Беларускі міністар абароны Хрэнін ацаніў эфэктыўнасьць баявых дронаў у расейска-ўкраінскай вайне

Віктар Хрэнін (зьлева) і Аляксандар Вальфовіч (у цэнтры) ў кулюарах пасяджэньняў органаў АДКБ у Маскве, 11 лістапада 2026

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў аб перавагах выкарыстаньня дронаў ва ўзброеным канфлікце.

Віктар Хрэнін 10 лістапада знаходзіцца ў Маскве і ў кулюарах супольнага пасяджэньня Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэту сакратароў бясьпекі краін АДКБ.

Сярод іншага Хрэнін расказаў журналістам, чаму ў Беларусі надаюць вялікую ўвагу разьвіцьцю сродкаў супрацьдзеяньня дронам.

«Мы актыўна адсочваем сытуацыю. І бачым, як імкліва зьмяняюцца формы і спосабы вядзеньня баявых дзеяньняў. На сёньняшні дзень, калі гаварыць мовай лічбаў, ужо больш за 70 %, а то і 80 % ступень агнявога паражэньня занялі бесьпілётныя лятальныя апараты», — цытуе Віктара Хрэніна беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску заявілі, што распрацавалі перадатчык перашкод для прыкрыцьця інфраструктуры падчас вайсковай пагрозы

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны ад пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году.

Апошнім часам, калі Расея і Ўкраіна істотна павялічылі выкарыстаньне дронаў, яны пэрыядычна залятаюць на тэрыторыю Беларусі.

З іншага боку, Ўкраіна некалькі разоў публічна абвінаваціла Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Апошнія некалькі гадоў на ўсіх вайсковых вучэньнях пачалі адпрацоўваць працу супрацьпаветранай абароны менавіта з пункту гледжаньня барацьбы з дронамі.

Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі пэрыядычна паведамляе аб новых распрацоўках, якія дазваляюць супрацьдзейнічаць бесьпілётнікам.

У чэрвені 2025 году ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Беларусі афіцыйна абвясьцілі аб стварэньні ў структуры арміі войскаў бесьпілётных авіяцыйных комплексаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік Генэральнага штабу Муравейка паведаміў пра стварэньне ў Беларусі бесьпілётных войскаў