Першы тур выбараў адбыўся ў мінулыя выходныя, у ім удзельнічалі 27 кандыдатаў. Ётава, якая цяпер выконвае абавязкі прэзыдэнта, атрымала каля 35% галасоў ад тых, хто прыйшоў на выбары, былы намесьнік кіраўніка Нацыянальнага банку Гюраў — каля 32%. Яўка была рэкордна нізкай — усяго 23%.
Баўгарыя — парлямэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт Баўгарыі прадстаўляе краіну ў міжнародных адносінах і зьяўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброеных сіл. Прэзыдэнт таксама мае права вэта ў парлямэнце, аднак яго можна пераадолець большасьцю галасоў.
Афіцыйныя вынікі выбараў маюць стаць вядомыя ў панядзелак.
Як уплывае на выбары расейская вайна ва Ўкраіне
Як адзначае расейская служба BBC, у апошнія тыдні ў выніку атак дронаў каля берагоў Баўгарыі і Румыніі затанулі некалькі судоў, у выніку чаго загінулі або атрымалі раненьні дзясяткі маракоў.
У мінулы чацьвер прыкладна за 30 км ад баўгарскага ўзьбярэжжа быў пашкоджаны кантэйнэравоз, які перавозіў небясьпечныя грузы; пры гэтым улады Баўгарыі выказалі меркаваньне, што за двума атакамі на грузавыя судны паблізу ад яе вод у кастрычніку магла быць Расея.
Абое кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах асудзілі гэтыя атакі, але агулам іх рыторыка істотна адрозьніваецца.
Што кажа Ётава
62-гадовая Ётава часова заняла пасаду прэзыдэнта ў студзені гэтага году, а да гэтага яна была віцэ-прэзыдэнтам краіны. Яна прынесла прэзыдэнцкую прысягу пасьля адстаўкі Румэна Радэва, які сышоў з пасады, каб узяць удзел у парлямэнцкіх выбарах, і ў красавіку стаў прэм’ер-міністрам Баўгарыі.
Іліяна Ётава
Радэў займае больш прарасейскую пазыцыю, чым любы іншы баўгарскі прэмʼер-міністр апошніх гадоў. Ён ужо заявіў, што Сафія больш ня будзе пастаўляць зброю Ўкраіне. Ён таксама адмовіўся ўдзельнічаць у ініцыятыве NATO па барацьбе з дронамі і прыгразіў накласьці вэта на санкцыі супраць Расеі, сказаўшы, што «эпоха крыжовых паходаў скончылася».
Ётава, даўняя саюзьніца Радэва, падтрымлівае захаваньне членства Баўгарыі ў ЭЗ і NATO, але пазыцыянуе сябе як «прэзыдэнтка міру» і выступае за перамовы з Расеяй. Яна кажа, што «мір можа наступіць толькі праз перамовы».
«Уліваньне дадатковых сродкаў ва Ўкраіну, пастаўкі новай і больш дасканалай зброі прыводзяць толькі да яшчэ большага разбурэньня і гібелі многіх людзей з абодвух бакоў», — казала яна.
У заключнай фазе перадвыбарнай кампаніі Ётава заявіла, што Расею трэба вярнуць за стол перамоваў, а Баўгарыя павінна адыграць важную ролю ў якасьці «дыпляматычнага каналу».
«Усе павінны зьвяртацца да прэзыдэнта Пуціна», — цытуе яе словы расейская служба BBC.
Што кажа Гюраў
50-гадовы Андрэй Гюраў, былы намесьнік кіраўніка Баўгарскага нацыянальнага банку, рэзка крытыкуе зьнешнюю палітыку Радэва і рашуча падтрымлівае эўраатлянтычныя сувязі Баўгарыі.
Андрэй Гюраў
Пасьля першага туру Гюраў заявіў, што перад Баўгарыяй стаіць выбар «паміж дзьвюма асобамі, двума напрамкамі і двума спосабамі ажыцьцяўленьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
«Баўгарыя ня можа заставацца ў баку, калі ў Чорным моры расьце нестабільнасьць і напружанасьць; мы павінны цьвёрда стаяць на баку нашых саюзьнікаў, — цытуе Гюрава брытанскае выданьне Financial Times. — Нам трэба супрацоўнічаць і рыхтавацца да магчымай эскаляцыі».
Падчас тэледэбатаў перад другім турам Гюраў раскрытыкаваў Ётаву за тое, што яна наўпрост не абвінаваціла Расею ў нападах у Чорным моры.
«Расея павінна спыніць сваю агрэсію, каб можна было зрабіць далейшыя крокі. Давайце назавем краіну, адкуль ідуць пагрозы», — сказаў ён.
У інтэрвію Financial Times Гюраў таксама рэзка раскрытыкаваў «нерашучасьць» цяперашніх уладаў.
«У нас ужо некалькі месяцаў ёсьць інфармацыя аб гэтай эскаляцыі, але з боку ўраду не было зроблена ніякіх дзеяньняў. Нават Рада нацыянальнай бясьпекі не была склікана своечасова, а толькі пасьля другой хвалі нападаў, калі ў Чорным моры затанулі караблі і загінулі маракі».