Пальчыс заявіў, што ён каардынаваў пратэсты 2020 году і пісаў пляны першых маршаў

Былы палітычны зьняволены Эдуард Пальчыс. 2026 год

Былы палітвязень Эдуард Пальчыс у сваім тэлеграм-канале расказаў, што быў галоўным каардынатарам чату «Хата».

Эдуард Пальчыс растлумачыў, за што канкрэтна яго пакаралі 13 гадамі турмы, прычым судзілі аднаго.

У паведамленьні ў сваім тэлеграм-канале Пальчыс камэнтуе фрагмэнт інтэрвію Рамана Пратасевіча дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ пра каардынацыю пратэстаў 2020 году.

«На відэа ў гэтым фрагмэнце Ромка расказвае праўду. Тое, чаго ён не сказаў у тэлевізары, але сказаў у маёй крымінальнай справе, — гэта тое, што я быў галоўным каардынатарам таго самага чата «XATA».

Плян сабрацца 9 жніўня каля Стэлы, пляны першых 8 маршаў, «Плян Перамогі» і практычна кожны вялікі тэкст, які вы чыталі ў NEXTA, «Беларусь головного мозга», МКБ і гэтак далей, — усё гэта было напісана мною або зыходзіла пераважна ад мяне. Як і шмат-шмат іншага. У тым ліку наземная каардынацыя маршаў у рэальным часе. Мы каардынавалі і плянавалі акцыі, знаходзячыся ў Менску».

Пальчыс прызнае, што, акрамя яго, велізарныя намаганьні прыкладалі іншыя ўдзельнікі чата.

Пальчыс паведаміў, што цяпер ён можа пра гэта адкрыта напісаць, бо 16 верасьня прадстаўнік ЗША Джон Коўл вывез зь Беларусі апошняга ўдзельніка гэтай групы — Яўгена Юшкевіча, былога сьледчага і ІТ-спэцыяліста.

«Пакуль ён быў там, я маўчаў. Як і падчас майго зьняволеньня маўчалі практычна ўсе, хто ведаў пра маю ролю».

Пальчыс абяцае і далей агучваць інфармацыю пра 2020 год.

Пратэсты ў Беларусі 2020 году

У 2020 годзе ў Беларусі прайшлі беспрэцэдэнтныя сваімі маштабамі грамадзкія выступленьні, якія перарасьлі ў палітычны крызіс і кампанію гвалту і рэпрэсіяў з боку ўлады.

Акцыі пратэсту пачаліся ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Пратэст выклікалі афіцыйныя вынікі галасаваньня, згодна зь якімі пераможцам быў абвешчаны Аляксандр Лукашэнка, што вялікая частка грамадзтва і незалежныя назіральнікі палічылі вынікам масавых фальсыфікацыяў.

На вуліцы гарадоў па ўсёй краіне выйшлі сотні тысяч людзей. Найбольш масавыя маршы (напрыклад, Марш Свабоды 16 жніўня) зьбіралі ў Менску сотні тысяч удзельнікаў.

Пратэсты працягваліся каля паўгоду, сілавікі затрымлівалі іх удзельнікаў тысячамі, некаторыя пратэстоўцы загінулі. Лукашэнку актыўна падтрымала Расея, ён застаўся пры ўладзе, выкарыстоўваючы гвалт сілавых структураў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму пратэсты ў Сэрбіі і Беларусі прывялі да розных вынікаў. Аналіз Карбалевіча