Пра гэта сказаў нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, адказваючы на пытаньне «Люстэрка».
Былы палітвязень і актывіст незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут, які выйшаў на волю ў красавіку гэтага году падчас абмену паміж Менскам і Варшавай, у верасьні пабываў у Беларусі, дзе сустрэўся з сям’ёй і актывістамі сваёй арганізацыі. А напрыканцы кастрычніка ён заявіў, што хутка плянуе вярнуцца ў краіну на пастаяннае пражываньне.
«Люстэрка» спытала ў ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, экс-палітвязьня, кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ці хацеў бы ён дабіцца для сябе такой жа магчымасьці — дамовіцца аб вяртаньні ў Беларусь ці хаця б аб паездцы туды.
«Досьвед Пачобута ўнікальны, таму што за ім зараз стаіць цэлая дзяржава. Эканамічныя, палітычныя адносіны з Польшчай завязаны на Андрэі. І ён, вядома, на сваім лёсе адчувае гэтыя адносіны. Сёньня яны нармальныя, а заўтра, калі будуць горшыя, што зь ім будзе?»
Бяляцкі лічыць, што Пачобут вядзе тут небясьпечную гульню.
«Ты гуляеш з непрадказальным бокам, з непрадказальнай сыстэмай, якая лічыць цябе расходным матэрыялам», — лічыць Алесь Бяляцкі.
Для сябе асабіста і для іншых беларускіх праваабаронцаў нобэлеўскі ляўрэат магчымасьці вяртаньня ў краіну ня бачыць.
«Любая актыўнасьць перасьледуецца, і калі ты будзеш пасьлядоўна займаць там нейкую пазыцыю, гэта небясьпечна, і ўсё гэта скончыцца вельмі дрэнна. Узбуджаюцца крымінальныя справы супраць актывістаў, якія ўвесь час жывуць за мяжой. Некалькі тысяч такіх спраў было ўзбуджана за гэтыя гады. У жніўні была ўзбуджаная крымінальная справа супраць мяне», — адзначае Бяляцкі.
Пра новую крымінальную справу супраць Бяляцкага стала вядома ў жніўні, калі дадзеныя нобэлеўскага ляўрэата зьявіліся ў базе вышуку МУС Расеі. У красавіку зьявілася інфармацыя пра тое, што ягоны беларускі пашпарт ануляваны.
«Маё вяртаньне — сапраўды ў турму. Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў. Таму зараз будзе больш эфэктыўна, калі я пажыву недзе за межамі Беларусі. Але я ўпэўнены, што прыйдзе час, і, як толькі будзе такая магчымасьць, я туды вярнуся», — падкрэсьліў Бяляцкі.
Раней у кастрычніку, апавядаючы пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Бяляцкі падкрэсьліў:
«Няма ніякіх падставаў казаць пра адлігу».
Бяляцкі пералічыў крытэры, выпрацаваныя беларускімі праваабарончымі арганізацыямі для ацэнкі сытуацыі:
- вызваленьне палітзьняволеных;
- магчымасьць для беларускіх грамадзян, якіх выслалі і якія выехалі, бесьперашкодна вярнуцца ў Беларусь;
- спыненьне рэпрэсіяў і палітычна матываванага перасьледу ўва ўсіх формах;
- мараторый на рэпрэсіўнае заканадаўства.
«Нам мала вызваленьня палітычных зьняволеных, нам неабходная свабода», — падкрэсьліў Бяляцкі.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 3 лістапада 2026 году прызнаў палітвязьнямі 887 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 932.