Паводле сьледзтва «кіраўнікі замежных кампаній „Bayer“ і АТ „БАЙЕР“, пры дапамозе іншых асобаў, са студзеня 2020 году па сакавік 2026 году, арганізавалі і ажыцьцяўлялі прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі пастаяннага прадстаўніцтва названага таварыства па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі сродкаў аграхімічнай аховы расьлін і фармацэўтыкі, што зьяўлялася прамым парушэньнем дзейнага заканадаўства».
«Для прыкрыцьця супрацьпраўнай дзейнасьці яны стварылі ТАА „Байер ВР“ і шэраг прадстаўніцтваў замежных кампаній. Фігуранты праігнаравалі той факт, што атрыманыя грашовыя сродкі падлягаюць падаткаабкладаньню і ўхіліліся ад выплаты падаткаў на агульную суму больш за 50 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, у пэрыяд злачыннай дзейнасьці зь беларускіх рахункаў групе кампаніяў „Bayer“ пералічана больш за 1,35 мільярда рублёў».
СК паведамляе пра затрыманьне 10 чалавек, сярод якіх грамадзяне Беларусі і Расеі. 7 фігурантаў справы ўзялі пад варту.
«Фігуранты супрацоўнічаюць са сьледзтвам, даюць прызнальныя паказаньні, у тым ліку ў адносінах да кіраўніцтва замежнай кампаніі», — гаворыцца ў заяве СК.
Bayer AG — хімічная і фармацэўтычная кампанія, заснаваная ў Нямеччыне ў 1863 годзе. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Левэркузэне. Асьпірын — першапачаткова брэнд Bayer — прынёс кампаніі шырокую вядомасьць.