты чат адвакатаў Мінскай гарадзкой калегіі адвакатаў у Viber.

Паводле «Вясны», у зьняволеньні застаюцца сем беларускіх адвакатаў:

Андрэй Балмакоў (з сакавіка 2025 году),
Аляксей Бародка (з студзеня 2023 году),
Віталь Брагінец (з траўня 2022 году),
Дзьмітры Лаеўскі (зь верасьня 2026 году),
Юлія Нікіціна (са студзеня 2026 году),
Сяргей Хлыстоў (з красавіка 2025 году),
Юлія Юргілевіч (з жніўня 2022 году).

Агулам з 2020 году палітычна матываваны крымінальны перасьлед зазналі ня менш за 16 беларускіх адвакатаў. Сотні адвакатаў пазбавіліся права займацца прафэсіяй на падставах, непрымальных у дэмакратычным грамадзтве, адзначае «Вясна».

• «Белавуд гаворыць!» (@belawoodspeech) — тэлеграм-чат, зьвязаны з каналам «Священный Белавуд», які асьвятляе беларускае кіно, кінаіндустрыю і навіны гэтай сфэры.

• «Склад Dapamoga» (@skladdapamoga) — тэлеграм-чат, зьвязаны зь беларускай арганізацыяй «Дапамога», якая працуе ў Літве і падтрымлівае беларусаў, што вымушана пакінулі краіну. Арганізацыя займаецца гуманітарнай дапамогай, дапамагае з пошукам жытла і адаптацыяй, а таксама забясьпечвае людзей адзеньнем, абуткам і рэчамі для дому.

• «Кондратенко Виталий virus» (@phoenixosintvirus) — тэлеграм-канал, які аўтары называюць «праектам, накіраваным на выкрыцьцё прарасейскай агентуры ў апазыцыйным асяродзьдзі». У адкрытай стужцы каналу публікуюцца палітычныя допісы і крытычныя камэнтары пра беларускія дэмакратычныя сілы, Сьвятлану Ціханоўскую і незалежныя мэдыя.

Таксама правабаронцы «Вясны» заўважылі, што зьнік тэлеграм-канал, празь які можна было сачыць за абнаўленьнямі пераліку людзей, унесеных МУС Беларусі ў сьпіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». З канца верасьня сьпіс перастаў абнаўляцца на сайце МУС. Сам сайт недаступны па-за межамі краіны.

Старонка на сайце МНС Беларусі «Аб мерах супрацьдзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» з паведамленьнем пра часовую недаступнасьць праз тэхнічныя прычыны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былыя палітвязьні расказалі пра начныя праверкі і спробы вэрбаваньня ў КДБ пасьля вызваленьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жаночы дзень за кратамі. Як асуджаныя беларускі жывуць у калёніях