Палітык зь левапапулісцкага «Зьвязу за сацыяльную справядлівасьць і разумную эканоміку» (BSW, раней — «Зьвяз Сары Вагэнкнэхт»), дэпутат ляндтагу фэдэральнай зямлі Брандэнбург Свэн Горнаўф заявіў аб плянах адправіцца ў лістападзе на аўтобусе ў Віцебск з дэлегацыяй аднадумцаў.
Як паведаміла выданьне Deutsche Welle, пра гэта Горнаўф заявіў у інтэрвію рэгіянальнай газэце Märkische Oderzeitung 3 кастрычніка, а на наступны дзень пра гэтыя пляны паведамілі і буйныя нямецкія мэдыя, у тым ліку агенцтва dpa, газэты Tagesspiegel і Die Welt.
Паводле Горнаўфа, ён мерыцца аднавіць супрацу нямецкіх гарадоў зь іхнымі пабрацімамі зь Беларусі і Расеі, каб «падаць сыгнал на карысьць узаемаразуменьня паміж народамі». Палітык таксама плянуе візыт у Расею ў красавіку 2027 году. Важна «зноў наладзіць нармальныя рэгулярныя кантакты — беспасярэдне на ўзроўні людзей, і каб агульны палітычны клімат, усё роўна зь якога боку, не перашкаджаў ім», мяркуе ён.
У паездцы ў Беларусь, паводле Горнаўфа, зьбіраюцца ўдзельнічаць ад 30 да 40 чалавек, большасьць іх не сябры палітычных партыяў. Разам з тым палітык назваў сярод удзельнікаў некалькіх чальцоў BSW, а таксама прадстаўнікоў «зялёных» і ультраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AfD). Канчатковы склад дэлегацыі сфармуюць на падрыхтоўчых сустрэчах.
Як адзначыў Горнаўф, з 6 па 11 лістапада дэлегацыя зь яго роднага Франкфурту-на-Одэры наведае Віцебск. Іншыя ўдзельнікі гэтай паездкі маюць намер адправіцца ў Менск і яшчэ некалькі беларускіх гарадоў-пабрацімаў. Усе візыты тлумачаць жаданьнем аднавіць пабрацімскія сувязі.
Што папярэднічала
У 2022 годзе пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, шмат нямецкіх гарадоў заявілі аб спыненьні пабрацімскіх кантактаў зь беларускімі і расейскімі гарадамі. Аднак паводле апытаньня, праведзенага ў 2026 годзе мэдыягрупай Redaktionsnetzwerk Deutschland, сярорд прыблізна 100 нямецкіх гарадоў і грамадаў цалкам спынілі партнэрства з Расеяй толькі ў адным выпадку.
Пры гэтым сакрэтныя кантакты з РФ, у тым ліку запрашэньні прадстаўнікоў гарадоў Расеі ў Нямеччыну, пасьля 2022 году працягвалі каля 40% апытаных муніцыпалітэтаў, паведамляла RND. У 42% нямецкіх муніцыпалітэтаў-рэспандэнтаў выступілі за аднаўленьне партнэрства з Расеяй у выпадку мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне.
Афіцыйнай статыстыкі аб тым, колькі нямецкіх гарадоў спынілі супрацу зь беларускімі гарадамі-пабрацімамі, няма. Улады Беларусі сьцьвярджалі, што, нягледзячы на «складаную сытуацыю» кантакты паміж гарадамі працягваюцца. Згодна з інфармацыяй амбасады Беларусі ў Нямеччыне, гістарычна склалася 21 пара гарадоў-пабрацімаў, у тым ліку Магілёў — Вітэнбэрг, Полацак — Фрыдрыхсгафэн, Касьцюковічы — Дыцэнбах, Менск — Бэрлін, Віцебск — Нінбург.
Што вядома пра Горнаўфа
Свэн Горнаўф трапіў у загалоўкі СМІ вясной 2026 году, калі стаў адным з ініцыятараў візыту чальцоў і прыхільнікаў BSW у расейскую амбасаду ў Бэрліне. Раней палітыка крытыкавалі за падтрымку некалькіх ініцыятываў „Альтэрнатывы для Нямеччыны“.
Акрамя таго, Горнаўф крытыкаваў узмацненьне захадаў Нямеччыны дзеля забесьпячэньня сваёй абароны пры агрэсіўнай палітыцы Расеі. У прыватнасьці, ён выступаў супраць разьмяшчэньня амэрыканска-ізраільскай сыстэмы супрацьракетнай абароны Arrow 3 на базе бундэсвэру ў Гольцдорфе. Сыстэму прынялі на баявое дзяжурства ў Нямеччыне ў канцы 2025 году.
Форум