У сеціве запрацаваў «Віртуальны габрэйскі музэй Беларусі», які дазваляе падарожнічаць па колішніх штэтлах, пабачыць страчаныя і захаваныя сынагогі, пазнаёміцца з архіўнымі дакумэнтамі і сямейнымі гісторыямі. Стваральнікі праекту з Цэнтру беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны імкнуцца аднавіць і захаваць супольны даробак двух народаў.
«Наш музэй — бязь сьцен. Мы робім бачным тое, што застаецца схаваным, страчаным ці малавядомым», — распавяла ў сваім Фэйсбуку кіраўніца музэя Мая Кацнэльсон.
Паводле яе, праект мусіць зьвязваць фрагмэнты агульнай габрэйска-беларускай гісторыі, якія сёньня раскіданыя па архівах, музэях, прыватных калекцыях і сямейных успамінах.
Выставачная прастора — вітрына віртуальнага музэя, як і кожнага звычайнага. Цікавых адрасоў для віртуальных падарожжаў па мясьцінах агульнай гісторыі шмат, мяркуе Мая Кацнэльсон і нагадвае, што на працягу стагоддзяў Беларусь была домам для сотняў штэтлаў («мястэчак» на ідыш. — РС), дзе габрэі складалі значную частку насельніцтва. Гэтак было да часоў Галакосту.
Сынагогі зьніклыя і захаваныя
«У штэтлах побач жылі габрэі, беларусы, палякі, літоўцы, расейцы, татары і ромы. Гэта стварала ўнікальны культурны ляндшафт. Мы паспрабуем яго хаця б віртуальна аднавіць, нагадаць тое, што нас зьвязвае», — тлумачыць наведнікам Мая Кацнэльсон і прапануе клікнуць на першы візуальны тур — у штэтл Волпа.
У гэтым мястэчку пад Ваўкавыскам яшчэ ў 1939 годзе стаяла ўнікальная сынагога — помнік драўлянай архітэктуры 18-га стагодзьдзя, які загінуў у агні падчас Другой сусьветнай вайны. Вакол Вялікай Волпаўскай сынагогі калісьці віравала мясцовае жыцьцё, пра што сьведчаць фатаздымкі і ўспаміны, сабраныя на плятформе музэя.
З Волпы наведнікі могуць збочыць у беларускі райцэнтар Ашмяны, бліжэй да літоўскай мяжы. Мястэчка добра разьвівалася дзякуючы блізкасьці Вільні, у ім жыла вялікая габрэйская грамада, якая ў канцы 19-га стагодзьдзя сабрала грошы на пабудову каменнай сынагогі. Яе будынак захаваўся, але сапраўднай рэстаўрацыі і аднаўленьня дагэтуль не зазнаў.
Дзякуючы віртуальнаму туру «Халодную сынагогу» у Ашмянах можна пабачыць знутры і параўнаць цяперашні выгляд яе інтэр’ераў з тым, што было сто гадоў таму. Параўнаньне не на карысьць сучаснасьці, яно ставіць пытаньне пра адказнасьць за габрэйскую спадчыну ў Беларусі.
У найбліжэйшых плянах музэя — наладзіць падобныя віртуальныя туры па габрэйскіх мясьцінах у Слоніме, Быхаве ды іншых гарадах і мястэчках Беларусі, паведаміла Мая Кацнэльсон і падкрэсьліла, што экскурсіі па штэтлах — не адзіная тэма, вартыя ўвагі й іншыя.
Таксама, паводле кіраўніцы музэя, яго экспанаты будуць існаваць ня толькі ў віртуальным музэі, але і ў рэальных музэйных прасторах. Напрыклад, рэканструкцыя Волпаўскай сынагогі ўжо прадстаўленая ў парыскім музэі мастацтва і гісторыі юдаізму, які стаў партнэрам гэтага праекту.
Лічбавая калекцыя і «культурны хаб»
Другую частку «Віртуальнага габрэйскага музэя Беларусі» складае лічбавая калекцыя матэрыялаў з розных музэяў сьвету і прыватных архіваў пра больш як 100 гістарычных аб’ектаў.
«Але гэтая калекцыя аб’ядноўвае ня толькі матэрыялы музэяў і архіваў. Тут і асабістыя прадметы, дакумэнты і сямейныя гісторыі, якімі дзеляцца людзі з нашымі валянтэрамі. Удзел людзей — важная частка самой канцэпцыі калекцыі», — распавяла Мая Кацнэльсон.
Трэцяя частка музэя, паводле Маі Кацнэльсон, гэта «культурны хаб» — збор твораў мастацтва, у тым ліку музычных, якія цікавыя як агульная культурная спадчына абодвух народаў.
«І гэта ня проста збор твораў мастацтва, а таксама кірунак, прысьвечаны сучаснаму пераасэнсаваньню спадчыны і яе ўключэньню ў актуальнае культурнае жыцьцё. Каб нараджаліся новыя праекты і формы інтэрпрэтацыі спадчыны», — падзялілася мэтамі Мая Кацнэльсон.
Адзін з аб’ектаў «культурнага хабу» у складзе музэя — музычны праект Yiddish Veršes, складзены з песьняў сучасных беларускіх музыкаў на вершы габрэйскіх ідышамоўных паэтаў беларускага паходжаньня.
Хто працуе над праектам музэя?
Распрацоўкай лічбавых прадуктаў для праекту займаецца куратар праекту Рыгор Хейфец разам камандай спэцыялістаў. Акрамя таго, кожны асобны праект — VR-рэканструкцыі, музычны альбом ды іншыя — ствараецца ўласнай камандай з адмыслоўцаў і партнэрскіх арганізацый.
Зьбіраць матэрыялы для лічбавай калекцыі музэя дапамагаюць валянтэры, сярод якіх шмат студэнтаў.
«Яны з дапамогай акадэмічнай каманды знаходзяць і апытваюць людзей, здабываюць цікавыя дакумэнты і сьведчаньні. Гэтак утварылася вельмі дружная супольнасьць захопленых сваёй справай людзей», — распавяла пра калектыў музэю Мая Кацнэльсон.
Форум