Канада не дазволіць хакеістам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у моладзевым чэмпіянаце сьвету

Зборная Беларусі па хакеі на трэнаваньні. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Канады Марк Карні заявіў, што хакейныя моладзевыя зборныя зь Беларусі і Расеі ня змогуць удзельнічаць у чэмпіянаце сьвету, што будзе праходзіць у наступным месяцы ў канадзкай правінцыі Альберта.

«Пакуль Расея і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну ва Ўкраіне — пакуль гэта працягваецца, — ніводны спартоўца з гэтых краін ня будзе выступаць у Канадзе», — працытавала Марка Карні агенцтва Reuters.

«Таму, калі вы пытаецеся канкрэтна пра моладзевы чэмпіянат сьвету, то расейцаў там ня будзе», — заявіў канадзкі прэм’ер падчас тэлевізійнай прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту ў Антыгуа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Швэцыя разглядае магчымасьць візавых абмежаваньняў для расейскіх і беларускіх спартоўцаў

Што папярэднічала

Спартовы арбітражны суд на мінулым тыдні дазволіў расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах, што праводзяцца пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Канада, якая зьяўляецца адным з асноўных міжнародных хаўрусьнікаў Украіны ў вайне супраць Расеі, асудзіла гэтае рашэньне.

Трэцяга лістапада нацыянальныя фэдэрацыі хакею Нарвэгіі, Даніі, Швэцыі і Чэхіі заявілі, што адмовяцца гуляць супраць Расеі на мужчынскім чэмпіянаце сьвету па хакеі, які ў наступным годзе будзе праходзіць у Нямеччыне.

Моладзевы чэмпіянат сьвету ў Канадзе адбудзецца сёлета з канца сьнежня да пачатку студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскія памежнікі адправілі дадому каманду беларускіх каратыстаў за нямэтавае выкарыстаньне візаў

Чаму гэта важна

Сёлета ў ліпені Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) ухваліла рашэньне і надалей не дапускаць зборныя Беларусі і Расеі да ўдзелу ў турнірах, у тым ліку ў мужчынскім чэмпіянаце сьвету 2027 году і моладзевым чэмпіянаце сьвету 2027 году.

Расея гэтае рашэньне пасьпяхова абскардзіла ў арбітражы.

Для Беларусі гэтае абмежаваньне пакуль дзейнічае і яно азначае, што беларуская зборная ня будзе ўдзельнічаць у падзеях IIHF у сэзоне 2026–2027 гадоў, у тым ліку ў чэмпіянаце сьвету сярод мужчын, чэмпіянаце сьвету сярод юніёраў і чэмпіянаце сьвету сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў.

Беларусь таксама засталася за бортам хакейных турніраў, хоць IIHF раней выказвалася аб плянах рэінтэграваць краіну ў некаторыя спаборніцтвы ніжэйшага ўзроўню, у тым ліку ў спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў і чэмпіянат сьвету сярод жанчын у IV дывізіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацыянальную хакейную зборную Беларусі так і не вярнулі ў міжнародныя спаборніцтвы. Затое палёгку атрымалі юнакі