Ужо сёньня: 6 гадоў таму быў зьбіты Раман Бандарэнка, які памёр ад пабояў

Менск, праспэкт Незалежнасьці. Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і завезены ў міліцыю. Лістапад 2020

Падзеі 11 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

11 лістапада 2020 году Раман Бандарэнка на «плошчы Перамен» (у двары на скрыжаваньні вуліц Чарвякова і Кахоўскай) быў выкрадзены і пабіты невядомымі людзьмі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Рамана прывезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.

Дзень у гісторыі

1673 — у бітве пад Хоцінам войска Рэчы Паспалітай пад камандаваньнем гетмана Яна Сабескага здабыло перамогу над арміяй Асманскай імпэрыі. У бітве ўдзельнічала і войска Вялікага Княства Літоўскага.

Хацінскі замак, архіўнае фота

1918 — Польшча аднавіла незалежнасьць пасьля 123 гадоў знаходжаньня пад Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Гэта стала магчымым дзякуючы паразе Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны ў Першай сусьветнай вайне і распаду Расейскай імпэрыі. У гэты дзень Юзаф Пілсудзкі, які вярнуўся зь нямецкага зьняволеньня, узначаліў польскае войска. Сёньня ў Польшчы — Нацыянальнае сьвята незалежнасьці.

1918 — скончылася Першая сусьветная вайна. У лесе каля францускага гораду Камп’ень прадстаўнікі Нямеччыны і дзяржаў Антанты падпісалі перамір’е. Канчатковыя ўмовы міру былі замацаваныя Вэрсальскай дамовай 28 чэрвеня 1919 году.

1975 — Ангола абвясьціла незалежнасьць ад Партугаліі пасьля амаль пяці стагодзьдзяў каляніяльнага панаваньня. Аднак паміж трыма галоўнымі вызвольнымі рухамі разгарнулася грамадзянская вайна, якая доўжылася 37 гадоў.

1920 — у Коўне ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і Літвы падпісалі дамову аб палітычным і вайсковым супрацоўніцтве. Літва афіцыйна прызнала ўрад БНР. Беларускі ўрад, у сваю чаргу, пагадзіўся падтрымаць Літву ў барацьбе за Віленшчыну, занятую польскімі войскамі генэрала Люцыяна Жалігоўскага.

1947 — у Полацку пачаўся судовы працэс над удзельнікамі Саюзу беларускіх патрыётаў, падпольнай моладзевай арганізацыі, якая выступала за абарону беларускай мовы, культуры і незалежнасьць краіны.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя зносіны з Ватыканам.

1999 — з Аршанскай калёніі выйшаў на свабоду двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў.

2022 — вызваленьне Херсона ўкраінскімі войскамі падчас вайны Расеі з Украінай.

Херсон, 13 лістапада 2026 году

2022 — судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна з калёніі на паўтара году турэмнага рэжыму. Палітвязьня кінулі ў горадзенскую турму. Там уначы на 11 ліпеня 2023 году яму стала блага. Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі горадзенскага шпіталя. Паводле зьвестак праваабаронцаў, прычынай стала нясвоечасовае аказаньне мэдычнай дапамогі турэмнікамі.

У гэты дзень нарадзіліся

1714 — Марцін Матушэвіч, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, пісьменьнік, аўтар «Дыярыюша майго жыцьця».

1821 — Фёдар Дастаеўскі, расейскі пісьменьнік, продкі якога паходзяць зь Беларусі.

Фёдар Дастаеўскі, 1861

1875 — Альбэрт Паўловіч, паэт-гумарыст, драматург.

1903 — Аляксандар Ільінскі, беларускі актор, народны артыст БССР і СССР.

1909 — Георгі Заборскі, беларускі архітэктар. Адзін з аўтараў манумэнта Перамогі ў Менску, архітэктар дамоў на вуліцы Леніна, будынкаў Пэдагагічнага ўнівэрсытэту, аэравакзалу «Менск-1», кінатэатру «Піянэр», Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, Тэатру лялек і шмат якіх іншых. За забудову Вярцялішак на Горадзеншчыне атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Вуліца Леніна (Францішканская) ў Менску

1922 — Курт Вонэгут, амэрыканскі пісьменьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вайну не выйграюць перамогамі». 7 ваенных раманаў, якія варта прачытаць

1925 — Алена Чабярук, беларуская мовазнаўца, дасьледніца беларускіх гаворак і беларуска-балцкіх моўных кантактаў. Ляўрэатка Дзяржаўных прэміяў СССР і Беларусі.

1929 — Леанід Сушчэня, беларускі вучоны заоляг і біёляг, прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі ў 1992–1997 гадах.

1955 —Галіна Тычка, літаратуразнаўца, прафэсарка.

У памяці

1855 — Сёрэн К’еркегор, дацкі філёзаф і тэоляг, родапачынальнік экзыстэнцыялізму.

1975 — Пётра Савачкін, беларускі гісторык.

1997 — Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак-манумэнталіст, народны мастак Беларусі. Ён стварыў мазаічныя пано на фасадах дамоў у менскім мікрараёне Ўсход, а таксама знакаміты «Габэлен стагодзьдзя» плошчай 266 квадратных мэтраў. Гэтае палатно, над якім працавалі майстры Барысаўскага камбінату дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, было ўнесенае ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адзін з найбуйнейшых габэленаў у сьвеце.

Будынкі з мазаічнымі пано ў менскім раёне Ўсход. Аўтар — народны мастак БССР Аляксандар Кішчанка

1999 — Ангеліна Бароўка, дзяячка беларускага супраціву, нявольніца ГУЛАГу.

2004 — Ясір Арафат, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі.