Пашыньян: Армэнія можа падаць заяўку ў Эўразьвяз у наступным годзе

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян

Армэнія можа афіцыйна падаць заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз у 2027 ці 2028 годзе, заявіў прэм’ер-міністар краіны Нікол Пашыньян, якога цытуе Euronews.

Пашыньян назваў уступленьне ў ЭЗ стратэгічным выбарам для абароны дэмакратыі. Ён адзначыў, што армянам трэба будзе выбраць паміж Брусэлем і эўразійскім блёкам Расеі.

Падача Армэніяй афіцыйнай заяўкі на ўступленьне ў ЭЗ у 2027 ці 2028 годзе зьяўляецца «рэалістычнай», заявіў Пашыньян на саміце па пашырэньні ЭЗ, арганізаваным Euronews у Брусэлі.

Пашыньян дадаў, што сяброўства ў ЭЗ зьяўляецца стратэгічным выбарам, каб абараніць дэмакратыю Армэніі пасьля рэвалюцыі 2018 году, у выніку якой былі адхіленыя ад улады прарасейскія палітыкі.

«Для нашага народу дэмакратыя не зьяўляецца пытаньнем абставін. Гэта стратэгічны выбар, — сказаў ён. — Эўрапейскі зьвяз быў адным з асноўных партнэраў Рэспублікі Армэнія ў рэалізацыі парадку дня дэмакратычных рэформ».

Адказваючы на пытаньне аб пагрозах з боку былога прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзведзева, які заяўляў, што Армэнія можа стаць наступнай Украінай, Пашыньян адхіліў такое параўнаньне і падкрэсьліў, што ягоны прыярытэт — гэта абарона незалежнасьці краіны.

«Нашая мэта, гэта ўзьняцца на новы ўзровень, разьвіваць нашую незалежнасьць. І гэта легітымная мэта. Ніхто ня можа прынізіць імкненьне Армэніі быць больш незалежнай, больш інтэграванай краінай», — цытуе Пашыньяна Euronews.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін цісьне, каб Армэнія вызначылася з замежнапалітычнымі прыярытэтамі