Расейскія войскі ўдарылі па школе ў Запароскай вобласьці — 18 чалавек загінулі

Пасьля ўдару па Камішувасе

Чарговая трагедыя здарылася ўва Ўкраіне. Расейскія вайскоўцы сваім ударам забралі амаль два дзясяткі жыцьцяў цывільных асобаў.

У пасёлку Камішуваха пад Запарожжам у выніку расейскага паветранага ўдару 2 лістапада авіяцыйныя бомбы пацэлілі ў школу, паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Міхаіл Семікін.

«Вораг нанёс мэтанакіраваныя ўдары па цэнтры вёскі як мінімум дзевяцьцю кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі ФАБ-3000. Загінулі васямнаццаць чалавек, у тым ліку супрацоўнік міліцыі і два ратаўнікі Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях. Пяцёра атрымалі раненьні. Яшчэ 27 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак», — напісаў Семікін у тэлеграме.

Паводле яго слоў, на месцы здарэньня працягваюцца пошукава-ратавальныя работы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі расказаў падрабязнасьці ўдару.

«З раніцы адбыліся некалькі авіяцыйных бомбавых удараў па вёсцы — па школе, якая выкарыстоўвалася для гуманітарных патрэбаў: там раздавалі гуманітарную дапамогу людзям. Пасьля першага авіяцыйнага бомбавага ўдару быў другі ўдар яшчэ зь дзевяцьцю бомбамі, і менавіта па сховішчы, дзе былі людзі. Расейцы не маглі ня ведаць, што кожны тыдзень мясцовыя жыхары, якія засталіся ў Камішувасе, атрымлівалі там гуманітарную дапамогу».

Паводле слоў Зяленскага, гэта чарговы доказ таго, што Расея «ня хоча ніякай дээскаляцыі, ніякай рэальнай справядлівасьці».

«Пасьля гуманітарнай апэрацыі ў Алешках быў момант, калі наступныя крокі маглі паказаць, што мір магчымы. Такімі забойствамі Расея падае зусім процілеглы сыгнал — Расея разьлічвае на далейшыя забойствы. Патрэбна рэакцыя на гэта, рэакцыя сьвету. Моцная і жорсткая», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Камішуваха раней ужо неаднойчы зазнавала авіяцыйных удараў расейскіх войскаў. У выніку баявых дзеяньняў частка жыхароў вымушана пакінула родныя дамы, а тыя, хто застаўся, залежаў ад гуманітарна дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Алешак вярнуліся ва Ўкраіну празь Беларусь. Рэжым цішыні закончыцца 1 лістапада


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэральны штаб Украіны: Расея за час рэжыму цішыні ў Алешках умацавала свае пазыцыі і правяла ратацыю войска


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.