Чэхія аднавіла выдачу шэнгенскіх візаў беларусам. Сталі вядомыя дэталі

Прага, ілюстрацыйнае фота

Пасольства Чэхіі ў Беларусі паведаміла, што з 10 лістапада пачынае прымаць дакумэнты ад грамадзян Беларусі на шэнгенскую візу для наведваньня сваякоў — грамадзян Чэхіі ці Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства ў краіне або доўгатэрміновую візу.

Як сказана ў афіцыйным паведамленьні, заявы змогуць падаваць беларусы для наведваньня толькі сваіх дзяцей, унукаў, бацькоў, бабуляў і дзядоў. Сёстры, браты, цёткі, дзядзькі, стрыечныя сёстры і браты ў гэты пералік не ўваходзяць.

Беларусы могуць з 10 лістапада накіроўваць заявы на электронны адрас Minsk.Visa@mzv.gov.cz. У лісьце маюць быць зьвесткі пра тых, хто падае заяву на візу і хто запрашае, мэта візыту, кантакты, нумар пашпарту, а таксама копіі дакумэнтаў — пашпарту, запрашэньня, пасьведчаньня аб нараджэньні ці аб шлюбе, разводзе, зьмене прозьвішча, а для сваякоў у Чэхіі — копія старонкі пашпарту, на якой асоба, якая запрашае, павінна пазначыць дату і даць пісьмовую згоду на выкарыстаньне гэтай копіі.

Родзічы грамадзян Беларусі павінны падаць копіі доўгатэрміновай візы або дазволу на жыхарства, а таксама старонкі пашпарту з фатаздымкам.

Што папярэднічала

Урад Чэхіі на паседжаньні 5 кастрычніка пастанавіў дазволіць некаторым грамадзянам Беларусі рабіць запрашэньні для сваіх родных для атрыманьня кароткатэрміновых чэскіх візаў.

Дэталяў пастановы тады не публікавалі. Прапанова тычылася беларусаў, якія маюць грамадзянства Чэхіі або доўгатэрміновы дазвол на жыхарства. На паседжаньні ўраду не было пярэчаньняў супраць гэтай прапановы.

Чэскі ўрад абмежаваў магчымасьці беларусаў атрымліваць чэскія візы пасьля расейскага маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, калі Расея скарыстала для нападу тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі.

Зьмякчэньня візавых абмежаваньняў для беларусаў ужо доўгі час дамагаліся беларускія арганізацыі Чэхіі, у тым ліку Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, супольнасьць беларускіх студэнтаў у Чэхіі і суполка «Беларуская салідарнасьць» у горадзе Брне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чэскі ўрад пашырыў магчымасьць атрымаць візы для некаторых беларусаў