Танкеры з расейскім дызэльным палівам, якія накіроўваліся ў ЗША, мяняюць курс, адзін зайшоў у Міжземнае мора.
Пажар зафіксавалі ў прамысловай зоне Афіпскага НПЗ
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі Расеі ўсю ноч быў атакаваны. Густы чорны дым ідзе ў бок Краснадару.
На сёмую гадзіну раніцы ў Краснадары яшчэ гучала трывога.
Улады Краснадарскага краю і ўкраінскія вайскоўцы пакуль не камэнтуюць гэтай інфармацыі.
За апошнія сем дзён украінскія сілы атакавалі Навакуйбышаўскі, Уфімскі, Кстоўскі, Яраслаўскі, Разанскі нафтаперапрацоўчыя заводы і пампавальную станцыю «Самара».
Расейскія танкеры зьмянілі курс «да распараджэньня»
Выданьне Financial Times з спасылкай на зьвесткі аб адсочваньні судоў і ўдзельнікаў нафтавага рынку паведаміла пра зьмену курсу двух танкераў з расейскім дызэльным палівам, якія накіроўваліся ў ЗША паводле дамоўленасьці прэзыдэнта Дональда Трампа з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.
Танкер Talisman, што знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Вялікай Брытаніі і Эўразьвязу, накіраваўся ў Міжземнае мора і цяпер каля берагоў Альжыру. Замест прызначэньня ў амэрыканскі порт карабель цяпер мае статус «у чаканьні распараджэньняў».
Другі танкер, Leruo, што належыць ганконскай кампаніі і ходзіць пад сьцягам Сьера-Леонэ, зьмяніў курс прызначэньня на Бразылію. Карабель знаходзіцца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі, ЭЗ і Канады.
Трэці танкер, Agioi Fanendes, што належыць грэцкай навігацыйнай кампаніі Eastern Mediterranean Maritime, працягвае курс у бок ЗША, але пры гэтым таксама мае статус «у чаканьні распараджэньняў». Паводле ўласьніка, порт выладаваньня пакуль ня вызначаны.
Яшчэ адзін танкер, Taurus, як паказваюць сэрвісы адсочваньня, швартаваўся ў розных амэрыканскіх партах, але, імаверна, так і ня змог разгрузіцца. 4 лістапада Taurus прыстаў у порце Балтымару.
Пяты карабель, Beast, што належыць кампаніі з Сэйшэльскіх астравоў і знаходзіцца пад санкцыямі, 27 кастрычніка заладаваўся дызэльным палівам у расейскім порце Прыморск Ленінградзкай вобласьці і накіраваўся ў Атлянтычны акіян. Пунктам прызначэньня яго пазначана атлянтычнае ўзьбярэжжа ЗША.
Што папярэднічала
Дональд Трамп дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб пастаўках расейскага дызэльнага паліва за некалькі тыдняў да прамежкавых выбараў у ЗША. Белы дом разьлічваў такім чынам зьнізіць цэны на паліва пры дэфіцыце нафтапрадуктаў. Гэтая дамоўленасьць выклікала крытыку як сярод дэмакратаў, так і часткі рэспубліканцаў, якія назвалі яе незаконнай і патрабавалі яе скасаваць.
Пасьля пачатку вайны ў Іране запасы дызэльнага паліва ў ЗША скараціліся да мінімуму да два дзесяцігодзьдзі.
З пачатку амэрыканска-ізраільскай ваеннай апэрацыі супраць Ірану ф’ючэрсныя цэны на дызэльнае паліва вырасьлі больш чым на 60%. Паводле ацэнкі выданьня Financial Times, спроба адміністрацыі Трампа зьнізіць цану за кошт расейскага паліва не прынесла чаканых вынікаў, а на прамежкавых выбарах Дэмакратычная партыя атрымала кантроль над дзьвюма палатамі Кангрэсу.
Форум