Хроніка перасьледу 4 лістапада: найстарэйшаму зь пяці затрыманых за камэнтары ў інтэрнэце 66 гадоў

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Пяць чалавек затрымалі за адмоўныя камэнтары пра міліцыянтаў.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі паведамілі аб затрыманьні ў розных рэгіёнах краіны пяці грамадзян, якія «пакідалі нэгатыўныя камэнтары на адрас найвышэйшых адказных асобаў, абразу міліцыянтаў, заклікалі да супрацьпраўных дзеяньняў і нанясеньня фізычнай ці маёмаснай шкоды».

Як вынікае з паведамленьня сілавікоў, затрыманым — ад 36 да 66 гадоў. Іх затрымалі ў выніку маніторынгу сацыяльных сетак.

«Яны прызналі віну і патлумачылі свае ўчынкі, у тым ліку, узьдзеяньнем алькаголю. У выніку праверак дзеяньням затрыманых дадуць праўную ацэнку», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былых палітвязьняў перасьледуюць за «ўхіленьне ад прэвэнтыўнага нагляду», у тым ліку тых, каго вывезьлі за мяжу

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 4 лістапада 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 930.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лепш, чым проста сядзець і чакаць чарговага вызваленьня». Экспэрты абмеркавалі, што рабіць з новай хваляй рэпрэсіяў