Белы дом анансаваў сустрэчу Мэланіі Трамп з прадстаўнікамі Расеі і Ўкраіны ў Вашынгтоне

Першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп, архіўнае фота

Першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп 5 лістапада выступіць зь прамовай аб спыненьні агню ў Алешках і правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі Расеі і Ўкраіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Белага дому.

«Спадарыня Трамп самастойна ініцыявала дыялёг паміж дзьвюма краінамі, якія ваююць і пасьпяхова дабілася спыненьня агню ў Алешках і прылеглай Херсонскай вобласьці. Гэтае дасягненьне ёсьць беспрэцэдэнтнай дыпляматычнай ініцыятывай з боку першай лэдзі ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ні расейскі, ні ўкраінскі бакі пакуль не камэнтавалі паведамленьне Белага дому. Хто менавіта будзе прадстаўляць Маскву і Кіеў на сустрэчы ў Вашынгтоне, не паведамляецца.

Рэжым спыненьня агню ў Алешках набыў моц 27 кастрычніка і скончыўся ўвечары 1 лістапада. Паводле Мэланіі Трамп, удалося вывезьці каля 800 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэральны штаб Украіны: Расея за час рэжыму цішыні ў Алешках умацавала свае пазыцыі і правяла ратацыю войска

Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні маштабнага ўварваньня ў 2022 годзе. Горад месьціцца на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж украінскай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.

Украінская і расейская дэлегацыі прыбылі ў Алешкі 30 кастрычніка, у горад даставілі гуманітарную дапамогу, і ў той жа дзень калёна аўтобусаў вывезла з Алёшак тых, хто хацеў пакінуць горад.

Эвакуаваныя мірныя жыхары прыехалі на неакупаваную тэрыторыю Ўкраіны ў суботу, 31 кастрычніка — спачатку іх павезьлі ў расейскую Анапу, адтуль самалётамі ў Беларусь, потым аўтобусамі на ўкраінскую тэрыторыю. Частка жыхароў гораду выказала жаданьне паехаць у Расею. Іх перавезьлі ў пункты часовага разьмяшчэньня ў анэксаваным Крыме і ў Краснадарскім краі Расеі.

Першы момант сустрэчы, сьлёзы радасьці і палёгкі. Як ва Ўкраіне сустракалі вывезеных з акупаваных Алешак грамадзян