ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі супраць беларускай фірмы за закупкі зброі для Ірана. Што вядома пра кампанію

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША

Санкцыі супраць кампаніі Armory Alliance і яе кіраўніка зьвязаныя з закупкамі ПЗРК для Ірана.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўводзіць санкцыі супраць камэрацыйнай арганізацыі, заснаванай у Менску, і фізычных асоб, якія ўдзельнічалі ў дзеяньнях, накіраваных на дапамогу іранскаму рэжыму ў набыцьці пераносных зэнітна-ракетных комплексаў (ПЗРК).

Пад санкцыі трапіла кампанія «Армары Альянс» (Armory Alliance) — «арганізацыя, якая базуецца ў Беларусі», паведамляе Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

«Гэтыя захады зьяўляюцца працягам пасьлядоўнай кампаніі ЗША супраць сетак, празь якія ажыцьцяўляюцца вайсковыя закупкі для Ірана, у тым ліку ПЗРК... У сукупнасьці гэтыя крокі перакрываюць дадатковыя каналы, якія Тэгеран выкарыстоўвае для аднаўленьня свайго арсэналу, а таксама павялічваюць рызыкі для пасярэднікаў і пастаўшчыкоў з трэціх краін».

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША спасылаецца на эмбарга ААН на пастаўкі зброі Ірану, якое было адноўленае ў верасьні 2025 году. Гэтыя абмежаваньні забараняюць дзяржавам-удзельнікам ААН пастаўляць падобныя віды ўзбраеньня Ірану.

«Злучаныя Штаты працягнуць выкрываць сеткі, якія забясьпечваюць зброяй узброеныя сілы Ірана і Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, а таксама будуць і надалей пазбаўляць рэжым рэсурсаў, неабходных для яго дэстабілізуючай дзейнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Арганізацыя выступала ў ролі пасярэдніка паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам, а таксама ўдзельнічала ў арганізацыі закупкі сотняў ПЗРК», — паведамілі амэрыканскія ўлады.

Пад санкцыі патрапіла першая асоба кампаніі Armory Alliance — Махамэд Алі Талібаў (Mohammed Ali Tolibov), які «спрыяў намаганьням гэтай арганізацыі па набыцьці зброі ў інтарэсах Ірана».

Таксама санкцыі ўведзеныя супраць кампаніі зь Нігерыі і Алішэра Дамуладжанава, які «знаходзіцца ў Расеі і ўдзельнічаў у дзеяньнях, накіраваных на садзейнічаньне набыцьцю ПЗРК для Ірана».

Наступствы ўвядзеньня санкцый — уся маёмасьць і маёмасныя інтарэсы гэтых асоб, якія знаходзяцца ў Злучаных Штатах альбо ва ўладаньні ці пад кантролем асоб ЗША, падлягаюць блякаваньню. Любыя апэрацыі, зьвязаная з актывамі гэтых людзей, забароненыя ў ЗША.

Што вядома пра кампанію

Кампанія Armory Alliance LLC (ТАА «Армары Альянс») была зарэгістраваная ў кастрычніку 2021 году ў Менску, дзе мае свой юрыдычны адрас.

Паводле зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру Беларусі, асноўным відам дзейнасьці кампаніі заяўлены «аптовы гандаль іншымі машынамі і абсталяваньнем, ня ўключанымі ў іншыя групоўкі».

У траўні 2026 года Міністэрства фінансаў ЗША ўпершыню ўвяло санкцыі супраць Armory Alliance LLC за дапамогу «вайсковым структурам Ірану ў набыцьці зброі, а таксама матэрыялаў, якія прымяняюцца ў бесьпілётніках сэрыі „Шахед“ і праграме балістычных ракет».

Паводле Мінфіну ЗША грамадзянін Беларусі Махамэд Алі Талібаў зьяўляецца галоўным выканаўчым дырэктарам Armory Alliance і даўнім пасярэднікам па закупках узбраеньняў для Ірана ў Беларусі.

Сайт кампаніі не працуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША абвясьцілі пра санкцыі супраць зарэгістраванай у Беларусі кампаніі і яе супрацоўніка за спробы закупіць зброю для Ірану