BelPol выявіў удзел МЗКЦ у выкананьні 15 расейскіх абаронных замоваў, у тым ліку шасі для «Іскандэраў»

Менскі завод колавых цягачоў, архіўнае фота

Менскі завод колавых цягачоў знаходзіцца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады і Ўкраіны.

Пра ўдзел Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) у выкананьні 15 дзяржаўных абаронных замоваў для Тутаеўскага маторнага заводу (Яраслаўская вобласьць РФ) паведаміла 2 лістапада ініцыятыва BelPol з спасылкай на атрыманыя дакумэнты.

Паводле інфармацыі арганізацыі, зьвесткі пра гэтыя замовы, уключаючы нумары і даты заключэньня кантрактаў, ёсьць у лісьце з подпісам галоўнага канструктара беларускага прадпрыемства.

У іншым дакумэнце — лісьце згаданага расейскага заводу — гаворыцца пра вытворчасьць і пастаўкі менскім заводам рухавікоў для тэхнікі, якая выпускаецца на падставе дзяржаўных кантрактаў зь Міністэрствам абароны Расеі.

Згодна з пададзенымі зьвесткамі, асноўную частку паставак складаюць адмысловыя колавыя шасі МЗКЦ-7930 «Астролаг». Заяўлена, што гэтая плятформа выкарыстоўваецца і для разьмяшчэньня тэхнікі апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр».

У дакумэнтах таксама пазначаны седлавы цягач МЗКЦ-7415, прызначаны для перавязеньня на паўпрычэпах цяжкіх грузаў, уключаючы бранятэхніку.

Пры гэтым BelPol адзначае, што пералік магчымых ужываньняў шасі сам па сабе не дазваляе высьветліць камплектацыю кожнай пастаўленай машыны — для гэтага патрэбныя спэцыфікацыі адпаведных кантрактаў.

Ініцыятыва таксама зьвярнула ўвагу на справаздачу Тутаеўскага маторнага заводу за 2024 год. У ёй расейскае прадпрыемства паведаміла пра аднаўленьне тэхнікі, залучанай у «спэцыяльную ваенную апэрацыю» (так у РФ называюць разьвязаную ёю поўнамаштабную вайну супраць Украіны), і падтрыманьне запасу дэталяў для апэратыўных паставак.

Паводле ацэнкі BelPol, дакумэнты дазваляюць прасачыць вытворчы ланцужок, які зьвязвае расейскага вытворцу рухавікоў, беларускага вытворцу шасі і расейскае Міністэрства абароны, і сьведчаць пра ўключэньне МЗКЦ у сыстэму забесьпячэньня арміі Расеі.

Пра тое, што МЗКЦ працягвае супрацу з прадпрыемствамі расейскага вайскова-прамысловага комплексу, арганізацыя BelPol паведамляла таксама 5 кастрычніка. Тады выснову зрабілі на падставе атрыманых арганізацыяй дакумэнтаў, якія сьведчаць пра заключэньне кантракту паміж беларускім прадпрыемствам і маскоўскім АТ «Абарончыя сістэмы» на «пастаўку 20 шасі МЗКЦ-8021-021, а таксама па пяць шасі МЗКЦ-8022-021 і МЗКЦ-80211-021».

Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар 22 траўня на III Кангрэсе аб палітвязьнях у Беларусі заявіў, што «Эўрапейскі Зьвяз перастаў уводзіць санкцыйныя пакеты выключна стасоўна Беларусі».

«Пры гэтым беларуская прамысловасьць усё больш і больш уцягваецца ў вайну, — канстатаваў ён. — Мы часам не пасьпяваем хутка рэагаваць. Год таму быў уведзены пакет — там быў МЗКЦ. І толькі праз год быў уведзены санкцыйны пакет, санкцыйны кейс у дачыненьні да „ВОЛАТ-САНЦЗЯН“ — кампаніі, якая пастаўляе каробкі перадач для шасі МЗКЦ, якія рамантуюцца на акупаваных тэрыторыях, зь якіх страляюць па ўкраінскіх гарадах».

Санкцыі супраць МЗКЦ

МЗКЦ фігуруе ў 17-м пакеце санкцыяў супраць Расеі ў сувязі з агрэсіяй ва Украіне, які Рада ЭЗ зацьвердзіла 20 траўня 2025 году. У абгрунтаваньні гаварылася, што «беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства распрацоўвае вайсковую тэхніку для Ўзброеных сілаў РФ і падтрымлівае абараназдольнасьць Расеі».

«Толькі ў 2024 годзе агульны аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў вайсковай тэхнікі, у асноўным пастаўленых расейскім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у вайскова-прамысловы комплекс Расейскай Фэдэрацыі. У 2025 годзе прадпрыемства працягнула экспарт вайсковай тэхнікі ў Расейскую Фэдэрацыю», — адзначалася ў дакумэнце.

МЗКЦ спэцыялізуецца на вытворчасьці вялікагрузных колавых транспартных сродкаў высокай праходнасьці. Прадпрыемства ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ са сьнежня 2020 году, прынятымі за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Ад сьнежня 2020 году МЗКЦ знаходзіцца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі, ад лютага 2022-га — ЗША, ад сакавіка 2022-га — Канады, ад кастрычніка таго ж году — Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску заўважылі калёны вайсковых грузавікоў пад незвычайным брэндам. Разьбіраемся, што гэта можа быць