«Праца спадара Коўла працягнецца». Амэрыканіст і дарадца Ціханоўскай — пра вынікі выбараў у Кангрэс ЗША для Беларусі

Ілюстрацыйны каляж

Дэмакратычная партыя здабыла дадатковыя месцы на выбарах у Кангрэс ЗША. Чакаецца, што дэмакраты будуць мець кантроль і над Палатай прадстаўнікоў, і над Сэнатам. Раней у абедзьвюх палатах Кангрэсу мела большасьць Рэспубліканская партыя цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Як вынікі выбараў могуць паўплываць на перамовы ЗША ў уладамі Беларусі аб вызваленьні палітвязьняў і ці можна казаць, што пад пагрозай апынулася зацьвярджэньне Кангрэсам Джона Коўла на пасаду спэцспрадстаўніка ў пытаньнях закладнікаў?

Вынікі амэрыканскіх выбараў для праграмы «ПіК Свабоды» пракамэнтавалі амэрыканіст Антон Пянькоўскі і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях Дзяніс Кучынскі.

Антон Пянькоўскі: «Варта чакаць яшчэ большых затрымак»

Антон Пянькоўскі

— Тое, што дэмакраты атрымалі абедзьве палаты Кангрэсу, будзе адзначаць яшчэ большую палярызацыю амэрыканскага палітычнага істэблішмэнту, і новы віток ужо досыць працяглай бойкі паміж рэспубліканскімі і дэмакратамі. Дэмакраты ў Кангрэсе маюць галоўны і хіба што адзіны інструмэнт уплыву на зьнешнюю палітыку — гэта блякаваньне тых ці іншых рашэньняў адносна бюджэту або намінацый урадоўцаў.

Што тычыцца перамоўнага трэку па Беларусі і прызначэньня спадара Коўла, зараз вельмі цяжка сказаць. З аднаго боку можна ўявіць, што дэмакраты сябе адчуюць дастаткова моцнымі, каб блякаваць літаральна ўсе прапановы і рашэньні адміністрацыі, Белага дому. З другога боку, спадар Коўл прадэманстраваў сябе як досыць эфэктыўны ўрадоўца, і яго каманда працавала з высокай эфэктыўнасьцю ў беларускім пытаньні. Таму ў параўнаньні зь іншымі намінантамі і урадоўцамі з каманды Трампа, да ягонай кандыдатуры на новую пасаду, хутчэй за ўсё, можа быць найменшая колькасьць пытаньняў.

Галоўнае, чаго мы можам чакаць, гэта яшчэ большых затрымак. Бо, зь вялікай імавернасьцю, усе рашэньні ў амэрыканскай палітыцы будуць зараз тануць у бясконцых спрэчках, вэта, расьсьледаваньнях і слуханьнях, што яшчэ больш запаволіць амэрыканскую ўнутраную і зьнешнюю палітыку.

Дзяніс Кучынскі: «Падтрымка трэку па вызваленьні палітвязьняў двухпартыйная»

Дзяніс Кучынскі

— Думаю, што зьмены пасьля перамогі дэмакратаў на выбарах у Кангрэс ЗША фундамэнтальна не паўплываюць на вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Бо падтрымка гэтага трэку па вызваленьні сапраўды двухпартыйная — і рэспубліканцы, і дэмакраты гэта падтрымліваюць.

Мы таксама знаходзімся і знаходзіліся ў кантакце і з Рэспубліканскай партыяй, і з Дэмакратычнай. Думаю, што мы можам чакаць больш слуханьняў, у тым ліку ў пытаньні беларускіх палітвязьняў у наступным годзе.

Мы ўжо пачалі працу, каб уздымаць гэтае пытаньне таксама з новым Кангрэсам. Тут важна, што ў нас ёсьць і працуюць кокусы — групы за дэмакратычную Беларусь у абедзьвюх палатах. Важна, што ў ніжняй палаце большасьць сяброў гэтага кокусу перабраліся, засталіся. У тым ліку, вядомы кангрэсмэн Крыс Сьміт, аўтар акту аб дэмакратыі зь Беларусі.

Таксама будзем шукаць новых лідэраў у Сэнаце. Вядома ж, вялікая страта — спадарыня Шахін і спадар Дурбін, дэмакраты, якія шмат гадоў падтрымлівалі Беларусь, але якія цяпер ужо не перабіраліся.

Таму будзем шукаць новых лідэраў і спрабаваць у тым ліку праз новаабраны кангрэс яшчэ больш увагі скіраваць на тэму і Беларусі, і палітвязьняў.

Я думаю, што праца спадара Коўла — цяжкая, але вельмі важная — гэтая праца працягнецца, і мы будзем спадзявацца, што яна зможа ў хуткім часе прынесьці прыемныя і важныя навіны аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў.

***

Прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа вядуць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў ад 2025 году. Цяперашні спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Беларусі Джон Коўл неаднаразова наведваў Менск для такіх перамоваў – апошні такі візыт адбыўся ў верасьні, калі былі вызваленыя і вывезеныя за межы Беларусі 25 палітвязьняў. Дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады ў выніку гэтых перамоваў, але ня ўсе зь іх палітвязьні. Наўзамен на вызваленьне палітвязьняў Злучаныя Штаты зьмякчылі некаторыя санкцыі супраць Беларусі.

28 верасьня Трамп вылучыў Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ў справах закладнікаў у рангу амбасадара. Ягоную кандыдатуру мае зацьвердзіць Сэнат ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэмакраты перамагаюць на выбарах у Кангрэс ЗША. Трамп заявіў аб гатоўнасьці зь імі супрацоўнічаць