Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў Пухавіцкім раёне ехаў аўтамабіль Ford без рэгістрацыйных знакаў, і калі супрацоўнікі ДАІ далі сыгнал спыніцца, кіроўца гэта праігнараваў.
Паводле МУС, кіроўца спрабаваў уцячы і не рэагаваў на далейшыя папярэджаньні, у тым ліку пра выкарыстаньне зброі. Пасьля гэтага інспэктар ДАІ зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах.
За рулём знаходзіўся 32-гадовы мясцовы жыхар «зь відавочнымі прыкметамі алькагольнага ап’яненьня, раней пазбаўлены права ўпраўленьня за аналягічнае правапарушэньне», — гаворыцца ў паведамленьні МУС. Ад праходжаньня агляду ён адмовіўся.
Мужчыну зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, яго чакае крымінальная адказнасьць за паўторнае на працягу году нецьвярозае кіраваньне. Ford зьмешчаны на ахоўную стаянку і падлягае канфіскацыі.