Узнагароду яму ўручыў беларускі праваабаронца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Пасьля абвяшчэньня імя пераможцы прысутныя стоячы віталі яго доўгімі воплескамі. На цырымоніі таксама выступіла лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская.
Цырымонія адбылася 20 кастрычніка ў варшаўскім гатэлі Bellotto. Гэта ўжо трынаццатае ўручэньне «Залатых ляўраў Super Biznesu» — польскай прэміі, якую з 2014 году прысуджаюць за дасягненьні і ўнёсак у разьвіцьцё эканомікі й грамадзкага жыцьця Польшчы.
Прэмію заснавала рэдакцыя выданьня Super Biznes, якое ўваходзіць у мэдыягрупу Super Express. Сёлета ўзнагароды ўручалі ў васьмі намінацыях, сярод якіх «Бізнэс і інавацыі», «Амбасадар Польшчы», «Культура і бізнэс» і ўрэшце «Асоба году». Апошняя намінацыя завяршала цырымонію.
У 2023 годзе гэтую ж узнагароду атрымаў Алесь Бяляцкі, які на той момант знаходзіўся ў турме ў Беларусі. Прэмію ад ягонага імя тады прынялі праваабаронца Алена Лапцёнак і прадстаўнік беларускіх дэмакратычных сілаў Павал Латушка.
Пачобут: «Не адчуваю сябе героем»
Анджэй Пачобут правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Яго затрымалі ў сакавіку 2021 году, а ў лютым 2023-га асудзілі на восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На волю журналіст выйшаў 28 красавіка 2026 году ў выніку міжнароднага абмену зьняволенымі.
Атрымліваючы ўзнагароду, Пачобут падкрэсьліў, што ня лічыць сябе героем.
«Для мяне героі гэтай гісторыі — звычайныя людзі ў Беларусі, актывісты Саюзу палякаў у Беларусі», — сказаў ён.
Анджэй Пачобут расказаў пра сустрэчы з прадстаўнікамі польскай меншасьці ў Беларусі, якія працягвалі дзейнасьць, нягледзячы на перасьлед з боку ўладаў. Асабліва, паводле Пачобута, яго кранулі размовы з настаўніцамі польскай мовы. Журналіст нагадаў, што пасьля арыштаў кіраўніцтва Саюзу палякаў у 2021 годзе ў Беларусі пачалася кампанія ціску на арганізацыю. На допыты выклікалі выкладчыкаў польскай мовы і вучняў, у тым ліку дзяцей.
Настаўнікі ня ведалі, ці адважацца бацькі зноў прывесьці дзяцей на заняткі пасьля летніх вакацыяў. Аднак, паводле Пачобута, у верасьні да навучаньня вярнуліся больш за 90% вучняў.
Бяляцкі: «Лукашэнка — гэта не Беларусь»
Падчас цырымоніі выступіў Алесь Бяляцкі. Ён нагадаў, што тры гады таму сам стаў ляўрэатам «Залатога ляўра», аднак ня мог асабіста атрымаць узнагароду, бо быў ў зьняволеньні.
Паводле праваабаронцы, тая прэмія стала для яго важным сьведчаньнем таго, што ў Польшчы не забываюць пра беларускіх палітвязьняў. Яна таксама паказала беларусам, што палякі, якія самі прайшлі доўгі шлях да свабоды, разумеюць значэньне салідарнасьці.
Асобна Бяляцкі закрануў стаўленьне да беларусаў на фоне палітыкі ўладаў у Менску.
«Лукашэнка — гэта не Беларусь», — заявіў праваабаронца.
На думку Бяляцкага, палітыка Лукашэнкі скіраваная ня толькі на здушэньне грамадзянскіх свабодаў, але і на зьнішчэньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ён падкрэсьліў важнасьць супольнай абароны ад «рускага міру» права на родную мову і гістарычную памяць як для беларусаў, так і для прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў,
Бяляцкі таксама папярэдзіў пра пагрозы дэмакратыі ў сьвеце. Ён зьвярнуў увагу на пашырэньне дэзынфармацыі, зьніжэньне даверу да дэмакратычных інстытутаў і рост прывабнасьці аўтарытарных ідэяў.
«Страта свабоды рэдка пачынаецца драматычна. Яна рэдка пачынаецца зь лягеру ці турмы. Яна пачынаецца з слова», — адзначыў праваабаронца.
На яго думку, адной надзеі на зьмены недастаткова. Бяляцкі раскрытыкаваў спробы дамовіцца з дыктатарамі шляхам саступак, назваўшы такі падыход наіўным, а часам і небясьпечным. Ён заклікаў дэмакратычныя ўрады, бізнэс, журналістаў, унівэрсытэты і грамадзянскую супольнасьць аб’ядноўваць намаганьні дзеля абароны свабоды.
