Як сказана ў паведамленьні асацыяцыі, у гадавым вымярэньні аўтамабільны рынак дэманструе высокі рост — у параўнаньні з кастрычнікам 2025 году аб’ём продажаў павялічыўся на 49%.
«Кастрычнік стаў знакавым месяцам для рынку новых аўтамабіляў. Сукупныя продажы BelGee і Geely перавысілі рубеж у 45 тысяч аўтамабіляў, што складае больш за 60% рынку. Dongfeng захоўвае „зборкі“ [колькасьць сабраных аўтамабіляў. — РС] на ўзроўні больш за 800 аўтамабіляў у месяц. Haval таксама дэманструе рост», — адзначаецца ў камэнтары асацыяцыі.
Сытуацыя на рынку электрамабіляў
Продажы новых электрамабіляў ненашмат перавысілі ўзровень верасьня — прадалі прыблізна 3,4 тысячы машын, што на 0,8% больш, чым у мінулым месяцы.
У той жа час у асацыяцыі канстатавалі зьніжэньне імпарту электрамабіляў на 21% у выніку заканчэньня квотаў на іх бязмытны ўвоз.
У кастрычніку сукупны імпарт электрамабіляў юрыдычнымі і фізычнымі асобамі склаў прыблізна 2,5 тысячы машын. Прыблізна дзьве траціны гэтага аб’ёму прыпадае на юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Уладальнікі электрамабіляў налета будуць плаціць падатакЧаму ў Беларусі павольна расьце колькасьць электрамабіляў?
У пашырэньні электрамабіляў Беларусь адстае ад эўрапейскіх краін, бо мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў.
Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.
У суседняй Польшчы 102,4 тысячы электрамабіляў, што ў пераліку на колькасьць насельніцтва супастаўна зь Беларусьсю. Але станцыяў сілкаваньня ў Польшчы значна больш — 11 173. Польшча дасягнула ўзроўню Бэльгіі — 9 электрамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску да 2030 году будзе звыш 5 тысяч зарадак для электрамабіляўШто гэта значыць?
Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў.
Але шэраг беларускіх эканамістаў, як дзяржаўных, гэтак і незалежных, падзяляюць думку, што Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў з бэнзінавымі рухавікамі і зьніжае агульную патрэбу беларускіх кіроўцаў у расейскім паліве.
Эўразійская міжурадавая рада, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў. Гэта наступствы вялікага ўплыву Расеі й яе галоўнай ролі ў арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У новым раёне знайшоў месца толькі за паўкілямэтра ад дому». Што ў Менску з парковачнымі месцамі і як можна вырашыць праблемуШто папярэднічала
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе многія эўрапейскія аўтабрэнды пакінулі Беларусь. Зь ліпеня 2024 году ЭЗ увёў шэраг абмежаваньняў на вываз у Беларусь аўтамабіляў з сваёй тэрыторыі. Забараняецца экспарт з ЭЗ ў Беларусь аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама электрамабіляў і гібрыдаў.