Баўгарыя ўступіла ў Эўрапейскі зьвяз у 2007 годзе, аднак змагла далучыцца да эўразоны толькі праз 18 гадоў. Пры гэтым яшчэ ў 2013 годзе, ў чаканьні ўступленьня Баўгарыі, быў зьменены дызайн банкнотаў эўра — на іх зьявіліся надпісы кірыліцай.
Грамадзкая думка ў краіне адносна прыняцьця эўра застаецца далёкай ад адзінства. Паводле апытаньняў, супраць адзінай эўрапейскай валюты выступае каля паловы насельніцтва Баўгарыі. Праціўнікі ўступленьня ў эўразону найперш асьцерагаюцца магчымага росту цэнаў. Супраць выступала і прарасейская апазыцыя.
Баўгарыя ўступае ў эўразону на фоне палітычнага крызісу. У сьнежні, пасьля вулічных пратэстаў, было абвешчана пра адстаўку кааліцыйнага ўраду з удзелам папулістаў. У краіне адбудуцца датэрміновыя выбары.
Паводле «Transparency International», па ўзроўні карумпаванасьці Баўгарыя займае другое месца ў Эўрапейскім зьвязе, саступаючы толькі Вугоршчыне. І першае — у рэйтынгу найбяднейшых краін ЭЗ, паводле Эўрастату.
З красавіка 2021 да кастрычніка 2024 году ў Баўгарыі прайшло аж сем парлямэнцкіх выбараў.
Форум