Асобна праваабаронца падкрэсьліў значэньне міжнароднага ціску на ўлады Беларусі. Паводле яго, дзякуючы намаганьням дэмакратычных краінаў, у тым ліку Польшчы, удалося дамагчыся вызваленьня некалькіх сотняў палітвязьняў, сярод якіх і Анджэй Пачобут. Аднак сотні іншых па-ранейшаму застаюцца за кратамі.
«Кожны зь іх трымаецца, як і ўвязьнены герой Адама Міцкевіча Конрад у „Дзядах“ — „Завуць мяне Мільён, бо я за мільёны цярпець катаванні мушу“. Яны мусяць быць пэўныя, што пакуты недарэмныя, што ўрэшце мільёны беларусаў выйдуць на вуліцы ўжо канчаткова свабоднай краіны», — сьцьвердзіў Бяляцкі і завершыў выступ словамі: «За нашу і вашу свабоду!»
Ціханоўская заклікала працягваць ціск на Лукашэнку
На цырымоніі таксама выступіла лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская. Яна падзякавала Польшчы за падтрымку беларускіх палітвязьняў і дапамогу беларусам, вымушаным пакінуць радзіму.
Ціханоўская ўзгадала, як тры гады таму запісвала відэазварот з нагоды ўручэньня «Залатога лаўра» Алесю Бяляцкаму, які тады быў у турме.
Яна адзначыла, што польскі досьвед барацьбы за дэмакратыю стаў прыкладам для беларусаў.
«Вы прайшлі свой шлях да свабоды. Цяпер мы ідзём сваім. І мы вельмі шмат у вас вучымся», — падкрэсьліла яна.
Ціханоўская нагадала, што пасьля пачатку масавых рэпрэсіяў у Беларусі менавіта Польшча і Літва адкрылі дзьверы для тысяч беларусаў, сярод якіх былі студэнты, журналісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі й прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў.
Пры гэтым, падкрэсьліла Ціханоўская, беларусы ня толькі атрымалі дапамогу ад Польшчы, але і самі робяць унёсак у яе разьвіцьцё. Яна згадала спартоўцаў Марыю Жодзік і Крысьціну Ціманоўскую, якія цяпер прадстаўляюць Польшчу на міжнародных спаборніцтвах, а таксама беларускіх прадпрымальнікаў, якія ствараюць працоўныя месцы і плацяць падаткі.
На думку Ціханоўскай, у будучыні дэмакратычная Беларусь і Польшча могуць стаць яшчэ бліжэйшымі партнэрамі ў бізнэсе, інавацыях, адукацыі і культуры.
Лідэрка дэмакратычных сілаў таксама заявіла пра пляны адкрыць офіс у Варшаве, які павінен стаць адным з палітычных цэнтраў свабоднай Беларусі. Яна адзначыла падтрымку гэтай ініцыятывы польскім кіраўніцтвам і выказала спадзяваньне, што, нягледзячы на ўнутрыпалітычныя рознагалосьсі, польскія палітыкі захаваюць адзінства ў пытаньні падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.
Ціханоўская таксама расказала пра нядаўнюю размову з былым прэзыдэнтам Польшчы Лехам Валэнсам. Паводле яе, на просьбу даць параду ён заклікаў працягваць працу, не здавацца і быць гатовымі да моманту, калі зьявіцца магчымасьць для пераменаў.
Яна падкрэсьліла неабходнасьць ужо цяпер рыхтаваць беларускія кадры, інстытуты і эканоміку да будучых зьменаў, паколькі новая магчымасьць можа адкрыцца нечакана.
Зьвяртаючыся да польскіх партнэраў, Ціханоўская заклікала захоўваць цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю: працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і адначасова падтрымліваць беларускі народ.
«Мы не павінны спыняцца, пакуль кожны палітычны вязень ня выйдзе на волю», — заявіла яна.
Асобна Ціханоўская заклікала не забываць пра польскую меншасьць у Беларусі, прадстаўнікі якой, нягледзячы на рэпрэсіі, працягваюць абараняць сваю ідэнтычнасьць, гісторыю, мову і культуру.
Яна таксама падкрэсьліла неабходнасьць далейшай падтрымкі Ўкраіны. Паводле Ціханоўскай, украінская перамога можа адкрыць новыя магчымасьці і для беларусаў, паколькі аслабіць Расею, а разам зь ёй і рэжым Лукашэнкі.
«Калі мы разам, усё магчыма», — гэтымі словамі Ціханоўская падсумавала свой выступ.
- «Залаты ляўр Super Biznesu» — штогадовая польская прэмія, якую з 2014 году прысуджаюць за дасягненьні і ўнёсак у разьвіцьцё эканомікі й грамадзкага жыцьця Польшчы.
- Прэмію ўручае журы, якое фармуе эканамічная эліта Польшчы.