«Сучасныя тэндэнцыі разьвіцьця сродкаў узброенай барацьбы паказваюць актыўнае ўкараненьне бакамі, што супрацьстаяць ва Ўкраіне, новых тэхналёгіяў, якія дазваляюць весьці бескантактныя баявыя дзеяньні з выкарыстаньнем розных інавацыяў як для вядзеньня выведкі, нанясеньня агнявога ўдару, так і ў інтарэсах перамяшчэньня людзкіх матэрыяльных рэсурсаў», — сказаў Віктар Хрэнін, адкрываючы вучэньні.
Паводле яго, каманднаму складу прадэманструюць бесьпілётнікі, якія цяпер ёсьць на ўзбраеньні.
«Сярод іх ёсьць ня толькі заводзкія варыянты, але і так званыя аўтарскія распрацоўкі, створаныя рукамі саміх вайскоўцаў», — сказаў Хрэнін.
Міністар дадаў, што ў межах збораў каманднаму складу «дадуць рэкамэндацыі аб вырашэньні найбольш складаных задач у падрыхтоўцы войскаў».
Зборы будуць праходзіць у два этапы. Спачатку ўдзельнікі вывучаць парадак «арганізацыі і правядзеньня баявога зладжваньня ў актуальных і складаных пытаньнях з улікам аналізу досьведу сучасных узброеных канфліктаў».
На другім этапе, як адзначаецца ў Telegram-канале Міністэрства абароны Беларусі, афіцэрам выкладуць «асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця вайскова-палітычнай абстаноўкі, што складваецца вакол Рэспублікі Беларусь, аналіз стану сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў краіне і асаблівасьці выкарыстаньня войскаў (сілаў) у апэрацыях з улікам досьведу сучасных узброеных канфліктаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску заявілі аб інфармацыйна-псыхалягічным узьдзеяньні Ўкраіны на беларускіх грамадзян і вайскоўцаўЧаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер залучаныя шмат беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. Пры гэтым падчас абстрэлаў пачасьціліся залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.