Пасьля новых украінскіх удараў па НПЗ у Расеі зноў увялі абмежаваньні на продаж паліва

Ілюстрацыйнае фота

Абмежаваньні пачынаюцца з найбуйнейшай па аб’ёмах здабычы нафтавай кампаніі.

Нафтавая кампанія «Роснефть» увяла абмежаваньні на продаж паліва на сваіх аўтазаправачных станцыях ува ўсіх рэгіёнах Расеі. Абмежаваньні ўвялі пасьля сэрыі новых украінскіх удараў па нафтаперапрацоўчых заводах.

У залежнасьці ад рэгіёну ў адны рукі дазволена прадаваць ад 30 да 50 літраў бэнзіну.

У некаторых рэгіёнах ужо ўводзяць абмежаваньне й на дызэльнае паліва.

Як высьветліла выданьне «Говорит НеМосква», на гэтую хвіліну абмежаваньні ўжо закранулі Карэлію, Бурацію, Забайкальскі край і Новасыбірскую вобласьць.

Раней у Расеі ўжо ўводзілі абмежаваньні на продаж паліва, а ў акупаваным Крыме наогул узьнік вялікі дэфіцыт. У Расеі на аўтазаправачных станцыях адбываліся бойкі за месца ў чарзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як пасьля ўкраінскіх атак выглядае станцыя «Самара» ў Расеі, празь якую беларускія заводы атрымліваюць нафту. ФОТА

Што папярэднічала

30 кастрычніка Ўкраіна аднавіла атакі на абʼекты паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі. Удары былі прыпыненыя прыблізна на паўмесяца пасьля патрабаваньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Але затым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўдары па расейскіх НПЗ спыняцца тады, калі ЗША даставіць Украіне ракеты для перахопу расейскіх ракет і дронаў, якія штодзённа такуюць цывільныя і энэргетычныя будынкі.

Як падлічыла «Агентство», з 30 кастрычніка атак украінскіх бесьпілётнікаў зазналі чатыры нафтаперапрацоўчых прадпрыемствы «Роснефть»: Новакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласьці, «Башнефть-Новойл» ува Ўфе, Разанскі НПЗ і «Славнефть-НОС» у Яраслаўлі — супольнае прадпрыемства двух расейскіх нафтавых гігантаў «Газпромнефть» і «Роснефть».

У канцы кастрычніка агенцтва Bloomberg пісала са спасылкай на крыніцы, што кіраўніцтва «Раснафты» выказала занепакоенасьць тым, што нават некалькі месяцаў вайны ўва Ўкраіне могуць нанесьці істотную шкоду справам кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі пажар на яшчэ адным нафтавым заводзе. Танкеры з расейскім дызэлем, якія накіроўваліся ў ЗША, зьмянілі курс