Яго прызналі вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і прызначылі яму 13 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў, гэта цяпер 45 тысяч рублёў.
Аляксея Зуевіча абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі (здрада дзяржаве), піша Вясна.
З рашэньня суду вынікае, што мужчыну інкрымінавалі «іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, скіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Справу разглядалі ў парадку спэцыяльнай вытворчасьці. Тэрмін пазбаўленьня волі будуць адлічваць з дня затрыманьня Зуевіча.
У паведамленьні суду, аднак, не раскрываецца, у чым дакладна, паводле абвінавачаньня, была «дапамога замежнай дзяржаве» і якія доказы былі пакладзеныя ў аснову абвінаваўчага прысуду.
Хто такі Аляксей Зуевіч
Аляксей Зуевіч — беларускі грамадзкі дзеяч, сябра партыі «Народная Грамада», прадпрымальнік.
У траўні 2020 году Зуевіч зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу для збору подпісаў за ягоную кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах. Але ў выніку кандыдатам зарэгістраваны ня быў, у выбарах удзелу ня браў. У жніўні 2020 году яго затрымлівалі ў Ельску. На наступны дзень суд Ельскага раёну прызнаў Аляксея Зуевіча вінаватым у «парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства» і прызначыў яму 10 содняў арышту.
Як расказвалі тады сябры Зуевіча, падставай стала тое, што ён раздаваў у цэнтры Ельску ўлёткі ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай. Міліцыя расцаніла гэта як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
У траўні 2021 году мужчыну зноў затрымалі і правялі ў яго вобшук. Пасьля гэтага ягоны перасьлед працягнуўся.