— Якія асноўныя вынікі гэтага ўзлому і як «Кібэрпартызаны» зьбіраюцца гэта выкарыстоўваць?
— Асноўным вынікам зьяўляецца нават не здабытая інфармацыя (што, вядома ж, карысна), а парушэньне магчымасьцяў для кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі зьбіраць і аналізаваць інфармацыю і прымаць рашэньні па кіраваньні дзяржавай.
Фактычна, гэта стратэгічная кібэрапэрацыя, якая накіраваная на тое, каб максымальна зьнізіць эфэктыўнасьць кіраваньня дзяржавай і эканомікай.
Скрыншот, дасланы «Кібэрпартызанамі»
Калі казаць пра інфармацыю, то яе вельмі шмат, яна будзе аддавацца на аналіз незалежным журналістам. Памер архіву, які ўдалося спампаваць, каля 1500 тэрабайт.
Таксама важна, што апэрацыя зроблена ў супрацоўніцтве з украінскай групай. Гэта ня Служба бясьпекі Ўкраіны, гэта не ГУР, гэта не зьнешняя разьведка. Гэта таксама грамадзкае аб’яднаньне, украінскае. Было вельмі шчыльнае і пасьпяховае супрацоўніцтва ўжо другі раз, першы раз быў з «Аэрафлотам». І гэта, мне падаецца, мае палітычнае значэньне.
Гэта ўклад у паляпшэньне адносін паміж беларускім і ўкраінскім народамі — не рэжымамі, не палітычнымі структурамі, а менавіта паміж народамі. І таксама гэта паляпшэньне іміджу і ўспрыняцьця беларускага народу, перш за ўсё, ва Украіне.
Зьміцер Шчыгельскі
— Ці маглі б вы больш падрабязна расказаць, якога кшталту інфармацыю атрымалася здабыць? У заяве Silent Crow, у прыватнасьці, гаварылася пра статыстыку, зьвязаную з ваеннымі стратамі Расеі.
— Інфармацыі вельмі шмат, таму што гэта Расстат. Гэта інфармацыя перш за ўсё пра эканамічныя паказчыкі, ёсьць абсалютна ўсе дадзеныя па валавым унутраным прадукце. Там ёсьць інфармацыя па ўсіх кірунках эканамічнага эканамічнага і сацыяльнага жыцьця, дэмаграфіі, і ўсяго астатняга. Для аналізу спатрэбіцца яшчэ даволі доўгі час, бо «выкачалі» значна больш, чым пасьпелі прааналізаваць. Гэта звычайная праблема ўзломаў.
Раней гэтая праблема вырашалася пасьпяхова, калі мы ў 2022 і 2023 годзе давалі магчымасьць незалежным журналістам доступ з мараторыем на публікацыю інфармацыі, і яны вельмі якасна прааналізавалі гэтую інфармацыю.
І ў мяне была просьба непасрэдна ад «Кібэрпартызанаў» выказаць вялікую ўдзячнасьць Дзярждуме Расеі і «Роскомнадзору», якія прынялі заканадаўства, прымушаючы вярнуць усю статыстычную інфармацыю на сэрвэры, якія могуць быць толькі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Гэта значна палегчыла ўзлом і спрыяла посьпеху гэтай апэрацыі.
— Ці ёсьць нейкія рэчы, якімі ўжо можна падзяліцца, наконт тых жа стратаў расейскага войска?
— Я даў вам прыклад, як выглядае запіс пра [сьмерць Яўгена] Прыгожына. Там мы ня бачым імя, прозьвішча, імя па бацьку, але мы бачым зьвесткі, калі і дзе чалавек нарадзіўся, калі і дзе адбылася сьмерць і гэтак далей.
Скрыншот, дасланы «Кібэрпартызанамі»
З улікам таго, што база пашпартоў усіх грамадзян Расейскай Фэдэрацыі ёсьць у «Кібэрпартызанаў», можна супаставіць тыя дадзеныя, якія ёсьць у пасьведчаньні аб сьмерці з дадзенымі пашпартнай сыстэмы і вызначыць, якая менавіта асоба запісана.
Праблема ў тым, што гэта агромністы абʼём інфармацыі, якую мы толькі пачалі аналізаваць. Але я яшчэ раз падкрэсьлю, што асноўная мэта — гэта абцяжарыць аналіз і прыняцьце рашэньняў, у ідэале зрабіць іх немагчымымі для кіраваньня дзяржавай ва ўмовах агрэсіўнай вайны, якая якую вядзе Расейская Фэдэрацыя супраць Украіны.
— Учора прадстаўнікі Расстату прызналі факт узлому, але давалі камэнтары, што выцеку інфармацыі не было і што шкода мінімальная. На думку «Кібэрпартызанаў», наколькі гэта перашкодзіць іх працы і на які тэрмін?
— Перш за ўсё, частка дадзеных ня можа быць адноўлена ніяк. Гэтыя дадзеныя зьніклі незваротна. А доступ быў поўны да ўсіх баз дадзеных, да службовай перапіскі, да архіваў, абсалютна да ўсяго, да лякальных аддзяленьняў, у тым ліку на акупаваных тэрыторыях, у рэгіёнах і гэтак далей.
І што самае галоўнае, базы дадзеных парушаныя, істотная частка гэтых базаў цяпер выглядае як швайцарскі сыр — яны маюць велізарную колькасьць дзірак.
Мы можам сказаць упэўнена, што спэцыялістам у Расейскай Фэдэрацыі спатрэбіцца шмат месяцаў, каб узнавіць тое, што яны змогуць узнавіць. А значную частку яны ня змогуць аднавіць ніколі.
Варта памятаць, што вайна ня скончылася. Гэта вайна ня толькі супраць Украіны, гэта вайна супраць беларускай незалежнасьці, сувэрэнітэту. І калі мы дапамагаем Украіне, мы перш за ўсё дапамагаем сабе, каб вярнуць незалежнасьць, сувэрэнітэт і дэмакратыю ў Беларусі.
Пакуль Расея застаецца моцнай, у Беларусі ня будзе магчымасьці зваліць рэжым Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі — гэта наступства, а не прычына ўсіх праблем, якія мы маем цяпер. І таму яшчэ раз падкрэсьліваю, што ўзлом — гэта перш за ўсё разбурэньне базаў дадзеных для аналізу і прыняцьця рашэньняў урадам Расейскай Фэдэрацыі. Гэта асноўная мэта, а не толькі скрасьці дадзеныя.