Гарбунова патлумачыла, чаму падпісала ліст былых палітвязьняў, і заявіла, што ня хоча, каб Ціханоўская стала прэзыдэнткай Беларусі

Вольга Гарбунова, архіўнае фота

Вольга Гарбунова, якая больш за дваццаць гадоў займалася абаронай правоў жанчын, былая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, патлумачыла, чаму падпісала ліст былых палітвязьняў.

Сярод іншага Вольга Гарбунова напісала:

«Я падпісала ліст, бо палітвязьні не павінны быць закладнікамі палітычнай барацьбы за ўладу паміж беларускай апазыцыяй і ўладамі. Яны пазначылі людзей унутры турмаў. Адны — жоўтымі біркамі і сваім несправядлівым стаўленьнем. Іншыя — назваўшы нас героямі, ня зломленымі, гатовымі сядзець да канца, „ворагамі рэжыму“.

Я не гераіня, і я не хацела паміраць. Я хачу жыць. Я хачу, каб былі жывыя астатнія палітвязьні. Я хачу, каб яны выйшлі жывымі і здаровымі з турмаў і „хіміі“, з хатняй хіміі і з прымусовага псыхіятрычнага лячэньня. Няхай у сацсетках потым пішуць — „лабісты“, „агенты“, але няхай яны будуць жывыя, здаровыя, на волі».

Гарбунова сьцьвярджае, што падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці ўсёй душой, але асабіста ня хоча, каб цяперашняя апазыцыя ў выгнаньні прыйшла да рэальнай улады ў Беларусі, а Сьвятлана Ціханоўская стала прэзыдэнткай:

«Стаўленьне да людзей, да каштоўнасьці чалавечага жыцьця і да свабодаў стала вызначальным фактарам у маім расчараваньні ў беларускай апазыцыі. Цяпер я ведаю, што „хто заўгодна, толькі не ён“ — гэта навязаная ілюзія 2020 году і нашае дылетанцтва. Так што я — чужая сярод чужых, чужая сярод сваіх».

Паводле Гарбуновай, ліст палітвязьняў запусьціў новы віток дыскусіі, у якой абмяркоўваюцца два падыходы.

«Першы — чакаць ідэальнага сцэнару, „чорнага лебедзя“: Менск першым ідзе на выкананьне ўсіх патрабаваньняў, і тады зьніжаецца канфрантацыя, здымаюцца санкцыі, сьпікер КР садзіцца за круглы стол з уладамі, але да гэтага — „ні кроку назад“. Другі падыход — выкарыстоўваць дыпляматыю, санкцыі й іншыя саступкі як інструмэнт гуманітарных перамоваў».

Гарбунова нагадвае, што зь лета 2024 году вызваліліся 926 чалавек.

«Перамовы з ЗША, Украінай, Польшчай, Ватыканам і іншымі краінамі гэта пацьвярджаюць: можна дабівацца гуманітарных вынікаў нават у такія цёмныя часы. Усе маюць права на свае погляды, у тым ліку тыя, хто жадае далей чакаць ідэальнага геройскага сцэнару. Асабліва дзіка чытаць гэта ад людзей з Варшавы і Вільні: тут прынята быць героем на бясьпечнай адлегласьці».

Гарунова сьцьвярджае, што трэба ісьці шляхам дээскаляцыі, аднаўляць дыялёг і не адкладаць разьвязаньня тэрміновых праблемаў, не пакідаць людзей у небясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ліст палітвязьняў: ці ісьці на саступкі Лукашэнку? Тыдзень з Карбалевічам

Што папярэднічала

26 кастрычніка апублікаваны тэкст адкрытага ліста колішніх палітвязьняў да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

Пад зваротам падпісаліся генэральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадзкая актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.

Паводле аўтараў звароту, дыялёг «пра людзей і каштоўнасьці павінен весьціся разам зь беларускім грамадзтвам».

«Мы заклікаем ЭЗ слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досьвед пры выпрацоўцы рашэньняў. Мы не бяром на сябе ролю судзьдзяў у пытаньнях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаваньні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэньнем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэньні пра будучыню адносін зь Беларусьсю, і зрабіць вызваленьне людзей і спыненьне рэпрэсій прыярытэтам эўрапейскай палітыкі», — сказана ў звароце.

Аўтары звароту кажуць, што ён «адкрыты, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязьні».

Хто такая Вольга Гарбунова

  • Вольга Гарбунова была прадстаўніцай у сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту зь сьнежня 2022 па жнівень 2024 году. Сярод найважнейшых яе дасягненьняў — правядзеньне онлайн-маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно!» і запуск службы сацыяльнай дапамогі беларусам і беларускам «Адно вакно». З ініцыятывы прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы АПК на беларускую мову пераклалі дапаможнік у вызваленьні палітзьняволеных.

    Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўзнагародзіў Гарбунову Міжнароднай прэміяй «Адважныя жанчыны» — International Women of Courage (IWOC) Award — як праваабаронцу, «якая прысьвяціла сваё жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных групаў у Беларусі».
  • Вольга Гарбунова — заснавальніца прытулку для жанчын і іхных дзяцей, што пацярпелі ад хатняга гвалту, былая кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Радзіслава», зьліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе. Больш за 10 гадоў вучыла прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сыстэмы сацыяльнай абароны і аховы здароўя, псыхолягаў і настаўнікаў, як працаваць з ахвярамі хатняга гвалту, перадухіляць яго цяжкія наступствы. 20 гадоў дапамагае абараняць правы ўразьлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.

    Скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Псыхоляг паводле адукацыі. У траўні–чэрвені 2020 году ў Менску рыхтавала адкрыцьцё кавярні-клюбу «Норм», сацыяльна-культурнай прасторы з вэганскай кухняй і барам, дзе меліся працаваць дзяўчаты і жанчыны, што пацярпелі ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. Праз пандэмію праект пастанавілі закрыць.

    У лістападзе 2021 году Вольгу Гарбунову арыштавалі ў Менску за нібыта ўдзел у арганізацыі маршаў за правы жанчын у 2020 годзе. Улады ўключылі яе ў сьпіс «схільных да экстрэмізму і іншых дэструкцыйных дзеяньняў».
  • Пасьля вынясеньня прысуду — 3 гады «хатняй хіміі» — Вольга Гарбунова ўцякла зь Беларусі.
  • Вольга не хавае прыналежнасьці да ЛГБТ. Яна ляўрэатка міжнароднай праваабарончай прэміі Front Line Defenders «Праваабаронцы ў небясьпецы» за 2022 год.
  • Гарбунова — адна з гераіняў міжнароднага дакумэнтальнага фільму Woman, дзе сабраныя аповеды дзьвюх тысяч жанчын з 50 краін сьвету.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі