Частка інфармацыі на сайце «Росстат» стала недаступнай пасьля яго ўзлому беларускімі «Кібэрпартызанамі» і групай Silent Crow

Ілюстрацыйны скрыншот з сайту «Кібэрпартызанаў»

Беларуская хакерская група «Кібэрпартызаны» і праўкраінская група Silent Crow 1 лістапада заявілі пра ўзлом IT-інфраструктуры «Росстат» — Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расеі. Цяпер сталі вядомыя некаторыя наступствы.

Візуальна дакумэнты на сайце «Росстат» бачныя, але заладаваць іх немагчыма, зьвярнуў увагу расейскі незалежны рэсурс «Вёрстка».

На сайце «Росстат», зноў даступным пасьля хакерскай атакі, не аказалася асноўнай часткі статыстыкі, выкладзенай у Excel-дакумэнтах. Візуальна гэтыя файлы разьмешчаныя на сайце, але пры спробе заладаваць зьяўляецца «памылка 404» з надпісам «Дакумэнту, які вы шукаеце, тут няма. Скарыстайцеся пошукам альбо вярніцеся на адну з прапанаваных старонак».

«Вёрстка» праверыла розныя разьдзелы з дадзенымі — «Цэны, інфляцыя», «Нацыянальныя рахункі», «Насельніцтва», «Рынак працы, занятасьць і заработная плата», «Адукацыя», «Эфэктыўнасць эканомікі Расеі», «Фінансы», «Навука, інавацыі і тэхналёгіі», «Транспарт». Акрамя таго, з сайту зьніклі «Навіны» і «Навіны статыстыкі» больш чым за паўгода — апошнія зь іх датуюцца 13 сакавіка.

Частка статыстыкі на сайце засталася — у некаторых PDF-файлах, а таксама ў архіўных матэрыялах. Працуюць спасылкі на частку дадзеных, апублікаваных на асобным партале — у Адзінай міжведамаснай інфармацыйна-статыстычнай сыстэме Расеі.

Сайт «Росстат» трапіў пад кібэратаку ў ноч на 1 лістапада. Хакеры пакінулі пасланьне на беларускай мове: «Нікому не пазьбегнуць адказнасьці», а таксама іншыя паведамленьні. Яны былі разьмешчаныя як на старонках рэгіянальных упраўленьняў «Росстат», так і ў фэдэральнай частцы. Агенцтва 5 лістапада паведаміла, што яго афіцыйны сайт аднаўляе працу, але «ў мэтах бясьпекі дадзеных асобныя сэгмэнты інфраструктуры застаюцца ізаляванымі».

Тады ў прэс-службе ведамства пацьвердзілі РБК, што сайт «Росстат» быў недаступны. Хакеры заявілі, што пад іх кантролем апынулася каля 25 000 машын.

Прадстаўнік «Кібэрпартызанаў» Зьміцер Шчыгельскі заявіў Свабодзе, што гэта стратэгічная кібэрапэрацыя, накіраваная на тое, каб максымальна зьнізіць эфэктыўнасьць кіраваньня расейскай дзяржавай і эканомікай. Памер архіву, які ўдалося спампаваць, каля 1500 тэрабайт. Паводле Шчыгельскага, частка дадзеных ня можа быць адноўлена ніяк, яны зьніклі незваротна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Кібэрпартызаны» і Silent Crow абвясьцілі пра ўзлом расейскай Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік «Кібэрпартызанаў»: Мы атрымалі доступ да ўсіх базаў Расстату, частку дадзеных яны не адновяць