Міністэрства культуры скасавала праекты ахоўных зонаў у гістарычным цэнтры Наваградку

У гістарычным цэнтры Наваградку

Пастанова ўладаў непасрэдна закранае помнікі культуры ў старадаўняй сталіцы.

У Наваградку перастаюць дзейнічаць праекты зонаў аховы некаторых частак гораду, у тым ліку Наваградзкага замка, гары Міндоўга, Фарнага касьцёла і Барысаглебскай царквы, заўважыў Telegram-канал «Спадчына».

Пастанову № 116, пра якую вядзецца размова, падпісаў прызначаны сёлета міністрам культуры Марат Маркаў, больш вядомы як прапагадыст і кіраўнік тэлеканалу АНТ.

Ад 21 кастрычніка 2026 году прызнаюцца нядзейнымі адразу пяць папярэдніх пастаноў, прынятых у 2009–2021 гадах. У Наваградку перастане дзейнічаць праект ахоўных зонаў для будынкаў па вул. Менскай, 1 і 5; былых гандлёвых радоў на вул. Менскай, 3.

Таксама новая пастанова скасавала комплексны праект ахоўных зонаў гістарычнага цэнтру гораду, які рэгуляваў рэжымы ўтрыманьня і забудовы вакол 44 гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Сярод іх:

  • Руіны Наваградзкага замка;
  • Гара Міндоўга;
  • Фарны касьцёл;
  • Барысаглебская царква;
  • Касьцёл Сьвятога Арханёла Міхала;
  • Курган Адама Міцкевіча.

На канале заўважылі, што Міністэрства культуры ўжо не ўпершыню скасоўвае папярэднія дакумэнты, аднак новых ахоўных праектаў замест іх не публікуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта не ажыўленьне, а муміфікацыя». Што ня так з рэканструкцыяй Наваградзкага замку

Што зьмянілася раней?

Як адзначыў тэлеграм-канал «Спадчына», Міністэрства культуры раней без прапановы ў адказ скасавала праект зонаў аховы палацава-паркавага ансамблю Сапегаў - Патоцкіх у Высокім, дзе пасярод гістарычнага парку задумалі зрабіць новы басэйн. Затым паводле такой жа схемы скасавалі зоны аховы форта «Граф Берг» і царквы ў Гершонах у Берасьці, а таксама будынкаў па вуліцы Валадарскага, 2, 4, 6 у Менску».

Пры гэтым апошні раз новыя праекты ахоўных зонаў на Нацыянальным прававым партале публікавалі 10 красавіка 2026 году. За наступныя сем месяцаў — ніводнага дакумэнту з праектам прапанаваных на замену зонаў.

Летась Міністэрства культуры зьменшыла ахоўныя зоны каля Мірскага замка. Пры гэтым у пераліку будынкаў распрацоўнікі зь «Берасьцерэстаўрацыяпраекту» назвалі былы паліцэйскі пастарунак фальваркам, а царкву Георгія — пастарункам. Фальварак увогуле зьнік са сьпісу.

Раней у лістападзе стала вядома пра тое, што ўлады спынілі фундаваньне аднаўленьня Гальшанскага замку. Былы кіраўнік рэстаўрацыйнага праекту ў Гальшанах Ігар Раханскі не паведаміў прычынаў, чаму гэтак адбылося. На ягоную думку, улады задаволіла тое, што замак ужо ўвялі ў карыстаньне як турыстычны аб'ект, а далейшыя работы ў замку засталіся без падтрымкі зь бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сынагогі, штэтлы, сямейныя гісторыі. Віртуальны музэй вяртае гісторыю беларускіх габрэяў