Прэм’ер-міністар Малдовы дапусьціў увядзеньне віз для грамадзян Беларусі

Прэмʼер-міністра Малдовы Васіле Тафан

Зь лістапада гэтага году ў сувязі з перамовамі аб уступленьні ў ЭЗ візавы рэжым у дачыненьні да грамадзян Беларусі ўвяла Чарнагорыя.

Малдова можа ўвесьці візы для грамадзян Беларусі падчас падрыхтоўкі да ўступленьня ў Эўразьвяз, гэта вынікае з заявы прэмʼер-міністра краіны Васіля Тафана ў эфіры малдаўскага тэлеканала TV8.

«Мы хочам працягваць эўрапейскі шлях. Я не гатовы назваць дату», — сказаў Тафан.

Паводле яго слоў, калі нормы ЭЗ запатрабуюць перагляду візавага рэжыму, Малдове трэба прыняць рашэньні, якія дазволяць ёй рушыць наперад на шляху да членства ў саюзе.

Як адзначае TV8 са спасылкай на даклад Эўракамісіі, Малдове неабходна прывесьці правілы ўезду для грамадзян 11 краін, у тым ліку Беларусі і Расеі, у адпаведнасьць з візавай палітыкай ЭЗ. Цяпер грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уяжджаць у Малдову бяз віз.

Нават пры дзейным бязьвізавым рэжыме ў грамадзян Беларусі і Расеі на мяжы могуць запатрабаваць дакумэнты, якія пацьвярджаюць мэту паездкі. Калі пацьвердзіць яе ня ўдаецца, памежная паліцыя мае права адмовіць ва ўезьдзе. Паводле зьвестак ведамства, прыведзеным у дакладзе амбудсмэна Малдовы, у 2025 годзе толькі ў аэрапорце Кішынёва ва ўезьдзе адмоўлена 84 грамадзянам Беларусі і 561 грамадзяніну Расеі, піша Позірк.

Візы з іншых краінаў

Сёлета ўжо некалькі краінаў зьмянілі свае візавыя патрабаваньні або падыход да выданьня візаў, што закранула й беларусаў.

Амбасада Чэхіі ў Менску абвясціла, што з 10 лістапада пачне прымаць электронныя запыты на запіс для падачы дакумэнтаў на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы з мэтай наведваньня сваякоў.

1 лістапада гэтага года ў сувязі з перамовамі аб уступленьні ў ЭЗ візавы рэжым у дачыненьні да грамадзян Беларусі ўвяла Чарнагорыя.

Казахстан заявіў, што ўводзіць у тэставым рэжыме платныя электронныя дазволы ETA для ўезду замежнікаў. Абавязковай новая сыстэма стане не адразу, а паэтапна. На першай стадыі, з 1 лістапада ETA патрэбная для ўезду праз аэрапорты.

У студзені Злучаныя Штаты прыпынілі апрацоўку іміграцыйных візаў, у тым ліку для беларусаў.

Рашэньне Італіі прыпыніць выдачу візаў праз «жывую чаргу» можа істотна ўскладніць паездкі беларусаў у гэтую краіну, якая да нядаўнага часу лічылася адной з найбольш лагодных для беларускіх грамадзян сярод краінаў Эўразьвязу.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Туркмэністан зьмяніў правілы ўезду для грамадзянаў Беларусі, і гэта ня першая краіна сёлета