У Беларусь прыбылі палітыкі зь нямецкай зямлі Брандэнбург. Хто ў дэлегацыі

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Сякрэта (у цэнтры) і нямецкі палітык Дамінік Міхалькевіч (справа). Менск, 9 лістапада 2026 году

Візыт нямецкіх палітыкаў крайніх левых і правых поглядаў у Віцебск і Менск раней анансавалі на 6–11 лістапада. 9 лістапада іх прынялі ў МЗС Беларусі.

9 лістапада палітыкі зь нямецкай зямлі Брандэнбург сустрэліся з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Ігарам Сякрэтам.

Сякрэта заявіў, што «Беларусь хацела б мець нармальныя адносіны з Нямеччынай»:

«Нармалізацыя патрэбная, але не за ўсякую цану, у тым ліку за кошт адносінаў з нашымі бліжэйшымі саюзьнікамі і партнэрамі, перш за ўсё з Расеяй і Кітаем, або за кошт стварэньня пагрозаў нашай унутранай стабільнасьці».

Сякрэта рэзка скрытыкаваў палітыку нямецкага ўраду, у тым ліку санкцыі, заявіўшы, што апошнімі гадамі афіцыйны Бэрлін нібыта «зрабіў шмат, каб зьнішчыць рэпутацыю Нямеччыны ў Беларусі, і аднавіць давер будзе вельмі няпроста».

Гэта слухалі нямецкія палітыкі зь зямлі Брандэбург, што на ўсходзе Нямеччыны, якая раней была ў складзе ГДР.

Сярод іх быў арганізатар гэтай паездкі, палітык зь левапапулісцкага «Зьвязу за сацыяльную справядлівасьць і разумную эканоміку» (BSW, раней — «Зьвяз Сары Вагенкнэхт»), дэпутат ляндтагу фэдэральнай зямлі Брандэнбург Свэн Горнаўф з Франкфурту-на-Одэры, Гайка Козел, нямецка-лужыцкі палітык зь Левай партыі (былыя камуністы), экс-дэпутат зямельнага парлямэнту Саксоніі.

Дэпутат ляндтагу фэдэральнай зямлі Брандэнбург Свэн Горнаўф у Менску. Справа ад яго Гайка Козел. 9 лістапада 2026

Раней Свэн Горнаўф казаў аб плянах аднавіць супрацу нямецкіх гарадоў зь іхнымі гарадамі-пабрацімамі зь Беларусі і Расеі, каб «падаць сыгнал у карысьць узаемаразуменьня паміж народамі». Палітык таксама плянуе візыт у Расею ў красавіку 2027 году.

Ён паведамляў, што ў паездцы ў Беларусь зьбіраюцца ўдзельнічаць ад 30 да 40 чалавек, большасьць іх не сябры палітычных партыяў.

Сярод удзельнікаў ён называў чальцоў BSW, а таксама прадстаўнікоў «зялёных» і ўльтраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AfD).

У Беларусь прыбыў таксама Райнэр Гебаўэр, які разам з Свэн Горнаўфам у сакавіку 2026 году наведваў амбасаду Расеі ў Бэрліне і выступае за сяброўства з Расеяй.

Сярод прысутных у Менску заўважылі моладзевага палітыка Дамініка Міхалькевіча, які займае пасаду старшыні рэгіянальнага аддзялення моладзевай арганізацыі JSW (моладзевага крыла партыі «Зьвяз Сары Вагэнкнэхт» — BSW) у фэдэральнай зямлі Брандэнбург, а таксама пастара Готфрыда Шпіта, зьвязанага з правапапулісцкай партыяй «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD), дэпутата гарадзкой рады Франкфурту-на-Одэры.

Готфрыд Шпіт

Што папярэднічала

У 2022 годзе пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, шмат нямецкіх гарадоў заявілі аб спыненьні пабрацімскіх кантактаў зь беларускімі і расейскімі гарадамі. Аднак паводле апытаньня, праведзенага ў 2026 годзе мэдыягрупай Redaktionsnetzwerk Deutschland, сярод прыблізна 100 нямецкіх гарадоў і грамадаў цалкам спынілі партнэрства з Расеяй толькі ў адным выпадку.

Пры гэтым сакрэтныя кантакты з РФ, у тым ліку запрашэньні прадстаўнікоў гарадоў Расеі ў Нямеччыну, пасьля 2022 году працягвалі каля 40% апытаных муніцыпалітэтаў, паведамляла RND. У 42% нямецкіх муніцыпалітэтаў-рэспандэнтаў выступілі за аднаўленьне партнэрства з Расеяй у выпадку мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне.

Афіцыйнай статыстыкі аб тым, колькі нямецкіх гарадоў спынілі супрацу зь беларускімі гарадамі-пабрацімамі, няма. Улады Беларусі сьцьвярджалі, што, нягледзячы на «складаную сытуацыю», кантакты паміж гарадамі працягваюцца. Згодна з інфармацыяй амбасады Беларусі ў Нямеччыне, гістарычна склалася 21 пара гарадоў-пабрацімаў, у тым ліку Магілёў — Вітэнбэрг, Полацак — Фрыдрыхсгафэн, Касьцюковічы — Дыцэнбах, Менск — Бэрлін, Віцебск — Нінбург.

Што вядома пра Горнаўфа

Свэн Горнаўф трапіў у загалоўкі СМІ вясной 2026 году, калі стаў адным з ініцыятараў візыту чальцоў і прыхільнікаў BSW у расейскую амбасаду ў Бэрліне. Раней палітыка крытыкавалі за падтрымку некалькіх ініцыятываў „Альтэрнатывы для Нямеччыны“.

Акрамя таго, Горнаўф крытыкаваў узмацненьне захадаў Нямеччыны дзеля забесьпячэньня сваёй абароны пры агрэсіўнай палітыцы Расеі. У прыватнасьці, ён выступаў супраць разьмяшчэньня амэрыканска-ізраільскай сыстэмы супрацьракетнай абароны Arrow 3 на базе Бундэсвэру ў Гольцдорфе. Сыстэму прынялі на баявое дзяжурства ў Нямеччыне ў канцы 2025 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцебск і Менск наведаюць нямецкія палітыкі. Хочуць аднавіць супрацу паміж гарадамі-пабрацімамі