Sw@da x Niczos запісалі песьню-пахавальны танец з хорам «Kasary»

На канцэрце Sw@da x Niczos

Былыя ўдзельнікі польскага адбору на «Эўравізію» працягваюць супрацу зь іншымі калектывамі, якія сьпяваюць па-беларуску.

Песьня з назовам «У брам» — творчы водгук артыстаў на сьмерць дзеда Нікі Юрчук (Niczos). Песьня ўвойдзе ў новы альбом і стане адной з навінак, якую музыкі зграюць на лістападаўскіх канцэртах. Нягледзячы на журботную тэму, кампазыцыя, як і іншыя творы дуэту, мае выразны танцавальны характар, адзначае прэс-служба калектыву.

Sw@da x Niczos (Віктар Шчыгель і Ніка Юрчук) выпусьцілі ў супрацы зь беларускім мужчынскім хорам Kasary з Варшавы.

«Мы па-добраму ўражаныя супрацай з „Касарамі“, у тым ліку тым, што яна была цалкам некамэрцыйнай зь іхнага боку. Гэта быў такі прыгожы жэст падтрымкі ад іх як ад землякоў. Мы ўвогуле моцна ўражаныя тым, як беларусы нас любяць і падтрымліваюць — і слухачы, і творцы. І я кажу зараз не пра мясцовых жыхароў Падляшша ці Беласточчыны, а тых, хто прыехаў у Польшчу зь Беларусі ў апошнія гады. Гэта нейкая магія сустрэчы блізкіх душаў, і яна дае неймаверныя вынікі», — гаворыць Sw@da.

Сумнай нагодай для стварэньня кампазыцыі стала сьмерць дзеда Нікі Юрчук — жыхара Падляшша, дзе Ніка ўпершыню пазнаёмілася зь беларускай народнай песьняй, сьпявала ў гурце беларусаў Падляшша «Жэмерва» і вучылася ў беларускім ліцэі.

«Дзед Васіль меў на мяне вялікі ўплыў у дзяцінстве. Ён навучыў мяне захапленьню навакольным сьветам, любові да Бога і бацькаўшчыны. Яго адыход моцна мяне ўзрушыў, і з гэтага ўзрушэньня, з уяўленьня, як ён стаіць перад апошняй сваёй брамай, паўстала песьня», — сказала Ніка Юрчук.

Песьню прымеркавалі да дня памяці продкаў — Дзядоў. Таксама музыкі патлумачылі, чаму гэта танец.

«У старажытнасьці людзі танцавалі ня толькі зь вясёлых нагодаў. Танец быў абрадам, які таямнічым чынам злучаў нашых продкаў, вызваляў ад страхаў, надаваў моцы. У адной з праваслаўных цэркваў — а нам як жыхарам Беласточчыны блізкая гэтая рэлігійная традыцыя — танцы і па сёньня выкарыстоўваюцца ў час багаслужбаў. Мы хочам, каб жалобу, смутны настрой можна было пратанцаваць і вытанцаваць такім чынам свае эмоцыі», — тлумачыць Sw@da.

Ідэя супольнага танцу, які распрыгоньвае, ляжыць таксама ў аснове новага альбому «РЫТм» і аднайменнага гастрольнага туру ў яго падтрымку. І альбом, і канцэрты — вынік працяглай супрацы з рознымі беларускімі творцамі.

Хто такія Sw@da x Niczos?

Вядомы дуэт з Падляшша, што ў Польшчы, які сьпявае па-беларуску і на падляскай гаворцы. Першую славу гурт здабыў пасьля публікацыі відэа на песьню Chadžu ja. Яна адразу атрымала вялікі водгук у аўдыторыі, перш за ўсё беларускамоўнай.

У лютым 2025 году Sw@da & Niczos удзельнічалі ў польскім нацыянальным адборы на «Эўравізію». Тады дуэт заняў 2-е месца ў глядацкай галасаванцы, саступіўшы вядомай польскай поп-сьпявачцы Юстыне Стэчкоўскай.

Салістка гурту Ніка Юрчук паходзіць зь Бельску Падляскага, што за 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Называе сябе «тутэйшай». У школе вучыла беларускую мову. Гаворку вывучыла ў фальклёрным калектыве падляскіх беларусаў «Жэмэрва», дзе сьпявала, грала, танцавала зь дзяцінства. Зь ім шмат разоў езьдзіла ў Беларусь — на Палесьсе, у фальклёрныя экспэдыцыі і на выступы. Ніка грае таксама ў беларуска-польскім традыцыйным калектыве «Гайда Банда».

Дзяўчына піша тэксты для дуэту Sw@da & Niczos, дзе зьмешвае розныя падляскія гаворкі і літаратурную беларускую мову. Дуэт супрацоўнічае зь беларускімі артыстамі, здымае разам зь імі кліпы. Многія строі для дуэту, у тым ліку для яго выступу ў польскім фінале Эўравізіі, стварыла рамесьніца родам зь Беларусі Вольга Этыка. Сьпявачка ня раз адзначала, што дуэт адчувае вялікую падтрымку фанаў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Музычны дуэт з Падляшша Sw@da & Niczos атрымаў польскую ўзнагароду Paszporty Polityki