Улады Беларусі зноў павялічваюць фінансаваньне абароны і сілавікоў. Якія расходы прапануюць у бюджэце на 2027 год

Палата прадстаўнікоў ухваліла праект дзяржаўнага бюджэту на 2027 год у першым чытаньні. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі прапанаваў павялічыць у 2027 годзе расходы на нацыянальную абарону, а таксама на судовую ўладу, сілавыя структуры і органы бясьпекі.

Як вынікае з апублікаванага праекту дзяржаўнага бюджэту на 2027 год, на абарону прадугледжана 5,187 мільярда рублёў, а на судовую ўладу, сілавыя структуры і органы бясьпекі — 7,473 мільярда рублёў. У 2026 годзе гэтыя лічба складалі адпаведна 4,521 і 6,701 мільярда рублёў.

Расходы на ўтрыманьне сілавых структур ужо каторы год перавышаюць расходы на нацыянальную абарону.

На экалёгію ў 2027 годзе плянуюць выдзеліць 273,825 мільёна рублёў, на ахову здароўя — 3,89 мільярда, на фізычную культуру, спорт, культуру і СМІ — 1,103 мільярда, а на адукацыю — 2,969 мільярда рублёў.

На гэтыя лічбы зьвярнула ўвагу Вонкавая выведка Ўкраіны. Паводле ўкраінскіх выведнікаў, беларускі рэжым накіроўвае на дзейнасьць рэпрэсіўнай машыны больш за 20 % дзяржаўных расходаў.

«Асноўны прырост фінансаваньня атрымаюць структуры, што кантралююць грамадзтва і забясьпечваюць захаваньне ўлады Лукашэнкі. Міністэрству ўнутраных спраў вылучаць прыблізна 945 мільёнаў даляраў супраць 856 мільёнаў годам раней. Расходы на пракуратуру павялічацца на 16,2%, суды — на 14,7%, памежную службу — на 14,4%, органы дзяржбясьпекі — на 13%. Пэнітэнцыярная сыстэма атрымае прыблізна на 10% больш сродкаў», — адзначаецца ў паведамленьні Вонкавай выведкі Ўкраіны.

Асобна ва Ўкраіне зьвярнулі ўвагу на тое, што рэальныя расходы апошнія пяць гадоў перавышаюць заплянаваныя. Паводле выведнікаў, у 2022 годзе розьніца складала прыблізна 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце, а ў 2025-м — 82 мільёна даляраў.

«Менск павялічвае расходы на сілавы апарат хутчэй, чым на іншыя бюджэтныя артыкулы ўвогуле. Лукашэнка працягвае ўкладаць грошы ў структуры, якія прыдушваюць пратэсты, перасьледуюць апанэнтаў і падтрымліваюць рэжым. На іншыя патрэбы дзяржавы грошай застаецца ўсё менш», — адзначаецца ў паведамленьні Вонкавай выведкі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі вырас заробак дзяржаўных службоўцаў. Наколькі ён большы за заробкі бюджэтнікаў?

Чаму гэта важна

Аляксандар Лукашэнка цягам усяго свайго знаходжаньня ва ўладзе заяўляў аб сацыяльна арыентаванай накіраванасьці дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, аб перавагах бясплатнай мэдыцыны і адукацыі.

У той жа час дзяржавы працягвае захоўваць у эканоміцы моцную рэгулятарную функцыю.

Палата прадстаўнікоў ухваліла праект дзяржаўнага бюджэту на 2027 у першым чытаньні. Разгляд у другім чытаньні імаверна адбудзецца ў канцы лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьледчы камітэт Беларусі набыў сувэнірныя гадзіньнікі па 800 даляраў«Праграма для галоўнага пацыента краіны»: што ня так з «Здароўем нацыі»Віктар Лукашэнка карыстаецца джыпамі, прывезенымі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 2019 годзеПаліцэйская дзяржава замест сацыяльнай: што стаіць за падаражэньнем камуналкі для «дармаедаў»Урад Беларусі заплянаваў на 2026 год больш штрафаў і канфіскацыяў маёмасьці