«Вясна»: рэпрэсіі працягваюцца, але ўлады хаваюць інфармацыю пра асуджаных па палітычных матывах

Турма ў Горадні, архіўнае фота

172 палітвязьня ў беларускіх турмах знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі па стане на кастрычнік 2026 году.

На канец кастрычніка ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіліся 886 палітычных зьняволеных, уключаючы 111 жанчын; колькасьць людзей, прызнаных палітвязьнямі з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, складае 4 860 чалавек, уключаючы 914 жанчын, — паведаміла «Вясна».

Праваабаронцы прызналі, што ўлады цяпер хаваюць інфармацыю пра палітзьняволеных:

«За апошнія паўтара года ўлады схавалі інфармацыю пра каля 670 асуджаных па палітычных матывах — гэта каля 27% ад іх ліку. Выпадкі прысудаў і імёны часткі асуджаных сталі вядомыя намаганьнямі праваабаронцаў, а сам факт выцякае з параўнаньня дадзеных, агучаных генэральным пракурорам Беларусі і пералікам асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці, куды павінны ўносіцца імёны ўсіх асуджаных па палітычных матывах за зьдзяйсьненьне так званых злачынстваў экстрэмісцкага характару», — заяўляе «Вясна».

Зь сярэдзіны верасьня ўлады Беларусі хаваюць зьвесткі аб унясеньні асуджаных па палітычных матывах у пералік асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму, і аб прызнаньні груп грамадзян экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Так улады маскуюць рэальны ўзровень рэпрэсій, кажуць праваабаронцы.

172 палітвязьня знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», цяпер як найменей 172 палітвязьня знаходзяцца ў асабліва ўразьлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост ці абставіны зьняволеньня.

«Гэты паказчык застаецца стабільна высокім, нягледзячы на асаблівую ўвагу да гэтай сытуацыі і пэрыядычныя вызваленьні людзей з гэтай групы ў парадку памілаваньня і пасьля заканчэньня тэрміну пазбаўленьня волі», — піша «Вясна».

За кастрычнік 2026 году праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 43 чалавекі. Пра перасьлед 13 палітычных зьняволеных праваабаронцы даведаліся толькі пасьля іх вызваленьня з-за кратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 3 лістапада: каталіцкага сьвятара Парахневіча асудзілі на тры гады зьняволеньня

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 5 лістапада 2026 году прызнаў палітвязьнямі 884 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 927.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Выключаюць з жыцьця». Праваабаронцы БХК прааналізавалі, як цяпер у Беларусі змагаюцца з іншадумствам